Ве́рша ’прылада лавіць рыбу’ (БРС, Гарэц., Сцяшк. МГ); ’венцер’ (Мат. Гом.); ’рыбалоўная прылада з дубцоў або дроту (ніцей) з конусападобным уваходам’ (КТС, Крыв., Шатал.). Укр. ве́рша ’сплеценая з лазы рыбалоўная прылада, якая мае форму лейкі’, рус. ве́рша, арханг. верш, польск. wiersza, даўн. wirsza, в.-луж., н.-луж. wjerša, чэш. vrše ’тс’, славац. vrša, vrška ’прылада для лоўлі рыб, птушак’, славен. vrša, серб.-харв. вр̑ш, вр̑ша, вр̑шка, вр̑шва, балг. връша, макед. врша ’рыбалоўная прылада, верша’. Прасл. vьrža < vьrz‑ja ад vьrzti ’вязаць’ < *u̯erg̑ʼh‑si̯a (Покарны, 1154; Траўтман, 355; Махэк₂, 701), а не ад vьrša < vьrx‑ja, як сцвярджаюць Фасмер, 1, 302; Шанскі, 1, В, 70; КЭСРЯ, 57; Рудніцкі, 367, і не звязана са ст.-слав. врѣщи ’малаціць’ (Праабражэнскі, 1, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пка1 ‘смычковы музычны інструмент’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Рус. скри́пка, укр. скри́пка, польск. skrzypce ‘скрыпка, ліра’. Звязана з скрыпе́ць (гл.; Фасмер 3, 658; Борысь, 555). Інакш аб словаўтварэнні Шанскі (КЭСРЯ, 413): ад скрипа — варыянт ж. р. да скрип ‘выклічнік, што азначае скрыпенне’ з суф. ‑к(а). Варбат (Этимология–1981, 20) выводзіць ад *skripati ‘хутка рухацца’, што звязана з хуткімі рухамі смычка, параўн. ням. Geige ‘скрыпка’ і дыял. geigen ‘рухаць узад і ўперад, туды-сюды’.

Скры́пка2венцер, рыбалоўная прылада ў выглядзе конуса або рэшата для зімняй лоўлі’ (чач., Жыв. НС; кір., Нар. сл.; Браім, Рыбалоўства), бучы або крыпкі ‘пляцёныя або зробленыя з лучыны конусы, якія апускаюцца ў палонкі’ (Меер Крыч.). Відаць, ад скрыпка1 паводле знешняй формы; параўн., аднак, скрыпіца ‘кошык’ (гл.), што выяўляе сувязь з крыпаць ‘блытаць’ (гл.), г. зн. ‘плясці’, параўн. скрыпа́ны ‘неўпарадкаваны’ (ігн., Сл. ПЗБ), скрыпа́цца ‘зблытацца’ (там жа), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́га1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га2венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)