глушы́ць, глушу, глушылі, глушыць; незак., каго-што.

1. Перашкаджаць слухаць, пазбаўляць магчымасці чуць; аглушаць. Народ таўчэцца каля копкі, Па бруку б’юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы. Колас.

2. Рабіць нячутным, бясшумным; заглушаць. Кірмашовы гук і голас глушылі музыку. Гарэцкі.

3. Перашкаджаць сваім ростам росту іншых раслін, пазбаўляючы іх святла і прасторы. Пырнік глушыць збажыну. □ Флоксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Чорны. // перан. Перашкаджаць развіццю чаго‑н. Глушыць ініцыятыву.

4. Разм. Моцным ударам па галаве пазбаўляць прытомнасці; аглушаць. Прыкладам свайго маленькага карабіна .. [Шурка] глушыць аднаго з бандытаў, у другога страляе. Мехаў. // Ударамі па лёдзе або падводнымі выбухамі даводзіць (рыбу) да стану здранцвення. Глушыць рыбу.

5. Выключаць (матор, машыну і пад.). Глушыць трактар.

6. Разм. Многа піць чаго‑н. Глушыць гарэлку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глушы́ць, глушу́, глу́шыш, глу́шыць; незак., каго-што.

1. Перашкаджаць слухаць.

Розныя шумы глушылі прамову, і нічога не было чуваць.

2. Рабіць нячутным, заглушаць.

Г. радыё.

3. Не даваць расці, перашкаджаць развіццю чаго-н.

Крапіва глушыла буракі.

Г. ініцыятыву (перан.).

4. Моцным ударам аглушаць, пазбаўляць прытомнасці.

Г. рыбу.

5. Выключаць (матор, машыну і пад.).

Г. матор.

6. Вельмі многа піць чаго-н. (пераважна пра алкаголь; разм.).

Г. гарэлку.

|| зак. заглушы́ць, -глушу́, -глу́шыш, -глу́шыць; -глу́шаны (да 1—3 і 5 знач.) і аглушы́ць, аглушу́, аглу́шыш, аглу́шыць; аглу́шаны (да 4 знач.).

|| наз. глушэ́нне, -я, н. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.

1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.

2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.

3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)