БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,

выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.

Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.​Пятрова (А.​П.​Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,

буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.​Карпач, С.​Бачко, В.​Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.​Ф.​Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.

Літ.:

Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;

Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.

В.​І.​Мялешка.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)