адкі́нуць, -ну, -неш, -не; -кінь; -нуты; зак.

1. каго-што. Кінуць убок, назад, наперад; рэзка, з сілай адштурхнуць.

А. камень.

2. перан., каго-што. Не прыняць, адмовіцца ад чаго-н. (разм.).

А. усе магчымасці.

А. сумненні.

3. перан., каго-што. Атакуючы, прымусіць адступіць.

А. ворага далёка назад.

4. што. Адкрыць, адвесці ўбок, адвярнуць, закінуць назад што-н., замацаванае адным краем.

А. века скрыні.

5. Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу).

А. галаву.

6. каго-што. Зменшыць на пэўную колькасць, адняць.

А. сотню рублёў.

7. ас. і безас., каго-што. Вярнуцца (пра хваробу).

Грып яго адкінуў (разм.).

8. што. Адбіць, стварыць (цень, святло і пад.).

Сад адкінуў густы цень.

9. перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго-н.

Вайна ўсё адкінула назад.

10. Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго-, чаго-н.

Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

Адкінуць хвост (капыты) (разм.) — памерці.

|| незак. адкі́дваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абміну́ць, ‑міну, ‑мінеш, ‑міне; ‑мінём, ‑міняце; зак., каго-што.

1. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Краўчанка. // перан. Прапусціць, не звярнуць увагі на што‑н. [Рыгор] не падумаў, як спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. Гартны.

2. Не закрануць, не зачапіць. — Было ў мяне такое прадчуванне, Што куля першая не абміне. Пысін.

3. перан.; часцей з адмоўем. Пазбегнуць, унікнуць чаго‑н. Абмінуць бяду. □ Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць. Колас.

4. Рухаючыся хутчэй, абагнаць, апярэдзіць каго‑, што‑н. Як ішлі па садзе [мужчыны], нагналі Міхаіла Палікарпавіча, павіталіся з ім і моўчкі абмінулі яго. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Кінуць у некалькі прыёмаў нейкую або вялікую колькасць чаго‑н. Накідаць камення. □ Забілі [хлапчукі] дзве палі, палажылі бервяно, накідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размыла. Пальчэўскі.

2. Кідаючы што‑н. куды‑н., напоўніць, накласці. Накідаць кошык бульбы. Накідаць воз сена. □ [Ладагубец і Барашкін] удвух накідалі шыхту і пагналі ваганетку ў цэх. Савіцкі.

3. Скласці ў агульных рысах. Накідаць план работы. // Хутка, наспех напісаць, намаляваць, начарціць. □ [Шутаў] хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас. Мележ. Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы. Шыцік.

накіда́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накінуць.

накіда́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накі́даць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рмаз, ‑а і ‑у; мн. тармазы, ‑оў; м.

1. ‑а. Прыстасаванне для запавольвання або спынення руху машыны, цягніка і пад. Ручны тормаз. Аўтаматычны тормаз. □ Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Ваданосаў. У машыне раптам закрычаў чалавек — нема, бы яго разануў хто. Заскрыпелі тармазы. Пташнікаў. // Пляцоўка чыгуначнага вагона, дзе знаходзіцца такое прыстасаванне. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. Колас.

2. ‑у. Тое, што і тармажэнне. Выхад адзін — кінуць машыну і выбрацца з горада пешшу. Тормаз. Машына спынілася. Пятніцкі. Вацік даў трактару тормаз, прарэзлівым лопатам аглушыў Харытона. Баранавых.

3. ‑у; перан. Тое, што з’яўляецца перашкодай у развіцці чаго‑н. Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з яўляецца тормазам усяго ходу работ. Грахоўскі.

[Грэч. tormos — адтуліна, утулка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзёры, ‑ая, ‑ае; кар. ф. бадзёр, ‑а.

