над, прыназ. з Т і В.

Спалучэнне з прыназ. «над» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго‑н. зверху, паверх каго- ці чаго‑н. Туман сцелецца над полем. Сцягі над горадам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Колас. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Лынькоў. І над Расіяй назаўсёды Зару Кастрычнік запаліў. Астрэйка. // Пры словах «рака», «возера», «балота» і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай З латанай страхою, Што схілілася над Нёмнам Горкай сіратою. Колас. Каля млына над возерам устае, быццам белая воўка, пахучы туман... Бядуля. // Ужываецца для ўказання на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што‑н. Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Купала.

Аб’ектныя адносіны

2. з Т. Ужываецца для абазначэння адносін дзеяння да якіх‑н. аб’ектаў, накіраванасці яго на што‑н., засяроджанасць на чым‑н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. □ Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго‑н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над .. [Сержам]. Чорны. Тварыў [баярын] закон свой і свой суд Над абнядоленым народам. Купала.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога‑н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго‑н. (са словамі «смяяцца», «плакаць», «галасіць», «гараваць» і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над стратай. □ Сумна вецер плакаць стане Над будынкам мужыкоў. Колас.

Адносіны меры і ступені

4. з Т. Разм. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго‑н. Мароз над маразамі. □ Я — пралетар!.. Яшчэ ўчора раб пакутны — Сягоння я зямлі ўладар І над царамі цар магутны! Купала.

Параўнальныя адносіны

5. з В. Уст. Ужываецца пры называнні аб’екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Крайне суровы; бязлітасны, неміласэрны. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч.. у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. [Эльга] усміхнулася гарэзнай і чароўнай усмешкай, якой можна ваваяваць самага жорсткага дзікуна. Мікуліч. // Які выражае суровасць (пра вочы, выраз твару). Вочы ў Карніцкага сталі жорсткія, бязлітасныя. Паслядовіч. Вочы Бярозіна, здаецца, яшчэ больш, пацямнелі, а рысы твару сталі жорсткімі, акамянелымі. Шчарбатаў. // Цяжкі, суровы, пакутлівы (пра жыццё, час і пад.). Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для .. [камуністаў] шчаслівым этапам на жорсткім шляху барацьбы. Брыль. Працоўны народ нават у самыя жорсткія часы не расставаўся з марай аб шчаслівым радасным жыцці. Шкраба.

2. Які перавышае звычайную меру, ступень, вельмі моцны па сіле праяўлення. Жорсткі прыгнёт. □ На гэтым месцы, дзе капаюцца цяпер шахты, дзе ўзводзіцца горад Салігорск са сваёй хімічнай прамысловасцю, не адзін раз праходзілі жорсткія баі з фашысцкімі акупантамі. Кулакоўскі. Людскога гневу выбухі глухія Зноў закіпалі жорсткай барацьбой, Ўздымалася рабочая Расія На бой за шчасце, на астатні бой... Звонак. // Вельмі моцны, рэзкі, пранізлівы (пра вецер, мароз і пад.). Слімак паклыпаў далей, захінаючы твар ад жорсткага ветру і калючага снегу. Лынькоў. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі.

3. перан. Суровы, рэзкі. Жорсткі характар. □ У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Мележ. [Валя] і потым ніяк не ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы. Васілевіч. // Грубы, непрыемны на слых. Жорсткі голас. □ Блізка-блізка завёў сваю сухую жорсткую песню драч. Гартны.

4. перан. Строгі, які не дапускае адхіленняў. Жорсткія ўмовы. Жорсткі рэжым.

5. Цвёрды, шчыльны на вобмацак; проціл. мяккі. Тая ж шалёная сіла зноў шпурнула Рамана на груд — на жорсткі, цвёрды, камень. Пташнікаў. Ваенфельчар стала.. каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Шамякін. // Грубы, каляны. Жорсткія валасы. Жорсткая асака. □ Стоцкі ўжо захутаў галаву ў жорсткую інтэрнацкую коўдру, маўчаў. Карпюк. // Сыпкі, калючы. Жорсткая мука. □ Снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Лынькоў.

6. Спец. Здольны супраціўляцца ўтварэнню дэфармацыі. Жорсткая канструкцыі,

•••

Жорсткая вада гл. вада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страла́, ы́; мн. стрэ́лы (з ліч. 2, 3, 4 стралы́), стрэл; ж.

1. Тонкі прут з завостраным канцом або вострым наканечнікам для стральбы з лука. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў .. [каршуна]. Якімовіч. Жыхары абараняюцца лукамі. Стрэлы свабодна праходзяць праз ствалы і голле .. дрэва. Матрунёнак. // звычайна мн. (стрэ́лы, стрэл); перан. З’едлівыя, калючыя словы ў чый‑н. адрас. Стрэлы крытыкі. // Простая, доўгая паласа чаго‑н. Нібы страла, [шаша] рассякала бязмежную раўніну стэпу. Востры канец гэтай даўжэзнай стралы канчаўся там, дзе шызае неба злівалася з жоўтай зямлёй. Шамякін.

2. Назвы розных вузкіх і доўгіх дэталей і частак у механізмах, прыладах. Страла станковага кулямёта. Страла вагі. // перан. Паэт. Пра тое, што падобна да стралы, напамінае стралу. Рвануў вецер, недзе далёка грымнуў гром, данесліся сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Гурскі. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Колас.

3. Рухомая частка пад’ёмнага крана, а таксама спецыяльнае прыстасаванне для пад’ёму грузаў. Страла экскаватара. □ Горад жыў побач, звінеў трамваямі, размахваў стрэламі будаўнічых кранаў, тануў у рознагалоссі шуму і грукату. Ракітны. Націскаючы на рычаг, .. [Таня] накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» і штопар брыгадзіравага пальца ўніз — зніжае груз у патрэбнае месца. Гарбук.

4. Тое, што і стрэлка (у 2 знач.). На слупах вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. Лынькоў.

5. Тое, што і стрэлка (у 5 знач.). У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў. Вітка. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

6. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі хутка. Коля стралой памчаўся на кухню, каб папярэдзіць дзяжурнага. Пальчэўскі.

7. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі прама. Бяжыць чыгунка. Бор стары Яна стралой перасякае І крута гнецца ля гары, Нібы дуга якая. Калачынскі.

•••

Парфянская страла — меткі каварны ўдар, трапнае знішчальнае слова праціўніка (ад ваеннай хітрасці парфян — сімуляваць уцёкі і цераз плячо паражаць праціўніка з лука).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ва, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)