Калёсы 5/256, гл. Драбіны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЁСЫ, воз,

тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц. бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.

В.​С.​Цітоў.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Осы-Калёсы (в., Мінская вобл.) 1/216

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЗ,

рабочая павозка для коннай ці валовай цягі; тое, што калёсы.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Воз, гл. Калёсы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАБІ́НЫ,

1) сялянскія калёсы са здымнымі рашэцістымі бакавінамі. Гл. таксама Мажара.

2) Прыстаўная лесвіца.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫМА́ГА,

у Старажытнай Русі закрыты баярскі або царскі экіпаж без сядзення для фурмана, з высокім кузавам, з суконнымі або шаўковымі фіранкамі па баках. Пазней К. сталі называць усе старадаўнія грувасткія экіпажы і цяжкія нязграбныя павозкі. На Беларусі К. іранічна называлі калёсы, платформы для перавозкі цяжкіх грузаў, на якіх ездзілі ў гарадах балаголы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш. быт. тэхніку. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЗІЙ,

легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г. Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛА ў тэхніцы,

прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.

К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл. Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл. Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).

Літ.:

Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.

У.​М.​Сацута.

Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)