Стары́к1 ‘старыца’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.). Да стары (гл.), тут ‘былое, старое рэчышча’; відаць, вынік семантычнага згортвання выразу *стары́ рукаў (ракі).

Стары́к2 ‘месяц на сходзе’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., Ян., Мат. Гом., Шатал.). Да стары (гл.), параўн. ве́тах ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вято́х ’апошняя квадра месяца’ (Байк. і Некр., Гар., Інстр. I, Карскі 2-3, Касп., КСП, КТС); ’месяц’ (Шатал.). Слова вядома на большай частцы беларускай тэрыторыі (за выключэннем поўдня). За межамі — рус. дыял. ветох ’тс’ (волх., смал., наўг., гарад., СРНГ); ’месяц’ (смал., СРНГ). Ад vetъxъ са зменай націску пасля субстантывацыі прыметніка (або ў выніку семантычнай кандэнсацыі канструкцыі vetъxъ měsenьcь). Гл. першаснае ветах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сход, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. сходзіць — сысці (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім сходзяць, спускаюцца; спуск. Стромы сход.

3. ‑у. Сумеснае пасяджэнне членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву для абмеркавання чаго‑н. Справаздачна-выбарчы сход. Камсамольскі сход. □ Адкрыты сход тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі адбываўся ў хаце-чытальні. Паслядовіч. Член сельсавета Купрэня Робіць па хатах абход: — Просьба з’явіцца ў праўленне — Сёння адбудзецца сход. Смагаровіч. // Члены якой‑н. арганізацыі, якія сабраліся для абмеркавання чаго‑н.; удзельнікі пасяджэння, збору. Сход слухаў дзеда Мікалая. Якімовіч. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых.

4. ‑у. У складзе назваў некаторых выбарных прадстаўнічых устаноў, арганізацыя. Нацыянальны сход. Устаноўчы сход. Заканадаўчы сход.

5. ‑у. Сустрэча якіх‑н. людзей, якога‑н. таварыства. Марына Паўлаўна прыйшла на апошні развітальны сход са сваімі выпускнікамі. Васілевіч. // Разм. іран. Нейкае зборышча каго‑н. На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. Крапіва. Надоечы ў бары На сход сабраліся звяры. Бачыла.

6. ‑у. Збор, скліканне каго‑н. з якой‑н. мэтай. Бандарэнка сходы кліча, Усім аб крыўдзе кажа. Купала.

7. ‑у. перан. Схіл, канец. Дзень, як ветах, на сход ідзе. Барадулін. Час ляціць. На сходзе лета. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)