стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ліп, ‑ла; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.), да каго-чаго. Прыставаць, прыліпаць. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару. Кавалёў. На лоб налазяць і ліпнуць мокрыя валасы. Скрыган.

2. Разм. Шчыльна прыціскацца да чаго‑н. Было.. [гразі на вуліцы] столькі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Мележ. // перан. Гарнуцца да каго‑н. Дзеці ліплі да дзеда. □ Як і даўней, хлопцы цураліся.. [Ігнася] і не любілі. Ігнась таксама не надта ліп да іх, больш адзін быў. Мурашка. // перан. Аблепліваць, усыпаць. Усё больш і больш назойліва лезлі да людзей камары. Яны ліплі да твару, да рук, да ног, усмоктваліся ў чалавечае цела. Галавач.

3. перан. Разм. Назойліва прыставаць да каго‑н. Вяртацца з пустымі рукамі было няёмка. Хоць што-небудзь ды трэба ўзяць. Абы для апраўдання, для адводу вачэй было. Каб не ліплі людзі, не выдумлялі лішняга. Кандрусевіч.

•••

Ліпнуць смалой — настойліва, надакучліва прыставаць да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszyабы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыпе́ць ‘утвараць скрыпучыя гукі; рыпець’, ‘жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы’ (ТСБМ), скры́паць ‘тс’ (Байк. і Некр.). Укр. скрипі́ти, рус. скрипе́ть, ст.-рус. скрипати, польск. skrzypać, в.-луж. křipać, н.-луж. kśipaś, чэш. skřípati, славац. škripať, škripieť, серб.-харв. шкри́пати, славен. škrípati, балг. скрѝпя ‘тс’. Прасл. *skripati, *skripěti ‘скрыпець’. Фасмер (3, 657 і наст.), Махэк₂ (550) лічаць гукапераймальным. Параўноўваюць з лат. skripstêt ‘хрусцець, скрыпець, грымець’, kripš(k)êt ‘тс’, літ. krípštereti ‘ціха шамацець’, ст.-в.-ням. scrîan, screiôn ‘крычаць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 2, 280; Вальдэ-Гофман, 1, 291–292. Сной₁ (637) удакладняе, што гэта да і.-е. базы *(s)krei‑p, *krei‑k (параўн. крычаць, што азначала хрыплыя натуральныя гукі). Варбат (Этимология–1981, 16 і наст.) падцвярджае гіпотэзу Цупіцы (Gutturale, 126) аб роднасці слав. *skripati з групай ст.-ісл. hrīfa ‘рэзаць’ і далей з гняздом і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’ на матэрыяле паўднёваславянскіх дзеясловаў і імён са значэннем ‘шчыліна, расшчэп’, а таксама назваў пазоў, блокаў і г. д. Гл. яшчэ БЕР, 6, 799; Шустар-Шэўц, 701; Борысь, 555.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Удараць, стукаць далонню аб далонь або далонню па чым‑н. І тут перад.. [Васілём Андрэевічам] карціна: дзеці гуляюць у карагод, а Хамянок пасярэдзіне і ў далоні пляскае. Ракітны. Як малы, пляскае ў далоні Сяргей, лежачы разам з Вінцэсем Шастаком у густым шыпшынніку. Мікуліч.

пляска́ць 1, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак.

1. Удараць аб што‑н. з шумам, пляскам (пра ваду ці іншую вадкасць). Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Краўчанка. Уздыхае свабодна рака, Плешча хваляй у бераг няроўны. Астрэйка. // Удараць, стукаць чым‑н. па вадзе. Набываў надвячоркам на Доўгіх азёрах, паслухаў, як у ціхіх затоках плешчуць хвастамі раз’ятраныя шчупакі. Краўчанка.

2. Стукаць, удараць чым‑н. плоскім. Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешча моцна пранікам, а пырскі далёка раскідаюцца, і пранік выбівае «тахты»... Каваль.

3. Тое, што і пля́скаць. Зайка скача, плешча ў лапкі: — Я такой не бачыў шапкі! А. Александровіч. — Браты партызаны! Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі? Колас. Напружанасць спадае ў адно імгненне. Дырэктар плешча ў далоні. Вітка.

•••

Пляскаць языком — гаварыць многа і абы-што.

пляска́ць 2, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак., што.

Рабіць пляскатым, плюшчыць. Снарад такі ўгоніш у калодку абухом, а зверху на ім, на пяце, раўняй што хочаш, пляшчы канец, каб цвік той лепш у лагу лез, калі ты яго не наўскос адсек. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.

1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.

2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).

3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.

