Сціна́ць1 ’зразаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Сцяшк., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ). Гл. сцяць1, цінаць.

Сціна́ць2 ’абхапіўшы, сціскаць; перахопліваць (дыханне); ахопліваць (вокам); замарожваць, сцягваць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’сціскаць (горла)’ (Ян.), ’кідаць у дрыжыкі’ (ТС), сціна́цца ’сціскацца, закрывацца (пра рот)’ (Барад.), ’замярзаць, зацягвацца лядком’ (Бяльк., Варл., ЛА, 2), ’тс’ і ’зябнуць, уздрыгваць’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сціну́ць, сцену́ць ’ахапіць (холадам, вокам і пад.)’ (ТС), сцінка́цца ’сціскацца, згінацца’ (Сл. ПЗБ), сценя́ціцца, сціня́ціцца ’схапіцца лядком’ (там жа). Гл. сцяць2. Параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 153.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыску́ць ‘марозная пагода’ (Сцяшк. Сл.). Да трэск, трашча́ць (пра мароз) (гл.), параўн. трэскоцень ‘траскучы мароз’ (гл.), рус. треску́н ‘вельмі моцны мароз, ад якога вянкі хаты ці дрэвы трашчаць’, в.-луж. třĕskać ‘трашчаць (пра мароз)’. Паводле Брукнера (579), вакалізацыя trysk < trzask (гл. трэск) характэрна для польскай мовы, што, магчыма, дае падставы бачыць польскі ўплыў, які дапускае Астроўскі (ABSl, 29, 148) у фіналі ‑уць (мазурэнне?), параўн. трыску́чы ‘траскучы’ (Вруб.), аднак форма ж. р. моцнайа трыскуць набліжае назоўнік да іншых абстрактных на ‑ць, хаця ў гэтым выпадку магчымы і ўплыў слова пагода ‘надвор’е’. Не выключаны таксама ўплыў суфікса літ. ‑ūtis са зневажальным значэннем, параўн. фармальна блізкае літ. treškùtis ‘хто любіць шмат гаварыць’ < treškùs ‘траскучы’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 264.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склі́зкі ‘слізкі’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Юрч., Ян., Сцяшк.), склі́знуць, склізо́та, склізь ‘слізь’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Укр. скли́знути ‘выслізнуць, уцячы’, рус. скли́зкий, скли́знуть, славен. sklizək, серб.-харв. скли̏зак, кли̏зак ‘склізкі’, кли́зити ‘слізгаць(ца)’, ц.-слав. сколъзати, сколъзнѫти. Фасмер (3, 642) лічыць, што тут скрыжавалася некалькі асноў, параўн. яшчэ чэш. klouzati ‘слізгаць’, kluzký ‘склізкі’, славац. klzký ‘тс’, klzať se ‘слізгаць, спаўзаць’ (гл. пад коўзаць). Гл. яшчэ слізкі. Рэканструкцыю прасл. *skъlьzъkъ або *skъlъzъkъ Фасмер (там жа) лічыць няпэўнай. Глухак (554) рэканструюе *sklizъkъ, якому адпавядаюць склізкі, рус. скли́зкий, славен. sklizek, што узыходзіць да і.-е. *(s)lei‑ (гл. сліна); і *slizъkъ, якому адпавядаюць слі́зкі, рус. слі́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, славен. slízek, што узыходзіць да *slizь (гл. слізкі). Астроўскі (ABSl, 29, 155) склізкі лічыць вынікам кантамінацыі ско́ўзкі (гл. коўзацца) і польск. ślizki ‘коўзкі; слізкі’, што цяжка давесці, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Святы́ ‘надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑ ‘святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)