пупо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м.

1. Тое, што і пуп (у 1 і 2 знач.).

2. Невялікі акруглы выступ.

Кепка з пупком.

|| памянш. пупо́чак, -чка, мн. -чкі, -чкаў м.

|| прым. пупко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.) і пупо́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Пупочная грыжа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

закру́глены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад закругліць.

2. у знач. прым. Круглявы, акруглы. Закруглены вугал дома. □ Закруглены краі спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку. Маўр.

3. перан.; у знач. прым. Гладкі, закончаны (пра стыль мовы). Закругленая фраза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круглаві́на і кругло́віна, ‑ы, ж.

Акруглы ўчастак, які вылучаецца чым‑н. на агульным фоне. Жыта абівалі на полі. Даніла Іванёнак выкасіў круглавіну на пожні, дзяўчаты падчысцілі яе рыдлёўкамі — ток быў гатовы. Асіпенка. Мы збіраліся ў лес. Дакладней, на балота Узмутнае, дзе бацька нагледзеў ладную кругловіну асакі. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пупо́к 1, ‑пка, м.

1. Тое, што і пуп (у 1, 2 знач.).

2. Невялікі акруглы выступ. У цёмна-сіняй кепцы з пупком, сцягнутай на патыліцу, у таго ж колеру касцюме, у аброшаных ботах, .. [Сучок] унёс у хату свежасць ранку. Пестрак.

пупо́к 2, ‑пка, м.

Шматгадовая пахучая трава сямейства складанакветных з галінастым сцяблом і жоўтымі або белымі кветкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Крэж1 ’дрэва, у якім асяродак не ў цэнтры’ (Шатал., Клім.), ’унутраная амярцвелая частка дрэва’ (Жыв. сл.), ’хвоя з крохкай і цвёрдай драўнінай’ (ТС). Рус. кряж ’вялікае моцнае дрэва’, ’калодны вулей’, ст.-рус. кряжь ’брус’. Першапачаткова ’круглы брус’ да прасл. kr^gъ ’круг’ з іншай ступенню аблаўта (прасл. kręg‑jь) (Фасмер, 2, 391).

Крэж2 ’прыбярэжная мель на возеры’ (Нар. лекс.). Укр. кряж ’бугор’. Да * kręg‑jьакруглы’. Гл. крэж©.

Крэж3 ’абрыў на дне возера; паглыбленне, яма’ (Яшк.). Гл. крэж2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кно́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. Тонкі кароткі цвічок з шырокай плоскай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну і пад. да чаго-н. цвёрдага.

2. Невялікі акруглы выступ, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго.

К. ліфта.

3. Металічная або пластмасавая засцежка, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў адну.

Пальчаткі на кнопках.

4. Пра чалавека маленькага росту (разм., жарт.).

Націснуць на ўсе кнопкі — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго-н.

|| памянш.-ласк. кно́пачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. кно́пачны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

про́філь, ‑ю, м.

1. Абрыс, від збоку (твару, прадмета). [Кузьма] убачыў Верын профіль, кароткі нос з роўнай пераносіцай, востры падбародак, акруглы лоб. Дуброўскі. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі .. [Гукан] нагадваў у профіль ястраба. Шамякін.

2. Спец. Вертыкальнае (папярочнае або падоўжнае) сячэнне якога‑н. ўчастка, паверхні, прадмета; від, форма чаго‑н. у разрэзе. Профіль канала. Профіль дарогі. Профіль участка зямной паверхні. // Форма папярочнага сячэння пракатнага вырабу; выраб такой формы. Усю змену, пад наглядам Івана, [Змітрок] замацоўваў дэталі, рабіў больш складаныя профілі, чым дагэтуль. Ваданосаў.

3. Сукупнасць асноўных тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць. Профіль прадпрыемства. Профіль інстытута. Спецыяльнасць шырокага профілю.

[Ад іт. profilo — абрыс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Како́ўка ’папярочка на дзержаку рыдлёўкі, віл’ (касцюк., ушац., Жыв. сл.). Бел. слова з’яўляецца або пранікненнем з рус. гаворак (пра што сведчыць і значэнне слова, магчыма, тэрміналагічнае), або агульнага паходжання з рус. лексікай. У рус. кокова ’палка з крывым верхнім канцом, кульба’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, валаг. ’верацяно з намотанай не да канца пражай’, ’кончык носа’, алан. коковка ’загнуты верхні канец палкі, кульбы’, наўг. і інш. ’палка з крывым верхнім канцом’, кастр., варонеж. ’паліца, доўбня’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, цвяр.акруглы край верацяна і інш.’, ніжнегар. ’клубок нітак па кароткай палцы’ і мн. інш. Рус. коковка ў слоўніку Фасмера не праэтымалагізавана. Да бел. і рус. лексем паралелей быццам бы няма. Этымалагічна слова вельмі няяснае. Можна меркаваць аб чляненні ko‑koba, як аб інавацыі ў некаторых рус. і адпаведнай бел. гаворцы. Па ўтварэнню гэта структура магла быць з рэдуплікаваным першым складам. Другую частку можна параўнаць з адзначаным у Даля рус. наўг. кова ’кол, пень, паля’. Магчыма, сюды можна аднесці бел. кавеня, укр. ковінька ’палка з загнутым канцом, кульба’, ковиза ’кульба’, аднак няяснае словаўтварэнне лексемы. Далей, сюды і рус. закавыка, ковыка. Але ковыка ў СРНГ толькі ў значэнні ’нейкая расліна’. Словаўтварэнне не вельмі яснае: ‑ов‑ прыметнікавы фармант, які ў выніку перараскладання ўвайшоў у састаў складанага суфікса. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што семантыка такіх утварэнняў, як рус. кокова, кокора, кокот, кокотышка, кошка, кука і пад., не выключае магчымасці неаднаразовага збліжэння гэтых лексем, што можа выклікаць трансфармацыю як формы, так і семантыкі, або наогул прывесці да генерацыі кантамінаванай формы. Магчыма, разглядаемае слова з’яўляецца вынікам такіх збліжэнняў і трансфармацый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)