маёнткавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.
2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мутне́ць, ‑ее; незак.
1. Рабіцца мутным. Вада мутнее. □ Пацямнела. Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. Ноч паступова згушчалася, мутнела, на кукурузныя лісты клалася халаднаватая раса. Кулакоўскі.
2. перан. Станавіцца няясным, невыразным; зацямняцца (аб розуме, памяці). Урэшце пачала мутнець памяць. Дні блыталіся з начамі. Лупсякоў. Цікавасць перамешвалася ў мяне са страхам, ад якога мутнела ў галаве. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскаці́ць, ‑качу́, ‑ко́ціш, ‑ко́ціць; зак., што.
1. Коцячы, раз’яднаць, развесці ў розныя бакі. Раскаціць бочкі. □ Дастаць .. гармонік ніхто не мог. Для гэтага прыйшлося б раскаціць усю кучу бярвення. Якімовіч.
2. Разагнаўшы, паступова надаць вялікую скорасць чаму‑н. Раскаціць каляску.
3. Пакаціўшы, разгарнуць, раскруціць што‑н. згорнутае ў рулон. Раскаціць сувой. □ Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплы́сці і сплыць, сплыву́, сплыве́ш, сплыве́; сплывём, сплывяце́, сплыву́ць; сплыў, сплыла́, -ло́; зак.
1. Паплысці ўніз па цячэнні, быць знесеным вадой.
Мост сплыў аж да кустоў вербалозу.
2. Сцячы адкуль-н.
Вада з сенажаці сплыла к вечару.
3. Плаўна апусціцца, аддаліцца, адысці і пад.
Пыл сплыў ад дарогі на прысады.
4. перан. Паступова, павольна знікнуць.
З твару сплыла ўсмешка.
5. Мінуць, прайсці (пра час, здарэнні).
Сплыла маладосць, а за ёй і жыццё.
Было ды сплыло (прымаўка).
6. перан. Бясследна прапасці.
Тавар сплыў невядома куды.
Сплылі грошы і няма.
7. Знемагчы ад страты крыві.
С. крывёю.
|| незак. сплыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
разві́цца, -заўю́ся, -заўе́шся, -заўе́цца; -звіўся, -звіла́ся, -ло́ся; зак.
1. Раскруціцца, расплесціся (пра што-н. звітае, завітае).
Вяроўка развілася.
2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.).
З прыходам цяпла дрэўца прыгожа развілося.
Тады каза разжывецца, як куст разаўецца (прыказка).
3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця.
Усходы добра развіліся.
4. Дайсці да высокай ступені дасканаласці, высокага ўзроўню, найбольшай сілы.
Шырока развілася сучасная літаратура.
Здольнасці развіліся.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць мацнейшым, умацавацца, памацнець.
Мускулы развіліся.
6. Паступова павялічваючыся, узмацняючыся, дайсці да значнай ступені.
З гары развілася вялікая скорасць.
|| незак. развіва́цца, -а́ецца.
|| наз. развіццё, -я́, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.
1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.
2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.
3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касаву́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Разм. Глядзець коса, убок; касіць вочы. Льга было заўважыць, што Кірыла толькі што атрымаў «Залатую Зорку», бо ён сам яшчэ не звыкся з ёю і час ад часу касавурыў вочы на высокую ўзнагароду. Гурскі. Гэты дзядзька зрэдку касавурыў на яго сваё бяльмастае вока і чагосьці падміргваў цётцы. Лынькоў. Крылаты драпежнік паступова суцішыўся, толькі зрэдку касавурыў на хлопчыкаў пукатыя шкельцы вачэй. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радзе́ць, ‑ее; незак.
Станавіцца рэдкім (у 1–3 знач.) або больш рэдкім, менш густым, менш частым. Туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская. Паступова воплескі радзелі, сёй-той падымаўся і выходзіў з залы. Асіпенка. // Змяншацца колькасна. Дружная сям’я танкістаў радзела з кожным боем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экста́з, ‑у, м.
Найвышэйшая ступень захаплення, пры якой чалавек даходзіць да самазабыцця; непрытомна-раз’юшаны стан. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння.. гнязда яго адвечных класавых ворагаў. Колас. Алеся стаяла ў царкоўным хоры ў нейкім містычным экстазе і спявала велічныя харалы. Рамановіч. Голас дразда-белабровіка паступова ўзвышаўся.., а потым і наогул белабровік зайшоўся спевам найвышэйшага радаснага экстазу. Кірэенка.
[Грэч. ékstasīs — раз’юшанасць, захапленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жанчы́на, ‑ы, ж.
1. Асоба, па полу супрацьлеглая мужчыну. Працавітая жанчына. Жанчына-маці. // Асоба жаночага полу як увасабленне пэўных асаблівасцей, якасцей. Паступова ў ёй абуджалася жанчына. □ Ззаду .. [Віктара] стаяла яшчэ даволі маладая жанчына з прыгожым тварам. Даніленка. // Асоба жаночага полу, якая была або знаходзіцца замужам. Наперадзе спяваюць дзяўчаты, ззаду, расцягнуўшыся на дарозе, ідуць, гамоняць і смяюцца жанчыны. Ракітны.
2. Разм. Жонка. Сам Гурба стаіць адзінокі Няма яго вернай жанчыны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)