Поўны сіл, энергіі, жвавасці. Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. А ён, шальмец, бадзёр і гладак І пэўна спрытны баламут!.. Колас. // Жыццесцвярджальны, энергічны, дзейсны. У маладым калгасе адразу занялася жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які выяўляе здаровы, жыццярадасны стан. І гучаць тут песні, і цвітуць усмешкі На бадзёрых тварах шчырых змагароў. Журба. І сам голас бацькі Цімоха, бадзёры і звонкі, і тая ўпэўненасць, з якою ён гаварыў, радавалі Пецю. Сіняўскі. // Вясёлы, ажыўлены. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Абноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч. У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы .. гоман гармоніка і бадзёры хор чыстых жаночых галасоў. Васілевіч. // Які надае сілы, ажыўляе. [Каліноўскі:] Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб паднялі галовы вышэй. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́расць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шэрага (у 1, 3 і 4 знач.). Ад позіркаў гаспадара не схавалася шэрасць .. твару [Кюблера] і недакуркі, раскіданыя на падлозе, на стале. Шамякін. Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці .. і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця. Зарэцкі. У паветры кружылі першыя сняжынкі — прыбельвалася шэрасць зямлі, чырвань цэглы. Гілевіч.

2. Бледнасць з адценнем шэрага (пра твар чалавека). Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Каршукоў. // Шэрая афарбоўка чаго‑н.; пахмурнасць, воблачнасць. Іван ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Быкаў. Пайшлі дажджы, шэрасць і волкасць завалаклі далягляд. Сачанка. // перан. Што‑н. непрыкметнае, ніякае; пасрэднасць. Большасць сцэнарыяў — шэрасць. Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раня́ць ’даваць магчымасць упасці, упускаць; скідаць (пра лісце)’ (ТСБМ), слёзкі раняе (Сержп. Прык.), сьлёзкі роніць (Касп.), рані́ць ’выкідваць, аддаваць’ раніла дзіця, рані́ць душу (ашм., мядз., Сл. ПЗБ), ’губляць, траціць, не шкадаваць’: здоровье своё роню на васъ (Нас.), сюды ж роны́тыса ’аблівацца слязамі’ (Доўн.-Зап., Пін.). Параўн. рус. дыял. рони́тькінуць, даць магчымасць упасці’, укр. рони́ти ’даваць упасці; скідаць’, польск. ronić ’траціць, выкідваць; звяргаць’, ’ліць слёзы’, ’губляць пер’е, рогі, зубы’, ’лускаць зерне’, чэш. roniti (пра слёзы) ’праліваць’, славац. roniť ’цячы, ліцца’, в.-луж. ronić ’губляць, праліваць (слёзы)’, н.-луж. roniś ’тс’, серб. ро̀нити ’даваць нырца’, балг. ро́ня ’аддзяляць, абрываць; праліваць (слёзы)’, макед. рони ’тс’. Імаверна, першасным значэннем прасл. *roniti з’яўлялася ’даць, дазволіць, даць магчымасць упасці’; параўноўваюць з гоц. urrannjan ’паказвацца; узыходзіць (пра сонца)’, ст.-в.-ням. rennan ’прымушаць цячы, хутка бегчы’, грэч. ραίνω ’акрапляю, абсыпаю’ (Фасмер, 3, 501; Шустар-Шэўц, 2, 1235; БЕР, 6, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

закі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што чым.

Кідаючы што‑н., запоўніць (адтуліну, яму і пад.) або пакрыць, засыпаць зверху. Закідаць яму ламаччам. Закідаць разору зямлёй. □ Калі дома скідалі сена ў адрынку, [Юзік] не ўцярпеў, набраў велізарны ахапак і, быццам незнарок, закідаў ім Шуру, збіўшы з ног. Крапіва. // Кінуць у вялікай колькасці на каго‑, што‑н. Закідаць артыста кветкамі. Закідаць танкі гранатамі. // перан. Накіраваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці. Закідаць прамоўцу пытаннямі.

•••

Закідаць граззю каго — несправядліва абвінаваціць; абняславіць, ачарніць.

Закідаць каменнем каго — асудзіўшы за што‑н., не прызнаць сваім, адвергнуць.

Закідаць шапкамі — лёгка і хутка перамагчы, падолець каго‑н.

закіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

1. Незак. да закінуць.

2. перан. Разм. Намякаць на што‑н. [Кацярына:] Не ўгаварвай, я ведаю, куды ты закідаеш. Крапіва.

•••

Закідаць вуду куды — тое, што і закідаць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)