Пабо́чына ’бакавіна, бок пры разбіранні тушы’ (Бяльк., Нар. лекс.), ’абочына’ (Сл. ПЗБ), паббчыны, паббцні ’драўляныя брускі на ручках воза’ (Дэмб. II, 417), паббцні ’ручкі ў вузгалоўі воза’ (Сл. ПЗБ). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад бок (гл.). Адпаведнікі ў іншых слав. мовах: рус. побо́чина ў розных значэннях, у тым ліку паўн. ’бакавіна ў саней, прадольны верхні брус, абшыўка калёс, доскі’, серб.-харв. побо́чина ’мяса паміж рэбрамі і бядром’, укр. побо́чина ’бакавая сцяна’ і г. д. Ц у пабоцні ў выніку цокання; адносна змешвання ц і ч у слаўгарадскіх гаворках, гл. Яшкін, Узаемадзеянне, 151 і наст. Параўн. яшчэ Філін (Происх., 261) аб наяўнасці цокання ў заходніх раёнах Бранскай вобласці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упо́перак, прысл. і прыназ.

1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.

2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.

•••

Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іглі́ца ’іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Янк. I, Янк. III), ’папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Янк. III, Мат. Маг., Інстр. I, Інстр. II, В. В., 107), ’брусок, што злучае брусы з зубамі ў баране, праходзячы праз іх’ (Бяльк.), ’планка (у табурэтцы, стале)’ (Сцяц.), ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сецей’ (Крыв., 167). Рус. дыял. и́гли́ца, церск., урал. ’ігла для шыцця’, церск., сарат., наўг., урал., перм., цюмен. ’ігла для вязання сецей’, кастр. ’доўгі завостраны драўляны цвік’, тамб. ’жэрдка ў загарадзі, поручнях і г. д.’, паўд. ’папярочныя брусы бараны’, дан., паўд., смал., урал., разан. ’папярочны брусок, якім змацоўваюцца дошкі’ і іншыя вельмі блізкія значэнні: укр. гли́ця ’драўляная ігла’, ’хвоя, шыпулькі хвойнага дрэва’, ’баляса, слуп у поручнях, загарадзі’, ’папярочная злучальная жэрдка’, ’кладка’ (Грынч.), польск. iglica ’ігла, вязальная спіца’, ’вастрыё, верхавіна, пік’, ’жалезны кол’, н.-луж. jeglica ’іголка’, чэш. jehlice ’іголка, шпілька’, ’спіца’, славац. ihlica ’ігла, шпілька’, ’спіца’, ’драўляны ці металічны прут для замацавання ярма на шыі жывёлы’, славен. iglica ’іголка’, ’жалезны шворан у возе’, ’прут, які змацоўвае часткі ярма’, серб.-харв. ѝглица ’іголка’, ’ступенька, перакладзіна’, балг. игли́ца ’іголка’. Ст.-рус. иглица ’драўляныя брускі, якія выкарыстоўваюць пры будаўніцтве памяшканняў’, ’пякучы валасок некаторых раслін’ (XVII ст.). Прасл. утварэнне з суф. ‑ica ад *jьgъla (гл. ігла). Трубачоў, Эт. сл., 8, 214–215. Семантычны зрух у напрамку ’змацавальная жэрдка, перакладзіна, палка’ → ’завостраная на канцы палка’ → ’іголка’ → ’лісце хвойных дрэў’ (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)