•••

Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туды́ ‘ў той бок, у тое месца, туды’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Бяльк., Шат., Касп., Мал., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), ту́ды і туды́ ‘тс’ (Нас.), туда́ ‘тс’ (Федар. 1; лудз., шальч., Сл. ПЗБ), тудэ́ ‘тс’ (беласт., шчуч., драг., Сл. ПЗБ), ‘туды, там, той дарогай’ (Скарбы₂), ст.-бел. туды, туда, туде ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж туды́ж‑тыкі ‘туды ж’ (Нас.), туды́ка ‘туды’ (Сцяшк.), туды́нака ‘тс’ (Жд. 2), туд ‘тс’ (ТС). Укр. туди́, туди́ка, туди́й, туди́йки, рус. туда́, дыял. туды́, туды́‑ка, стараж.-рус. туды ‘туды’, польск. tędy ‘сюдою’, дыял. tądy, каш. tądë, в.-луж. tud(y), н.-луж. tud ‘тут’, дыял. tuder, чэш. tudy ‘сюдою’, славац. tudito ‘гэтай дарогай, сюдою’, славен. tôdaj, tód ‘тут, сюдою’, старое харв. tudi, серб. ту̏д, ту̀да(р) ‘туды’, ‘тут’, ‘сюдою’, балг. тъдя́(ва) ‘недзе тут, у гэтым месцы’, ст.-слав. тѫдоу, тѫдѣ ‘туды, тут, стуль’. Прасл. *tǫdy (з варыянтамі *todě, *tǫdu, *tǫda) утворана ад t‑асновы (як *kǫdě — ад k‑асновы), хутчэй за ўсё, ад формы *ta‑mo‑dě ў выніку гаплалагічнага скарачэння (ESSJ SG, 2, 696), ці ад праславянскага ўказ. займ. *tъ ‘гэты’ (з В. скл.) у форме *tǫ з рознымі часціцамі з элементам *‑d‑ (Борысь, 631), або ‑ǫd, які супастаўляюць з лац. unde ‘адкуль’, inde ‘адтуль’ (ЕСУМ, 5, 669). Паводле ESJSt (16, 974), слова няяснага паходжання. Сной₂ (790) дапускае першаснае значэнне ў прасл. *tudy ‘тут’, якое маецца ў прыслоўі *tu ‘тут’. З індаеўрапейскіх паралелей можна ўказаць на гоц. thadei ‘куды’. Ст.-прус. (is)stwendau ‘стуль’, якое прыводзіцца ў этымалагічнай літаратуры ў якасці адпаведніка stwendau ‘скуль’, фанетычна не зусім адпавядае прасл. tǫdy, паводле Мартынава (Прасл. яз., 28), зыходная форма рэканструюецца як ст.-прус. *istandau, паралельная прасл. *jьztǫdu ‘стуль’. Сюды ж спалучэнні сюды́‑туды́ ‘ў той і ў другі бок’, туды́‑сюды́ ‘сюды-туды’, ‘сыйдзе, нічога’, ‘куды-небудзь’, ‘там і сям’, ‘як-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Федар. 4, Растарг., Арх. Вяр., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘далёка не адыходзячы’ (Варл.), ‘абы-як, нядбайна’ (Юрч. Сін.), ‘у розныя бакі’ (смарг., швянч., пух., астрав., Сл. ПЗБ), туда́‑сюда́, тудэ́‑сюдэ́ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. туды и сюды, туда и сюды, туды и сюда ‘ў той і другі бок’ (ГСБМ). Гл. таксама сюды́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Варыць што‑н. у закрытай пасудзіне пры дапамозе пары. Маці капала на яду нейкае карэнне, таўкла, малола ў жорнах, парыла, варыла — уся сям’я глытала. Бядуля. — Во, гароху нашчыпаў, — паказваю адтапыраную кашулю, — у чыгунчыку будзем парыць. Бялевіч.

2. што. Апрацоўваць парай, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). Парыць бочку. □ [Ігнась] нагнуўся і абмацаў кучу камення. Іх падрыхтавалі на зіму парыць бялізну. Чарнышэвіч. // Праграваць парай, гарачай вадой з лячэбнымі мэтамі. Парыць ногі.

3. Апякаць, прыпякаць (пра што‑н. вельмі нагрэтае). Нагрэтыя, як у печы, тратуарныя пліты парылі ногі. Гартны.

4. каго. Разм. Вельмі цёпла апранаць. [Бацька:] — Што ў цябе за любоў да малых, — дзікая нейкая! Парыш, парыш іх .., а пасля — абы трошкі на холад, дык і гатова. Брыль.

5. што. Кіпяціць (пра малако). Паверыла старая. Прывезла малако і парыць пачала, Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан. // Заліваць кіпнем (зёлкі, траву і пад.) для атрымання адвару.

6. каго. Мыць у лазні з парай. Толькі што.. [Алеся] з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хвасталі венікам і аблівалі мятнай вадою. Караткевіч.

7. перан.; каго. Разм. Біць, лупцаваць.

8. безас. Пра вельмі гарачае вільготнае надвор’е. Увесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. На другі дзень пад поўдзень стала вельмі парыць. Мележ.

9. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла. Было душна, парыла зямля, шчодра напоеная ўчарашнім дажджом. Шамякін.

•••

Парыць зямлю (косці) — не жыць, ляжаць у магіле.

пары́ць, ‑ры́ю, ‑ры́еш, ‑ры́е; зак., што.

1. Зрыць усё, многае (пра жывёл).

2. і без дап. Рыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)