мані́цца, маню́ся, ма́нішся, ма́ніцца; незак.
Абл. Мець намер, збірацца рабіць што‑н. Маніліся нябожчыкаў адведаць мы, На могілкі народу шмат сышлося. Купала. [Парыпан:] — Колькі разоў я маніўся прыйсці пагаварыць да вас, а і на двор баяўся заходзіць. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Навярну́ць ’схіліць, пераканаць; нахіліць, пахіснуць; нагаварыць на каго-н.’ (Гарэц.), ’прымусіць’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’надумацца (сказаць)’ (карм., Мат. Гом.), сюды ж навярну́цца ’павярнуцца’ (мядз., Жыв. сл.), ’адведаць’ (круп., «Полымя», 1980, 8, 253). Да вярну́ць з развіццём семантыкі ад ’вярнуць назад’, ’прымусіць адступіць’ да ’адведаць’, ’наваліць’, ’схіліць да чаго-н.’ і г. д., характэрнай для большасці славянскіх моў, параўн. укр. навернувся в хату, польск. nawrócić grzesznika (= схіліць да пакаяння), серб.-харв. навр́нути се ’зайсці, наведаць’ і інш., відаць, адлюстроўвае, акрамя шматзначнасці каранёвай марфемы, разгорнутую сінанімію прэфікса на-.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наве́даць ’зайсці, адведаць’ (ТСБМ, Сцяшк.), наве́дываць ’адведваць’, наве́дчык ’наведвальнік’ (Бяльк.). Рус. дыял. наведать, укр. наві́дати, польск. nawiedzić, nawiedzać, ц.-слав. навѣждати да *vědati ’знаць, ведаць’, гістарычна звязанага з *viděti ’бачыць’, што часам знаходзіць адлюстраванне і ў збліжэнні сучасных форм, параўн. навіды ’наведванне парадзіхі’ (віц., Падлужны, вусн. паведамл.), рус. дыял. на́веды ’зачын, зачацце’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
наду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Тое, што і надумаць (у 1 знач.). Надвор’е якраз стаяла цудоўнае, і мы з жонкаю надумаліся паехаць на Мінскае мора. Васілёнак. Мацэвіч не вытрымаў і выйшаў з кватэры — надумаўся адведаць суседа, свайго даўняга дружбака. Капыловіч.
2. Разм. Многа, уволю падумаць. Іншы раз [Волька] гэтак надумаецца, патрывожыць душу, што ноччу, не дачакаўшыся дня, ідзе на ўчастак. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Зве́дкі ’адведзіны’ (Нас.). Параўн. у Даля свѣдать ’праведаць’, укр. звіди, звідини ’разведка’, польск. zwiady ’адведзіны’, дыял. ’заручыны’, чэш. zvéd(y) ’разведка’, славац. zvedy ’тс’. У бел., рус., польск. значэнне візіту, у той час як іншыя прыклады хутчэй пра атрыманне інфармацыі. Як і адведкі, вячоркі (гл.), утворана ад дзеяслова зведваць з суф. ‑к‑і (параўн. зажынкі, дасеўкі, памінкі, Сцяцко, Афікс. наз., 48). Дзеясловы з ‑ведаць у значэнні ’нанесці візіт’ шырока вядомы ва ўсх.-слав. мовах (рус. проведать, наведать, укр. відвідати, звідати, навідати), таму няма падставы лічыць іх запазычанымі з польск. (гл. адведаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
паспыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Пакаштаваць, папрабаваць на смак. Маці заглянула ў кубкі: Ліза не адпіла і адной трэці. Паспытала яе чай — зусім не салодкі. Шамякін. — А гэта я табе клубнікі прынесла, а то ў бальніцы тут напэўна і не паспытаеш яе... Васілевіч. — Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць! Лынькоў.
2. перан. Разм. Перажыць, зведаць у жыцці, на практыцы. [Мікола:] — Не лічу сябе вінаватым перад табой нават і ў тым, што не быў у дэфензіве і не паспытаў таго, што давялося табе. Машара. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. // перан. Адведаць, спазнаць. Прынесла Тэкля вужышча. Узяў Саўка вяроўку ў рукі і пытае: «А гэтай штукі паспытаць не хочаш?!» С. Александровіч.
•••
Паспытаць на сваёй скуры што — пераканацца ў чым‑н. на сваім вопыце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
1. каго-што. Аднесціся з увагай да чаго‑н., выканаць, здзейсніць што‑н. Мы ўважылі .. настойлівую просьбу [вартаўніка] і купілі яму .. бескурковую іжаўскую дубальтоўку. Брыль.
2. каго-што. Аказаць каму‑н. павагу, праявіць увагу да каго‑н. [Дзед Мікола:] — А ў мінулым годзе ведаеце, што прыдумалі? — Хто? — запытаў я. — Людзі нашага сяла. Юбілей мне наладзілі, уважылі старога на сямідзесятым годзе. Скрыпка. Як ні ўпіралася Поля, а прысесці да стала прыйшлося — трэба было ўважыць гасцей. Арочка. Дзед Дзяніс падтрымаў .. [маці]: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа... Мележ. // каму. Зрабіць што‑н. у знак павагі, увагі. Не паслухаць старшыню сельсавета Хацяноўскі не мог, а ўважыць яму — не надта і ведаў як. Кулакоўскі.
3. каму. Зрабіць уступку, прыняўшы пад увагу што‑н.; уступіць. [Пан:] — Я табе тады на беднасць тваю ўважыў і на паслугу тваю, а ты што ж гэта? Галавач. [Васіліса:] Я ж цябе ведаю, ты яму не саступіш і ён табе не ўважыць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)