Брызґу́ль ’палачка для вязкі снапоў’. Запазычана з літ. мовы. Параўн. літ. bruzgùlis ’дубінка’. Гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40; аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1, 60. Сюды ж брызгу́ль ’дзеравяны гаплік’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апалю́к ’ручка касы’ (ДАБМ), палю́к, палю́х, палец (ДАБМ, 831). Перанос назвы пальца (параўн. укр. дыял. палець ’зубец на шасцярні’) па знешняму падабенству ці паралельнае ўтварэнне (параўн. паля, укр. дыял. палюх ’слуп’). Магчыма, кантамінацыя з аплік, аплюкгаплік’ (не толькі ў вопратцы; форма аплюк садзейнічала выкарыстанню формы з пачатковым а‑), гаплюк ’гак да гною’ (Смул., 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétlja ’пятля’, серб.-харв. пе̏тљагаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗ ’пятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́тка ’пятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)