Гара́нтыя (БРС). Рус. гара́нтия (з Пятроўскай эпохі), укр. гара́нтія. Як і гарантаваць (гл.), запазычанне з франц. (garantie) або ням. (Garantie < франц.) мовы. Гл. Слаўскі, 1, 383; Фасмер, 1, 392; Шанскі, 1, Г, 27–28 (там і меркаванні аб магчымым польскім пасрэдніцтве); Рудніцкі, 802.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
руча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Запэўніваць у чым‑н., гарантаваць што‑н., прымаць на сябе адказнасць за каго‑, што‑н. — Я ручаюся, што Коля апраўдае высокае званне камсамольца... Корзун. — Ручаюся, праз тры гады .. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.
•••
Ручацца галавой за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забяспе́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Даць дастатковыя матэрыяльныя сродкі для жыцця. Забяспечыць сваю сям’ю. // чым. Даць чаго‑н. у дастатковай колькасці. Забяспечыць горад электраэнергіяй.
2. Стварыць неабходныя ўмовы для ажыццяўлення, здзяйснення чаго‑н.; гарантаваць што‑н. Забяспечыць мір ва ўсім свеце. Забяспечыць выкананне плана. □ Камсамольцы ішлі ў войска, захіналі Айчыну сабой, Каб і гораду, каб і вёскам забяспечыць Жыццё і спакой. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Руча́цца 1 ’запэўніваць, гарантаваць, прымаць на сябе адказнасць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), руча́ць ’запэўніваць у чым-небудзь, як бы даючы руку ў знак вернасці’ (Нас., Бяльк.), параўн. народны выраз гарантыі або праўдзівасці: даю руку на адсячэнне. Да рука (гл.), параўн. даручы́ць, заручы́цца і іншыя вытворныя, літаральна ’падаючы руку, пацвердзіць праўдзівасць (дамову, заданне і пад.)’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1251; Бязлай, 3, 189. Паводле іншай версіі (параўн. Глухак, 532), для паўднёваславянскага арэала рэканструюецца прасл. дыял. *ručati, запазычанае з прагерманскага *rōkjan ’забяспечыць, даставіць’ (> ст.-в.-ням. ruohhjan, ruochen ’тс’), што на фоне шматлікіх фактаў, якія тлумачаць першую версію, падаецца малаверагодным.
Руча́цца 2 ’вітацца за руку’ (Касп. Віц.). Гл. рукацца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)