бая́ршчына, ‑ы, м.

Гіст.

1. Перыяд у гісторыі рускай дзяржавы, калі панавала і правіла баярства. Гэта было ў часы баяршчыны.

2. Вотчына баярына. Працаваць на баяршчыне.

3. Тое, што і паншчына. Адбываць баяршчыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыпі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прыпісаць усіх, многіх або ўсё, многае. Папрыпісваць прозвішчы ў спісы. Папрыпісваць дапрызыўнікаў да прызыўных участкаў. □ Цар папрыпісваў іх [людзей] вёскамі да рудных промыслаў, прымушаючы адбываць прыгон. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ншчына, ‑ы, ж.

Гіст.

1. Пры прыгонным праве — дармавая прымусовая праца сялян на пана. Адбываць паншчыну. □ [Пытляваны:] Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім. Крапіва.

2. Разм. Прыгоннае права. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паві́ннасць, ‑і, ж.

Абавязак, які накладаецца дзяржавай або грамадствам на насельніцтва. Воінская павіннасць. Працоўная павіннасць. □ З цягам часу ваенная і духоўная знаць разам з абшчыннай уласнасцю узурпіравала і звязаныя з ёю павіннасці. Маркс. У 1503 годзе, калі ў Магілёве быў заснаваны замак — драўляны астрог, мусілі магілёўцы адбываць яшчэ замкавую павіннасць. Шынклер. // перан. Разм. Наогул абавязак, тое, што абавязкова трэба зрабіць, выканаць. Я веру, што час нечаканай разлукі Як злую павіннасць прыму. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

отде́лываться разг.

1. (избавляться от кого-, чего-л.) адчапля́цца, адкру́чвацца, адвя́звацца;

2. (чем) абыхо́дзіцца, адбыва́ць; см. отде́латься;

3. страд. апрацо́ўвацца; адстро́йвацца, вырабля́цца; аздабля́цца, упрыго́жвацца; см. отде́лывать 1—3;

отде́лываться слова́ми, фра́зами адгаво́рвацца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шарва́ркі, ‑рак; адз. шарварка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Грамадская працоўная павіннасць пераважна па будаўніцтву і рамонту дарог, мастоў, грэбляў, панскіх будоўляў у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у 15–18 стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–39 гг. Вёска не хадзіла адбываць шарваркі, не плаціла падаткаў. Пестрак. Вызначалі [панскія начальнікі] фурманкі і людскую сілу на шарварку для рамонту мастоў і дарог, што праходзілі па панскай зямлі, зноў збіралі сход. Машара. На сялян сыпаліся шматлікія штрафы і прымусовыя павіннасць па рамонту дарог і мастоў (шарваркі), якія ператварылася ў сапраўдную дарожную паншчыну. Палуян.

[Польск. szarwark ад ням. Scharwerk.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́н 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 1 знач.).

2. Абл. Месца, куды прыганяюць жывёлу, дзе трымаюць жывёлу; згон. У зацішным нізенькім прыгоне Ціха і глыбока, як праз сон, Ўздыхаюць змораныя коні, Хрумстаючы сенам і аўсом. Грахоўскі.

прыго́н 2, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 2 знач.).

2. Грамадою лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва. Часы прыгону. □ Ці тое некалі за прыгонам было, ці пазней... Жыла ў прыдзеінскай вёсачцы дзяўчына. Звычайная сялянская дзяўчына. Хадкевіч.

3. Дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына. Адбываць прыгон. □ — Бач, які порсткі! — смяецца пан. — Спярша ты ў мяне прыгон адслужы, тады і вярну [распіску]. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убыва́ть несов.

1. (уменьшаться) ме́ншаць, памянша́цца, змянша́цца; (о воде) убыва́ць, спада́ць; (о луне) убыва́ць; (о здоровье, силе) падупада́ць;

дни убыва́ют дні ме́ншаюць (караце́юць);

вода́ начала́ убыва́ть вада́ пачала́ убыва́ць (спада́ць, змянша́цца);

к ста́рости си́лы убыва́ют пад ста́расць сі́лы ме́ншаюць (змянша́юцца, падупада́юць);

2. (выбывать) выбыва́ць; (отбывать) адбыва́ць; см. убы́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ка́ра, ‑ы, ж.

Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. □ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.

кара́, ы́, ж.

1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. □ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.

2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.

•••

Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.

Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.

Абрасці карою гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём. У печцы зырка гарэлі дубовыя дровы. Шамякін. Уперадзе каля станцыі гарэлі эшалоны. Мележ. // Паліцца (пра вогнішча і пад.). Гарыць піянерскі касцёр. □ Ля калёс гарэлі агні. Лынькоў.

2. Даваць, выпраменьваць святло, полымя; ярка свяціцца. І над усім — над горадам, над ракой, над бязмежнымі прасторамі зямлі гарэла, пералівалася зыркае ранішняе сонца. Лынькоў. Нешта сёння у Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

3. Траціць маёмасць з прычыны пажару, аказвацца ў становішчы пагарэльца. Вось дзед Хвядос пяць разоў гарэў ад маланкі, пяць разоў будаваўся. Бажко.

4. Разм. Быць моцна нагрэтым, гарачым. Ад лютай летняй спёкі Гарыць сухі пясок. Глебка. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч.

5. Быць у гарачцы, у ліхаманкавым стане. Бацька ўсё гарэў, аж два тыдні не ўставаў з пасцелі. Сабаленка. // Ныць, пячы (пра натруджаныя, пашкоджаныя ўчасткі цела). На далонях пад вечар гараць мазалі. Бураўкін. Ужо сонца на поўдні, ужо ногі гараць і ныюць ад стомленасці, а нішто нідзе не прасвятляецца. Кулакоўскі.

6. Рабіцца гарачым, чырванець ад прыліву крыві. Гарэць ад сораму. □ Адно, што адчуваў.. [Алёшка], гэта — як гараць яго вушы, як густая чырвань залівае ўвесь твар, падбіраецца да жорсткіх бялесых віхроў. Лынькоў. Гарачая хваля найвялікшага шчасця залівае.. [Сяргею] грудзі, часта і гулка стукае сэрца,.. гараць шчокі, вушы. Шамякін.

7. звычайна чым. Быць ва ўзбуджаным стане, з запалам аддавацца якой‑н. справе, пачуццю. Гараць жаданнем. Гарэць ад нецярплівасці. □ Сягоння жыла, трапяталася і гарэла ўся .. шчуплая істота [Тодара Кірыка], — гэтакіх навін яму даўно не здаралася разносіць па сяле. Крапіва. Жанчына гарыць на калгаснай рабоце. Пташнікаў.

8. Ззяць бляскам, выдзяляцца яркімі колерамі, афарбоўкай. Пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. Шамякін. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас. // Блішчаць пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі (пра вочы). Вочы.. [Паўла] гарэлі вострым агнём нявыказанай крыўды, і губы трасліся. Чорны.

9. Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.). У барознах павівасты гарбузнік.. гарэў цветам. Грамовіч.

10. Псавацца, станавіцца непрыгодным ад моцнага перагрэву. Буксы гараць. // Разм. Сохнуць, гінуць ад засухі, моцнай спёкі (пра расліннасць). Пасевы гараць. // Разм. Прэць, гніць. Сена гарыць у стагах.

11. перан. Разм. Цярпець няўдачу ў якой‑н. справе, задуме і пад. // Не выконвацца, не рэалізавацца. Планы гараць. Пуцёўка гарыць.

12. Разм. Хутка зношвацца, рвацца (пра абутак, адзенне). На дзецях усё гарыць, адзежа і абутак.

13. Адбываць чаргу пры гульні ў гарэлкі.

•••

Вока (зуб) гарыць на што гл. вока.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць — ужываецца як праклён.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго гл. зямля.

Гарэць агнём — а) пра гарачкавы стан хворага; б) вельмі моцна балець, пячы. Рана гарыць агнём.

Ліха гарыць з каго гл. ліха.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Не гарыць — няма патрэбы спяшацца.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Скура гарыць на кім гл. скура.

Як мокрае гарыць гл. мокры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)