Баля́сы тачы́ць ’балагурыць і да т. п.’ (Нас., Шат.). Рус. точи́ть баля́сы, укр. точи́ти баля́си. У аснове фразеалагізма ляжыць баля́са ’драўляны вытачаны слупок’ (гл.). Тачы́ць бал́ясы < ’займацца непатрэбнай, ужо зробленай працай’. Гл. Фасмер, 1, 119; Шанскі, 1, Б, 29–30; Праабражэнскі, 1, 15; падрабязна Вінаградаў, РЯШ, 1941, 2, 18.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́сы тачы́ць ’марна траціць час у пустых размовах’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2, Касп.). Укр. ляси підпуска(ти) ’заляцацца’, рус. лясы точить (веять, разводить, подводить, сказывать, строить, строчить) ’марна траціць час у балбатні, пляткарыць’. Паводле пашырэння ў гаворках можна меркаваць аб запазычанні з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з польск. balasy ’балясы’ < італ. balaustroбаляса ў балюстрадзе’ (Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Фасмер, 2, 552). Параўн. рус. кастр. лясы‑балясы ’балбатня, леменда’, ярасл. лясы‑балясы точить ’пустасловіць’, ’жартаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іглі́ца ’іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Янк. I, Янк. III), ’папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Янк. III, Мат. Маг., Інстр. I, Інстр. II, В. В., 107), ’брусок, што злучае брусы з зубамі ў баране, праходзячы праз іх’ (Бяльк.), ’планка (у табурэтцы, стале)’ (Сцяц.), ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сецей’ (Крыв., 167). Рус. дыял. и́гли́ца, церск., урал. ’ігла для шыцця’, церск., сарат., наўг., урал., перм., цюмен. ’ігла для вязання сецей’, кастр. ’доўгі завостраны драўляны цвік’, тамб. ’жэрдка ў загарадзі, поручнях і г. д.’, паўд. ’папярочныя брусы бараны’, дан., паўд., смал., урал., разан. ’папярочны брусок, якім змацоўваюцца дошкі’ і іншыя вельмі блізкія значэнні: укр. гли́ця ’драўляная ігла’, ’хвоя, шыпулькі хвойнага дрэва’, ’баляса, слуп у поручнях, загарадзі’, ’папярочная злучальная жэрдка’, ’кладка’ (Грынч.), польск. iglica ’ігла, вязальная спіца’, ’вастрыё, верхавіна, пік’, ’жалезны кол’, н.-луж. jeglica ’іголка’, чэш. jehlice ’іголка, шпілька’, ’спіца’, славац. ihlica ’ігла, шпілька’, ’спіца’, ’драўляны ці металічны прут для замацавання ярма на шыі жывёлы’, славен. iglica ’іголка’, ’жалезны шворан у возе’, ’прут, які змацоўвае часткі ярма’, серб.-харв. ѝглица ’іголка’, ’ступенька, перакладзіна’, балг. игли́ца ’іголка’. Ст.-рус. иглица ’драўляныя брускі, якія выкарыстоўваюць пры будаўніцтве памяшканняў’, ’пякучы валасок некаторых раслін’ (XVII ст.). Прасл. утварэнне з суф. ‑ica ад *jьgъla (гл. ігла). Трубачоў, Эт. сл., 8, 214–215. Семантычны зрух у напрамку ’змацавальная жэрдка, перакладзіна, палка’ → ’завостраная на канцы палка’ → ’іголка’ → ’лісце хвойных дрэў’ (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)