напа́сці, -паду́, -падзе́ш, -падзе́; -падзём, -падзяце́, -паду́ць; напа́ў, -па́ла; -падзі́; зак., на каго-што.

1. Кінуцца на каго-, што-н. з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад., а таксама наогул пачаць дзейнічаць супраць каго-н. з варожай мэтай.

Н. на суседнюю краіну.

Звер напаў на чалавека.

2. Рэзка, адмоўна выступіць супраць каго-, чаго-н.

Н. на сваіх крытыкаў.

3. 3 прагнасцю пачаць што-н. рабіць (разм.).

Н. на ежу.

4. Выпадкова натрапіць на што-н., знайсці што-н.

Н. на ягаднае месца.

Н. на воўчы след.

5. Раптоўна ахапіць, з’явіцца (пра душэўны або фізічны стан).

На мяне напала роспач.

Напаў кашаль.

Не на таго напаў (нарваўся) (разм., часта іран.) — маеш справу не з тым, на каго разлічваў.

|| незак. напада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. нападзе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

варушы́цца, ‑рушу́ся, ‑ру́шышся, ‑ру́шыцца; незак.

1. Прыходзіць у ледзь прыкметы рух ад чаго‑н. Ледзь варушылася лісце ліпавых прысад — кроны іх цямнелі ў святле электраліхтароў. Хадкевіч. // Рабіць рухі, шавяліцца. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На губах настаўніка заўсёды блукае стомленая ўсмешка, і ён стараецца захаваць яе, і ад гэтага варушыцца левы вус. Чарнышэвіч.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць людзей, жывёл). Каля.. [негра] стаяў кошык, у якім варушыліся ядавітыя змеі. Арабей. // Праяўляць прыкметы ажыўлення. Перон варушыўся, нібы муравейнік. Васілевіч.

3. перан. Разм. Займацца чым‑н., актыўна дзейнічаць. Калі трэба было рабіць што ў полі, ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць. Скрыган. // Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць (пра думкі, пачуцці і пад.). Першы момант анямення .. прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Колас. І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда. Гамолка.

4. Разм. Ехаць, ісці (звычайна павольна). Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

5. заг. варушы́(це)ся. Разм. Ужываецца пры пабуджэнні да дзеяння. [Скіба:] Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайце, што вы — людзі. Крапіва. — Но-о, гняды, варушыся! — ляснуў ляйчынаю стары. Гурскі.

6. Зал. да варушыць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Студзі́цьрабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studitiрабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гняздзі́цца, гнязджуся, гнездзішся, гнездзіцца; незак.

1. Жыць, рабіць гнёзды (пра птушак). Гусі і качкі гнездзяцца над самай вадою. Чорны. — Я зварачаў увагу на тое, што ёсць такія мясціны, дае птушкі не хочуць гняздзіцца і спяваць, а стараюцца абмінаць іх. Колас. // Мець прытулак, прыстанішча (пра людзей, звяроў, насякомых). — Вы думаеце — многія ведаюць пра падзямелле? — сказаў дзед Піліп. — Дзе там! Людзі здаўна стараліся абыходзіць гэта месца, бо тут вечна гняздзіўся ўсякі зброд... Ваданосаў.

2. перан. Моцна трымацца, караніцца ў кім‑, чым‑н. (пра абстрактныя паняцці). [Крамарэвіч] некалькі разоў на ноч курыў і ўжо заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзілася ў душы яго. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

база́р, ‑у, м.

1. Гандаль (пераважна прыватны) прадуктамі і іншымі таварамі шырокага ўжытку ў пэўныя дні на спецыяльна адведзеных плошчах. Базар пачаўся рана. // Вялікі перадсвяточны або сезонны гандаль спецыяльнымі таварамі, звычайна на адкрытым месцы. Кніжны базар. Навагодні базар. // Людзі, што знаходзяцца на базары. Базар ужо раз’язджаўся. Збегся ўвесь базар.

2. Спецыяльна адведзенае месца з адпаведнымі прыстасаваннямі і будынкамі для гандлю. Маўчаць спусцела голыя базары. Сіпакоў.

3. перан. Разм. Бязладная гаворка, крык, тлум. — Дык рабіць жа што будзем? Чаго ж гэта мы базар адкрылі тут? Галавач.

•••

Птушыны базар — месцы на берагах мора, дзе гняздзяцца вялікія масы птушак.

[Перс. bāsar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.

1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.

2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.

3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.

4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.

•••

Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).

Галава варыць у каго гл. галава.

Мазгі (не) вараць гл. мозг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казна́, ‑ы, ж.

Уст.

1. Сукупнасць грашовых, зямельных і іншых матэрыяльных каштоўнасцей дзяржавы. — Пад казну зямля пайсці не можа, гэта ўласнасць пана міністра. Чорны.

2. Дзяржава як уладальнік гэтых каштоўнасцей, а таксама ўрадавая ўстанова, якая распараджаецца маёмасцю дзяржавы. — Далася вам гэтая казка. Самі на сябе рабіць будзеце, а не на казну, свая ж гаспадарка будзе. Галавач. // Дзяржаўная ўстанова, прадпрыемства. А хлеба ўсё ж такі не хапала; узімку наймаліся ў казну рэзаць дровы, вазілі кароўкі, наймаліся ў гарадах... Каваль.

3. Грашовыя сродкі, маёмасць. Паднятыя апоўначы ў пошуках заработку бедныя дзеці так і паехалі, не багата сабраўшы для папаўнення казны сіроцкага дома. Філімонаў.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)