вы́купаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Акунаючы ў ваду, асвяжыць; вымыць, памыць. Выкупаць коней у рацэ. Выкупаць дзіця ў начоўках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Плаваць некаторы час. Мы рашылі яшчэ раз у сённяшні дзень паплаваць па Прыпяці і асвяжыць сябе яе чыстаю, вечна імкліваю .. вадзіцаю. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Асвяжыць прытокам свежага паветра. Помню, неяк маці адчыніла акно, каб праветрыць хату, а.. [вавёрка] шась — ды на кусты ў агарод. Ляўданскі. // Асвяжыць, вынесшы на свежае паветра. Праветрыць адзенне.

2. перан. Разм. Даць магчымасць праветрыцца (у 2 знач.). Жанчына праплакала ўсю ноч, а пад раніцу, калі разгневаны і апантаны мукамі Клім выйшаў на вуліцу праветрыць галаву, забрала малога і пусцілася бегчы да цёткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасвяжы́ць, ‑свяжу, ‑свяжыш, ‑свяжыць; ‑свяжым, ‑свежыце; зак., што.

Разм. Асвяжыць, праветрыць. — Трэба ж табе хоць трошкі прасвяжыць галаву, — не слухае сябар. — А то ўсё на рабоце ды на рабоце. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абнавіць, асвяжыць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

умы́ць, умыю, умыеш, умые; зак.

1. каго-што. Памыць, вымыць, апаласнуць каму‑н. твар, рукі, шыю. Умыць твар і прычасацца.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.); перан. Памачыць, асвяжыць дажджом, расой. Ранак сонечны, умыты росамі. Пестрак.

•••

Умыць рукі — ухіліцца ад удзелу ў якой‑н. справе, зняць з сябе адказнасць за што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.

1. Змыць пыл, бруд і пад. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. Прыўзняла [Кацярына жанчыну], абмыла рану, Што чарнела над ілбом: Галаву яе старанна Абвязала фартухом. Броўка.

2. Памыць бялізну ўсім, многім. Абмыць сям’ю.

3. перан. Абдаць, ахінуць што‑н.; асвяжыць. Няхай прышчэпіць да ствала Мяне з сваёй галінай, Абмые ветрам і зарой Наднёманскай краіны. Танк. [Сумны:] Салдат хоча ў чыстай крыніцы паэзіі абмыць душу. Вітка.

4. перан. Разм. Адзначыць якую‑н. падзею выпіўкай. — Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассла́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расслабіць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены сілы, аслабелы. Вялым і расслабленым злазіў Алёшка з елкі, на якую так спадзяваўся. Якімовіч. Няхай вецер галаву асвяжыць, адгоніць тое, што, нібы гіпноз, падначальвае, супакойвае і робіць мяккім, расслабленым. Васілевіч. // Які сведчыць пра ўпадак сіл, слабасць. У падпалкоўніка быў расслаблены голас, быццам сп хворы ці дужа змарыўся. Асіпенка. Словы .. [Савіньскага] пераходзяць у нейкі расслаблены, амаль дзіцячы лепет, просьбу, пяшчоту, якая болем адгукаецца ў душы... Брыль. // Вялы, няцвёрды, без напружання мускулаў. Расслабленая поза. □ [Хлопцы] пайшлі прэч — абодва надзіва падобныя і нават хада ў іх была таксама аднолькавая — якаясь расслабленая, віхлястая. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ата́ва ’маладая трава, якая вырасла на месцы скошанай у той жа год’. Рус., укр., балг. отава, серб.-харв. о̀тава, польск. otawa, чэш., славац., славен. otava, в.-луж. wotawa ’тс’. Праслав. *otava выводзяць звычайна ад дзеяслова *otyti ’растлусцець, вырасці’ (ад *tyti), адкуль (з аблаўтам) *otaviti ’заставіць расці’ і далей — *otava (як слава пры слыць, забава пры забыць). Параўн. ст.-чэш. otaviti sě ’акрыяць’, сучаснае чэш. zotavitiасвяжыць, даць сілу’. Іначай Махэк, 345: *ot‑aviti sę ’зноў з’явіцца’, што семантычна лепш супастаўляецца з чэш. otavče ’асенняе куранё’ і ўказанымі значэннямі, аднак сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі і патрабуе ўдакладненняў у рэканструкцыі семантыкі прэфікса *оt‑ (па балтыйскаму ўзору). Махэк₂ (422) прызнаў гэту этымалогію памылковай. Голуб-Копечны лічаць асноўным ot‑ ’зноў’, а ‑ava суфіксальным. Параўнанне з літ. atólas атава’ і іншымі балтыйскімі формамі, зробленае Міклашычам і падтрыманае Траўтманам, 16, выклікала пярэчанні Эндзеліна (Мюленбах-Эндзелін, 1, 149), які тлумачыў балтыйскае слова іначай (параўн. Фрэнкель, 22). Вывядзенне слова з цюрк. от ’трава’ (Міклашыч, 228; Дзмітрыеў, Строй, 541; Курс суч., 161) выклікае пярэчанні. Супрун, Зб. Крымскаму, 128–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)