абле́злы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Той (такі), у каго (у якім) вылезла шэрсць, поўсць. Сухарлявы конь а аблезлай ад мулкага хамута шыяй ледзь мог цягнуць плуг. Каваль. // Які пачаў мяняць скуру. Аблезлы нос.

2. Які выліняў, змяніў колер, выцвіў. На.. [Шурку] была аблезлая блакітная саколка і падкасаныя вышэй калена няпэўнага колеру картовыя штаны. Васілевіч.

3. З абдзёртым верхнім слоем; аблуплены; выцерты. Аблезлы дом. □ Холадам веяла і жудасцю ад аблезлых высокіх сцен. Галавач. Тады [Яўхім] імчаўся ў гумно, дзе стаяла аблезлая малатарня, афарбаваная калісьці ў сіні колер. Чарнышэвіч.

4. перан. Непрыгожы, неахайны, плюгавы. У такія хвіліны Косцю хацелася схапіць гэтую аблезлую малпу [Іваноўскага] і задушыць уласнымі рукамі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каме́ль, камля; мн. камлі, ‑ёў; м.

1. Ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня. Сталі відаць спачатку верхавіны дрэў, потым уся крона, ствалы і так аж да камлёў. Шахавец. [Сасна] стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе быў так выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны. Шамякін. // Тоўсты канец бервяна. Змітрок бярэ прывезенае з лесу дрэва звычайна за камель, Ганна — за верхавіну. Кавалёў. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка. // Самае тоўстае бервяно, калода, адрэзаныя ад ствала дрэва. Толькі адна дарога і ведае, колькі было перавезена ў вёску стромкіх, гладкаствольных бярозак, цяжкіх дубовых камлёў. Асіпенка.

2. Перавязаны канец снапа, веніка і пад. Мацалі снапы, прабіваючы іхнія калючыя камлі і затыкаючы глыбока руку, каб знайсці, ці няма дзе мокрага ці гнілога. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)