сме́лость сме́ласць, -ці ж.;

сме́лость города́ берёт посл. у каго́ адва́га, у таго́ й перава́га; адва́гаю і пе́кла пяро́йдзеш; бой адва́гу лю́біць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пуцяві́на, ‑ы, ж.

Паэт. Шлях, дарога. Эх, сябры, не блага Успомніць час ад часу Пра баі, адвагу, Пра паходы нашы І агледзець святам Свой шынель і боты, У якіх багата Пуцявін прайшоў ты. Танк. Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

высакаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З высокімі маральнымі якасцямі, крыштальна чысты, велікадушны. Высакародны чалавек.

2. Узвышаны, асвячоны высокай мэтай. Высакародныя пачуцці. Высакародны ўчынак. Высакародная барацьба. □ [Мары] абуджаюць у сэрцы мужнасць і адвагу, высакародныя імкненні да ведаў, да пазнання свету, да барацьбы і подзвігаў. В. Вольскі.

3. Які вылучаецца высокай годнасцю, прыгажосцю. Высакародныя манеры.

4. Састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Высакародны алень.

•••

Высакародныя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Давесці да канца, закончыць. — Мы адвагу мусім Несці ў сваім сэрцы. А вайну прыкончым, — Нам усё дадуць. Броўка. // З’есці або выпіць усё да астатку. — А Марыніч, дык той зараз цэлага япрука прыкончыць. Колас.

2. Дабіць каго‑н. канчаткова. Другі воўк толькі мармытнуў нешта ў адказ на віск. Яго дзядуля прыкончыў абушком. Пальчэўскі. Аджа Опермана Алёшка прыкончыў апошнім стрэлам. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меда́ль, ‑я, м.

Знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка з якім‑н. рэльефным адбіткам і надпісам для ўзнагароды за асаблівыя заслугі, баявыя і працоўныя подзвігі. Медаль «За адвагу». Медаль «За працоўную доблесць». □ Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб .. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. // Падобны знак, які выдаецца за выдатныя поспехі ў вучобе або пераможцам конкурсаў, спаборніцтваў. Залаты алімпійскі медаль. □ Уладзімір Ільіч ганарыўся залатым медалём, які ён атрымаў разам з атэстатам сталасці. Чарнышэвіч. // Падобны знак, выпушчаны ў памяць аб якой‑н. гістарычнай падзеі або ў гонар выдатнага дзеяча.

•••

Адваротны бок медаля гл. бок.

[Фр. médaille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самабы́тны, ‑ая, ‑ае.

Арыгінальны, не падобны на іншых; своеасаблівы. Самабытны талент. Самабытная манера выканання народных танцаў. □ На аснове традыцый купалаўскай і коласаўскай байкі вырасла пазней непаўторная, глыбока самабытная баечная творчасць Кандрата Крапівы. Казека. Мар’ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара песні самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя, пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты. У. Калеснік. А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі! Колас. Народная ліра Янкі Купалы ўвабрала ў сябе ўсё найбольш яркае і самабытнае, што стагоддзямі выкрышталізоўвалася ў казках і песнях народных. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαι ‘імкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfio ‘рухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ‑ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.

2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.

3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.

4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)