наўсця́ж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.

2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да развітання; звязаны з развітаннем. Развітальныя словы. □ Андрэй узышоў на сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Колас. Сярожу і Стася пахавалі ў той вёсцы, дзе была першая брыгадная застава, і ротай далі развітальны салют. Брыль. Час раз’ездаў настаў... Што ні вечар даўжэй Развітальныя вальсы, што вечар цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар. Куляшоў. // Наладжаны з прычыны развітання, ад’езду каго‑н. Развітальны вечар. □ Перад ад’ездам спецыяльна для .. [хлопцаў] Зіновій Цімафеевіч напаліў лазню, а Паліна Антонаўка прыгатавала развітальную вячэру. Нядзведскі.

•••

Развітальны акорд гл. акорд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіне́ча, ‑ы, ж.

Сіні колер чаго‑н. [Сцяпан] ласкава ўсміхаўся.. [дзецям], падміргваў, і густая сінеча яго журботных вачэй паступова пакарыла іх. Ракітны. Тым дзіўна, хто прыйдзе аднекуль: Лён сіні ў палях да пляча, Сінеча ў азёрах і рэках, І вечна — ў дзявочых вачах. Калачынскі. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора, неба, паветра). Мая зорка яшчэ недзе іскрыцца ў бяздоннай сінечы. Бажко. // Сіні туман, смуга. Поле зацягнулася мутнаю сінечаю. Грахоўскі. Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх, .. дзе маўклівая далечыня, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ша, ‑ы, ж.

1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.

2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлюз, ‑а, м.

1. Гідратэхнічнае збудаванне, прызначанае для пераводу суднаў з адной воднай прасторы ў другую, з іншым узроўнем вады. На сваім шляху ад Павянца да Сарок наш параход пройдзе 19 шлюзаў. Галавач.

2. Адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада. Мне добра чуваць шум вады, што пад узнятым шлюзам кідаецца цераз загародку і сваёй мелодыяй напамінае пра млын. Мыслівец. Каля шлюза сабралася трохі ціны, і Сагайдак выцягнуў яе граблямі на бераг. Парахневіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба ці латка для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.

[Ням. Schleuse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крок, -у, мн. -і, -аў, м.

1. Рух нагой пры хадзьбе, бегу, а таксама адлегласць ад нагі да нагі пры такім руху.

Дзіця зрабіла першыя крокі.

Ступіць на к. уперад.

2. толькі мн. Гукі, што ўтвараюцца пры хадзьбе.

У калідоры чуліся гулкія крокі.

3. звычайна адз. Тэмп руху пры хадзьбе.

Прыбаўце кроку!

Шпаркім крокам.

4. перан. Дзеянне, учынак.

Рашучы к.

Няправільны к.

5. перан. Этап у развіцці чаго-н.

К. у развіцці навукі.

Новы к. у асваенні касмічнай прасторы.

Адзін крок — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі — вельмі блізка.

Кроку не ступіць без каго-, чаго-н. — не абысціся без чыёй-н. дапамогі.

На кожным кроку — усюды. Не даваць кроку ступіць — не даваць самастойна дзейнічаць.

Першы крок — самы пачатковы перыяд якіх-н. дзеянняў або дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разлі́ць, разалью́, разалье́ш, разалье́; разальём, разальяце́, разалью́ць і разлію́, разліе́ш, разліе́; разліём, разліяце́, разлію́ць; разліў, -ліла́; -ло́; разлі; -літы; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць.

Р. малако.

2. Пераліць якую-н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых.

Р. віно ў шклянкі.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў.

Рэчку разліло вельмі шырока.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго-н., у межах чаго-н.

Сонца разліло святло па зямлі.

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

|| незак. разліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разлі́ў, -ліву, м. (да 2 знач.), разлі́ўка, -і, ДМ -ліўцы, ж. (да 2 знач.), разліва́нне, -я, н. і разліццё, -я́, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паласа́, -ы́, мн. пало́сы і (з ліч. 2, 3, 4) паласы́, -ло́с, ж.

1. Доўгая роўная лінія (на малюнку, чарцяжы), след на якой-н. паверхні ад чаго-н.; доўгая вузкая частка якой-н. прасторы.

Чырвоныя і сінія палосы на хустцы.

П. на целе ад удару.

П. дыму.

2. Працяглы ўчастак чаго-н., пояс.

Гліністая п.

Прыфрантавая п.

3. Невялікі вузкі ўчастак ворнай зямлі сялянскага надзелу (гіст.).

4. Старонка ў наборы, у друкаваным выданні (спец.).

Газетная п.

5. перан. Прамежак часу, перыяд.

Самая шчаслівая п. яго жыцця.

6. перан. Настрой, стан.

Змрочная п. найшла на яго.

|| памянш. пало́ска, -і, ДМо́сцы, мн. -і, -сак, ж. (да 1—3 знач.).

Тканіна ў палоску.

|| прым. пало́сны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і паласны́, -а́я, -о́е (да 1 і 4 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дыва́н 1, ‑а, м.

Тканы, звычайна варсісты ўзорчаты выраб для ўпрыгожвання сцен, высцілання падлогі і пад. На сцяне вісеў вельмі дарагі дыван з цудоўна вытканым альпійскім краявідам. Даніленка. Падлогу ўсцілаў мяккі дыван. Арабей. // перан.; чаго або які. Пра тое, што падрывае зямлю суцэльным слоем. Усю зямлю навокал засцілаў густы дыван невысокай мяккай травы. Шахавец. Выйшаў на прасторы — снежны лёг дыван, Засцілае сонца шэранню туман. Хведаровіч.

дыва́н 2, ‑а, м.

1. Савет вышэйшых саноўнікаў пры султане ў ранейшай Турцыі.

2. Урадавыя ўстановы па адміністрацыйных і судовых справах у некаторых сучасных краінах мусульманскага Усходу.

3. Назва зборніка лірычных вершаў ва ўсходніх літаратурах.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассялі́цца, ‑селіцца; ‑селімся, ‑селіцеся, ‑селяцца; зак.

1. Пасяліцца, размясціцца дзе‑н. або на якой‑н. прасторы. Рассяліўся род шчаслівы На ўсю шостую зямлі! Гілевіч. У хуткім часе ўсе мы рассяліліся па кватэрах. Я атрымаў пакой у службовым сутарэнным памяшканні на двары тэатра. Сяргейчык. // Распаўсюдзіцца на якой‑н. тэрыторыі (пра раслін, жывёл). І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. В. Вольскі.

2. Пасяліцца асобна адзін ад аднаго. Хоць і вялізная матчына хата, Покуль расселяцца, ў ёй цеснавата. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)