я́блыневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яблыні, уласцівы ёй. Яблыневы ліст. □ Ноч была цёплая, з яблыневым пахам. Ермаловіч. // Які складаецца з яблынь. Яблыневы сад. // Зроблены з драўніны яблыні. Яблыневыя лыжкі.

2. у знач. наз. я́блыневыя, ‑ых. Падсямейства дрэў і кустоў сямейства ружакветных, да якога належаць яблыня, ігруша, айва і інш.

3. Як састаўная частка некаторых назваў шкоднікаў яблынь. Яблыневы кветкаед. Яблыневая пладажэрка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надло́м, ‑у, м.

1. Надламанае месца. Надлом косці. Надлом бэлькі. □ — Так, так, — задумаўся Павел, — з вілкай нешта трэба рабіць. І запасной жа няма. От, фокус... Надлом, значыць. Гроднеў.

2. перан. Рэзкае аслабленне фізічных і душэўных сіл у выніку якога‑н. перажывання. Душэўны надлом. □ Пасля апошняга пасяджэння праўлення калгаса Дубель адчуў у душы нейкі надлом. Ермаловіч.

3. перан. Празмерная рэзкасць у праяўленні сваіх пачуццяў. Сказаць з надломам у голасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Вокладка з кардону, скуры і пад. для захоўвання папер, малюнкаў і пад. Галоўны інжынер уважліва праглядаў паперы ў папцы, што ляжала ў яго на каленях. Карпаў. Адзін з.. [харыстаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў. // Від партфеля (звычайна без ручак). Хадзіў.. [выкладчык] у капелюшы, заўсёды пры гальштуку, насіў з сабой не партфель,.. а жоўтую папку. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пляскаць некаторы час; пляснуць некалькі разоў. Прамова [Мікалая] была блытаная, невыразная, аднак яе выслухалі, шмат хто нават папляскаў у ладкі. Лупсякоў. Дакладчыку, як ён скончыў гаварыць, спагадліва ў клубе папляскалі. Ермаловіч. — От мае ўюнчыкі! — папляскаў.. [Грышук] па торбе са здзеклівай усмешкай. Ракітны. Андрэй Міхайлавіч схапіў Толю ў абдымкі і папляскаў па плячы. Якімовіч.

папляска́ць, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак.

Разм. Зрабіць пляскатым, сплюшчыць усё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́лкам, прысл.

1. Так, каб было зразумела. — Які ячмень, хто пастрыг, раскажы толкам? — звярнуўся да Волькі Міхал. Васілевіч. — Ды раскажы ты [Віктар] толкам, у чым справа? — нецярпліва крыкнуў Мірон. Маўр. // Сур’ёзна, не жартуючы. [Цётка Ганна:] — Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён [доктар] пра перадачу знайшоў час думаць. Лынькоў.

2. Добра, як належыць. Праверылі — кучы не ўсе толкам зложаны. У некаторых месцах куча гною асобна, а торф асобна. Ермаловіч. // Доказна, лагічна. Аб выніках даследавання даложана толкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяля́тнік, ‑а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цёмныя або чорныя валасы. Чорнагаловы Віця, нашмат меншы за сястру, першым чынам пачаў расказваць бацьку з маткай, колькі ён узяў добрых грыбоў — баравікоў і колькі падасінавікаў. Ермаловіч. // Які мае чорную галаву (пра птушку, жывёлу і пад.). Уверсе, на галлі, шмыгае чорнагаловая слаўка, скача, папіскваючы, чубатка-сініца, асыпаючы на мяне старыя шыпулькі. Хомчанка.

2. З цёмным, чорным верхам. Чорнагаловыя, ўдалыя, Баравічкі мае любыя! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даручэ́нне, ‑я, н.

1. Справа, даручаная каму‑н. для выканання; заданне. Партыйнае даручэнне. □ У больш тонкія пачуцці .. [шафёр] не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, павінен выканаць. Кулакоўскі. Было яшчэ даручэнне райкома праверыць суседні калгас «Бальшавік». Дуброўскі.

2. Дакумент, які дае каму‑н. права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала яго; даверанасць. Пакідаючы Закуцце, Ігар напісаў гаспадару даручэнне, каб той атрымаў у канторы саўгаса, як прыйдзе на гэта час, Ігараву зарплату. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двайны́, ‑ая, ‑ое.

1. У два разы большы; падвоены. Двайны расход. Двайная плата. □ У гэты дзень было двайное свята — дзень выбараў супаў з 45‑годдзем устанаўлення Савецкай улады ў горадзе. «Звязда».

2. Які складаецца з двух аднародных ці падобных прадметаў, частак. Двайное дно. □ Жыжка прадзеў левую руку праз двайны раменны повад вуздэчкі, каб не выпусціць жарабка. Ермаловіч.

3. Які праяўляецца ў двух відах, формах. Яны вялі старанна прадуманае двайное жыццё. Гамолка.

•••

Двайная бухгалтэрыя гл. бухгалтэрыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буракі́, ‑оў; адз. бурак, ‑а, м.

1. Двухгадовая агародная расліна сямейства лебядовых. Садзіць буракі. Палоць буракі. Сталовыя буракі. Кармавыя буракі.

2. Чырвоныя або белыя караняплоды гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як корм, харч і сыравіна. Церабіць буракі. Рэзаць буракі.

3. Страва, прыгатаваная з караняплодаў або лісця гэтай расліны. Любіць Яўген, як і яго бацька, кіслую капусту, буракі. Баранавых. Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты. Ермаловіч.

•••

Цукровыя буракі — сорт буракоў, з якіх атрымліваюць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)