вы́кашаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выкасіць.

2. у знач. прым. На якім скошана трава і пад. Выкашаная лапіна сенажаці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракасі́ць, -кашу́, -ко́сіш, -ко́сіць; -ко́шаны; зак., што.

1. Выкасіць вузкую паласу пасярод чаго-н.

П. дарожку.

2. Правесці які-н. час у касьбе.

Пракасілі да абеду.

|| незак. прако́шваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).

|| наз. прако́шванне, -я, н.

|| прым. прако́сны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

павыко́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Выкасіць усё або што‑н. у многіх месцах, усюды. Павыкошваць пустазелле на палетках. Павыкошваць усе лугі. □ [Рыхцер:] — Касавіца ў нас прайшла як трэба — нідзе травінкі не асталося, усюды павыкошвалі... Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы... прыстаўка.

Надае слову значэнне: 1) рух знутры, сярэдзіны чаго‑н., напрыклад: выбегчы, выехаць; 2) закончанасць або завершанасць дзеяння, напрыклад: выкасіць, вылавіць; 3) дасягненне чаго‑н. пры дапамозе дзеяння, напрыклад: выслужыць, выглядзець; 4) здабыванне, выманне з сярэдзіны часткі прадмета або аднаго прадмета з другога, напрыклад: вывінціць, выняць; 5) у спалучэнні з часціцай ‑ся (‑ца, ‑цца) перадае поўную вычарпанасць дзеяння, напрыклад: вылежацца, выспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасі́ць 1, скашу, скосіш, скосіць; зак.

1. што. Зрэзаць касой або касілкай (траву і пад.). Яго цікавіла, галоўным, чынам, усе, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву... Колас. І скасілі траву, і зграблі ўсцяж ракі. Кірэенка. // Выкасіць, абкасіць траву на якім‑н. участку. [Чалавек:] — Можа я [млынару] паплавец скашу, а грошай — дзе іх узяць? Чорны. У сенакос ранічкай скасілі Мар’янін шнурок. Пальчэўскі.

2. перан.; каго. Забіць, загубіць; падарваць здароўе, сілы. Сыноў у маці мілых Траіх вайна скасіла. Муж — яе вярнуўся ў дом... Буйло. Бацьку страта адзінага сына скасіла, састарыла адразу. Лось. [Яніпа:] Чаму ж мяне, маленькую, хвароба не скасіла якая? Для чаго ж мне жыць зараз? Козел.

скасі́ць 2, скашу, скосіш, скосіць; зак., што.

1. Зрабіць косым; скрывіць. Скасіць бугая хаты. / у безас. ужыв. Вокны ў гэтым пакоі скасіла.

2. Павярнуць убок (пра вочы). Жанчына недаверліва скасіла на Андрэя вочы. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)