вздорный разг.

1. (нелепый, неверный — о деле, предмете) недарэ́чны, бязглу́зды, бяссэ́нсавы;

2. (о человеке) сварлі́вы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

чепухо́вый разг.

1. бяссэ́нсавы, пусты́;

чепухо́вый рома́н пусты́ рама́н;

2. (малый, пустячный) мізэ́рны, дро́бны;

чепухо́вая цара́пина мізэ́рная (дро́бная) дра́піна.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бессмы́сленный

1. (лишённый смысла) бяссэ́нсавы, бяссэ́нсны, бессэнсо́ўны; (абсурдный) недарэ́чны; (неразумный) неразу́мны;

2. (не соображающий) няўця́мны; (бездумный) бязду́мны; (неосмысленный) неасэнсава́ны; (глупый) бязглу́зды.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тупы́, -а́я, -о́е.

1. Недастаткова навостраны, такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад.

Т. нож.

Тупая піла.

2. Які не звужаецца або мала звужаецца ў канцы, з закругленым канцом.

Туфлі з тупымі насамі.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы.

Т. вучань.

Т. як абух.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы.

Тупое паслушэнства.

5. Невыразны, бяздумны, бяссэнсавы.

Т. погляд.

6. Не востры, не вельмі адчувальны; глухі (пра боль).

Т. боль.

7. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі).

Пачуўся т. трэск.

8. Пра вугал: большы за 90°.

|| наз. ту́пасць, -і, ж. (у 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недарэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Сказаны, зроблены неўпапад, не да месца, недарэчы. [Юрка] хмурыўся і з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія.. прыставалі з недарэчнымі роспытамі. Карпаў. Каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, [Аніс] узяў пад локці Макара і Есіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

2. Неразумны, бяссэнсавы. Недарэчныя думкі. Недарэчная балбатня. □ Прэч усе недарэчныя разважанні, усе крыўды і дробныя непаладкі! Рамановіч. Самы факт, калі смерць вырывае са строю чалавека, які не прайшоў і паловы таго, што мог прайсці, здаецца недарэчным і несправядлівым. Хадкевіч. // Які робіць падобныя ўчынкі. Недарэчныя людзі.

3. Няўклюдны, няскладны (знешне). Маленькі, недарэчны яфрэйтар Кугель, які ляжаў у шпіталі ў мінулым годзе, выхваляўся, што ўласнымі вачыма бачыў крамлёўскія вежы. Дудо. Прайшлі апошнія рады [вясковых хлопцаў] — самых нізкарослых, крыху недарэчных, у вялікіх, не па росту шынялях. Арабей.

4. Які не адпавядае сітуацыі, абставінам. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад., недастаткова навостраны; проціл. востры. Тупы нож. Тупая сякера. □ Рыдлёўкі былі тупыя, а зямля цвёрдая, як камень. Асіпенка. // Які размешчаны насупраць завостранага канца, вострага краю. Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Ад невясёлых думак .. [Данік] абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец. Брыль.

2. Які не звужаецца ці мала звужаецца, закруглены на канцы. Мае бацькі як бы ў аддзяку за поспехі ў навуках купілі мне шарсцяны касцюм, шаўковую сарочку і бліскучыя туфлі з тупымі насамі. Навуменка. Мокры пясок заскрыпеў пад тупым носам баркаса. Самуйлёнак. // Шырокі, круглы (пра галаву, морду і пад. жывёл). Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды. Бяганская. Галава ў сазана маленькая, тупая, з тоўстымі мясістымі губамі і маленькім ротам. Матрунёнак.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы (пра чалавека). Спачатку .. [Янка] стаў дарэктарам і два месяцы вучыў дзяцей на хутары ў нейкага шляхціца. Дзеці былі пераросткі і вельмі тупыя. С. Александровіч. [Андрэй:] — Што знайшла ў .. [Халусце] Алена? Дурны, тупы, як даўбешка. Чарнышэвіч. Няхай Баракаў бяздарны механік, тупы і абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні і дзеці ў інстытутах вучацца. Шамякін. // Які сведчыць пра разумовую абмежаванасць. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. // Неразвіты, слабы. Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Пазбаўлены разумнага зместу, значэння. Стаяў між ёю [Марынай] і Данілам Тупы закон, як плот глухі. Колас. [Якаў:] — Работа бясконцая, жыццё тупое, толькі што іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш. Чарнышэвіч. У .. [Курце] прабудзілася нешта жывое, чалавечае. Можа ўбачыў, што, акрамя аднастайнай і тупой лагернай службы, ёсць яшчэ на зямлі сапраўднае жыццё. Ракітны.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы (пра чалавека). І стаялі над трупам героя тупыя ад злосці Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў. Панчанка. // Які сведчыць пра атупенне, пазбаўлены разумнасці; бяссэнсавы. Тупы страх. Тупы смутак. □ З Андрэем Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць. Зарэцкі. // Які нічога не выказвае, бяссэнсавы (пра погляд, твар і пад.). Тупы позірк. □ [Марына Паўлаўна] праводзіла .. [Карызну] тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу. Зарэцкі.

5. Не востры, глухі; ныючы (пра боль). [Ліда] цяжка апусцілася на лаўку, і толькі цяпер, адчуўшы тупы боль у сэрцы, моцна прыціснула рукой тое месца на грудзях, дзе білася сэрца. Васілевіч. Тупы боль у плячах не даваў магчымасці прытуліцца да сцяны, і хлопец доўга сядзеў сагнуўшыся, потым лёг па жывот. Федасеенка.

6. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі). Вецер свістаў ля акна, і чуцен быў трэск галін бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну ў цемры. Пестрак. І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. Караткевіч.

•••

Тупы як абух — някемлівы, неразумны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)