разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).
2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.
3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.
4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.
5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.
•••
На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рухацца па гладкай слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Крактала, угіналася пад возам рака, коні .. імчаліся, секлі лёд падковамі, і заднія калёсы слізгаліся, сунуліся. Капыловіч. // Не мець устойлівасці, ссоўвацца з месца, не могучы ўтрымацца на слізкай паверхні, саслізгваць. А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу, — усё слізгаюся. Бядуля. Але з непрывычкі нож .. чамусьці не слухаўся [Косціка]: ён то лёгка слізгаўся па версе кары, то глыбока ўядаўся ў корань. Якімовіч. // Не трымацца, выслізгваць. Чаўнок слізгаецца з рук. □ Паклаўшы жменю [пшаніцы], .. [Марыя] плявала сабе ў правую далонь, каб ручка сярпа не слізгалася, і жала далей. Пестрак.
2. Катацца, коўзацца. Слізгацца па лёдзе. Слізгацца на каньках. □ Зімою добра было слізгацца па лёдзе, вечарам пад шум бору за сцяной слухаць казкі. Ліс.
3. Тое, што і слізгаць (у 3 знач.). Водбліскі зор, здаецца, слізгаюцца па шыбінах і адбываюцца на твары Косціка. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.
1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.
2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.
3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.
4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.
•••
Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гразь, ‑і, ж.
1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.
2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.
3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.
4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.
•••
Абліць граззю гл. абліць.
Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.
Зарасці граззю гл. зарасці.
Затаптаць у гразь гл. затаптаць.
Змяшаць з граззю гл. змяшаць.
Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.
Як гразі чаго — вельмі многа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Развіць (што‑н. звітае, туга скручанае). Тады ..[хлапчукі] узялі палку і з яе дапамогай сяк-так раскруцілі дрот. Ваданосаў.
2. Разгарнуць, разраўняць (што‑н. скручанае). Раскруціць вуду. □ [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. — Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Караткевіч.
3. Разгарнуць, зняць (што‑н. наматанае, накручанае). Міхась і праўда, шукаючы ў кішэнях ключа ад машыны, намацаў невялікі тугі скрутак. Раскруціў паперу — грошы. Б. Стральцоў. Кастусь Серада, зняўшы шапку, сеў на табурэтку, расшпіліў ватоўку, раскруціў з шыі шалік. Шахавец. // Вызваліць ад таго, чым закручаны, укручаны хто‑, што‑н. Вера раскруціла .. [дзіця] і, узяўшы на рукі, пайшла на прыём. Дамашэвіч.
4. Прымусіць круціцца з узрастаючай хуткасцю. Раскруціў паступова ЛАЗ цяжкія калёсы, І паціснуў руку свайму вучню настаўнік. Нядзведскі. Раскруціў пугу-канаплянку і ляснуў ёю на ўсю сілу. Сабаленка.
5. Пашырыць у дыяметры. Раскруціць дзірку.
6. Расшрубаваць, расківаць. [Сяргей:] — Трэба дастаць ключ і на пад’ёме раскруціць рэйкі. Федасеенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Памянш. да труба (у 1 знач.); труба невялікага сячэння. Медная трубка. Гумавая трубка. □ Механік Білі меў за звычай маўчаць і .. марудна калупаўся ля матора,.. каля жылаватых вузлоў бензінавых трубак. Лынькоў.
2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў, звычайна цыліндрычнай формы. Рэнтгенаўская трубка. // Назва розных органаў жывога арганізма ў выглядзе трубы невялікага сячэння. Дыхальная трубка.
3. Частка тэлефоннага апарата, якая служыць непасрэдна для слухання і гаварэння. Тэлефонны званок перапыніў яго. Васількоў, пакутліва скрывіўшы хударлявы жоўты твар, зняў трубку. Асіпенка. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
4. Скрутак якога‑н. матэрыялу, якому нададзена цыліндрычная форма. Трубка тканіны расла з кожным днём. Бядуля. Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні. Жычка.
5. Разм. Тое, што і калодка (у 4 знач.). Дарога раскісла, калёсы гразнуць па трубкі... Васілевіч. Патрэскаліся трубкі, і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач.
•••
Дыстанцыйная трубка — механізм, прызначаны для ўзрыву снарада ў зададзеным пункце траекторыі.
Трымаць вуха трубкай гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павозка, воз, падвода, фурманка, калёсы, драбіны, параконка; дрында, калымага (разм.); калясніца (уст.) / для перавозкі людзей: каляска, пралётка, брычка, каламажка, двуколка, карэта, экіпаж, дыліжанс, кабрыялет, фаэтон, ландо, шарабан, рыдван, дрожкі; таратайка (разм.); лінейка (уст.) / для перавозкі грузаў: фургон, арба, мажара, кары, мары; фура (уст.)
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.
1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.
3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.
4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.
5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.
1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.
2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.
3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.
4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.
5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. □ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.
3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.
4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)