успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Весялу́ха1 ’вясёлая жанчына, жанчына з вясёлым норавам, ахвотніца павесяліцца’ (КТС, БРС, Янк. II, Сцяшк., КЭС); ’вясёлая старая жанчына’ (Рас.), укр. веселу́ха, рус. пск., смал., маск., варон. веселу́ха, веселу́шка ’вясёлая жанчына’. Утворана ад прыметніка весел‑ (< vesel‑ъ) і эмацыянальна афарбаванага суфікса ‑ух‑а (< ‑ux‑a).

Весялу́ха2 ’вясёлка’ (КТС, ДАБМ, к. 312, Сцяшк. МГ, Некр., Янк. II, Яшк.), хойн., мазыр. веселу́ха ’тс’ (Мат. Гом.), укр. веселу́ха, рус. смал., бранск., тул., арханг. веселу́ха ’тс’. Старая назва, утвораная ад vesel‑a і экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a. Гл. таксама вясёлка.

Весялуха3 (жарт.) ’гарэлка’ (КТС), укр. веселу́ха, рус. разан. веселу́ха, пск. веселу́шка ’тс’ — пераноснае ад весялуха1 (гл.).

Весялуха4 ’жартаўлівая кароткая песня, частушка’, сюды ж ду́дка‑весялу́шка (КТС). Рус. варон. веселу́шка ’кароткая танцавальная частушка’. Пераноснае з весялуха1 (гл.).

Весялуха5 ’грыб’ (лоеў., Мат. Гом.). Утворана пры дапамозе суф. ‑уха і вясёлка; параўн. слаўг. вясёлка ’апенька летняя, Kuehneromyces mutabilis’ (Яшкін, вусн. паведамл.), узд. ’нейкі грыб з віду порхавак’ (КЭС), якое, магчыма, з *вясёнка < вясенняя апенька.

Весялу́ха6 ’лес з павіслых бяроз, Betula pendula Roth.’; ’бярэзнік’ (дубр., крыч., Яшк.), сюды ж лёзн. весяльні́к ’лес з бяроз. Betula verrucosa Ehrh’. (Яшк.). Рус. пск., смал. вясёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, пск. весёльнік ’лес з маладых бярозак’. Да вясёлы (гл.): галіны бярозы і маладыя бярозкі выкарыстоўваюцца ў час вясенняга свята тройцы, ствараючы святочны настрой, радасць, весялосць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́клікаць, ‑клічу, ‑клічаш, ‑кліча; заг. вы́кліч; зак., каго-што.

1. Папрасіць, прапанаваць з’явіцца куды‑н. Выклікаць да начальніка. Выклікаць сведку ў суд. □ Пачуўшы пра гэтае самаўпраўства, Яўген Данілавіч загадаў неадкладна выклікаць Карніцкага ў райком. Паслядовіч. // Папрасіць выканаўцу выйсці на сцэну. Выклікаць артыста на «біс». // Прапанаваць (вучню, студэнту) адказваць. [Алёшу] выклікалі па алгебры і фізіцы, і па абодвух прадметы ён атрымаў «пяцёркі». Васілевіч.

2. на што. Прапанаваць прыняць удзел у чым‑н., схіліць на ўзаемнае дзеянне, пачуццё і пад. Выклікаць на сацыялістычнае спаборніцтва. Выклікаць на шчырую размову. □ — Калі б гэта было сто гадоў таму назад, — сказаў Міхась, — я на месцы Андрэя выклікаў бы Івана Барысаглебава на дуэль. Шахавец.

3. З’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н., з’явіцца прычынай чаго‑н. Выклікаць апетыт. Гэта не выкліча цяжкасцей. □ Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой. Колас. Нават сам [Андрэй] не чакаў, што ўспамін аб Вользе выкліча такое хваляванне. Пестрак.

•••

Вы́клікаць да жыцця — стаць прычынай з’яўлення чаго‑н.

выкліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́клікаць і выклікнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыхтава́цца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Рабіць усё неабходнае для правядзення, здзяйснення чаго‑н.; прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення чаго‑н. Рыхтавацца ў дарогу. Рыхтавацца да зімы. □ Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін. Масква рыхтуецца да свята. Вясёлы гоман галасоў, Разгорнутыя транспаранты, Гірлянды залатых агнёў... Танк. Мы рыхтаваліся ўцякаць удвух з Жарнаком, і толькі з ім гаварылі аб гэтым сур’ёзна. Брыль. // Вывучаць што‑н., працаваць над чым‑н. з мэтай падрыхтоўкі да якой‑н. дзейнасці. Рыхтавацца да экзаменаў. Рыхтавацца да паступлення ў інстытут. Рыхтавацца да лекцыі. □ За сваё жыццё Святлана правяла ўжо не адну тысячу ўрокаў, і рыхтавацца ёй да іх было лёгка. Шахавец.

2. Быць, знаходзіцца ў стане або працэсе падрыхтоўкі. Рыхтавалася ў лесе база, з якой павінен быў дзейнічаць атрад. Чорны. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці. Колас.

3. Зал. да рыхтаваць.

рыхтава́цца 2, ‑туецца; незак.

Зал. да рыхтаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе, рухаецца насустрач. З-за павароту адна за другой выскачыла некалькі сустрэчных аўтамашын. Корбан. Аня весела аглядалася на сустрэчных студэнтак. Карпюк. Сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон. С. Александровіч. Гасяць, чуў я, пажары лясныя Сустрэчным агнём. Куляшоў. / у знач. наз. сустрэ́чны, ‑ага, м. Заглядаючы ў вокны дамоў, у пад’езды, прыглядаючыся да сустрэчных,.. [Віктар] прайшоў квартал. Карпаў. // Які трапляецца на дарозе. Ідзе чалавек бестурботны, Разглядвае лес векавы, Сустрэчных дарожак палотны. Колас.

2. Які з’яўляецца адказам на што‑н.; які даецца ў адказ на што‑н. Сустрэчны план. Сустрэчны ўдар. □ Вось, напрыклад, жонка пачне, як гэта ўсе кажуць, пілаваць, — а я ніякіх ёй сустрэчных «тэзісаў». Скрыпка. Сустрэчная страляніна стала беспарадкавай, кулямёт справа замаўчаў. Хадкевіч.

3. Які выконваецца пры сустрэчы (у 3 знач.). У адказ .. [начальніку] марш вясёлы, сустрэчны. Лынькоў.

•••

Сустрэчны агонь гл. агонь.

Сустрэчны іск гл. іск.

Першы сустрэчны — першы, хто пападзецца насустрач.

Сустрэчны і папярэчны — усякі, любы без разбору чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́ць, увалью, увальеш, увалье; увальём, увальяце і улію, уліеш, уліе; уліём, уліяце; пр. уліў, уліла, ‑ло; заг. улі; зак.

1. што і чаго. Наліць унутр чаго‑н. Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. Пакуль тры лыжкі настою не ўліе баба Васіліса малому, не адступіцца. Паўлаў. // перан. Усяліць, абудзіць (сілы, энергію, веру і пад.). Настрой у .. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.

2. перан.; каго-што. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., дабавіць да чаго‑н. Уліць атрад у партызанскае злучэнне. Уліць карткі ў картатэку.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), без дап. Разм. Выпасці ў вялікай колькасці (пра дождж). Навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што як я ні напінаў брызентавую накідку, яна не ратавала. Сабаленка. / у безас. ужыв. [Міхал:] — Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жывы́, -а́я, -о́е.

1. Такі, які жыве, валодае жыццём; проціл. мёртвы.

Жывая істота.

Жывыя кветкі.

2. Які мае ацносіны да жывёльнага або расліннага свету.

Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвай энергіі, сіл; актыўны, дзейны.

Хлопец быў малады, вясёлы, ж.

Ж. тэмперамент.

Жывая работа.

4. Сапраўдны, натуральны, арыгінальны.

Жывая рэчаіснасць.

Паказаць у творы жывых людзей.

Ж. прыклад гераізму.

5. Бойкі, поўны руху, ажыўлены.

Жывая дарога.

6. Выразны, яркі.

Жывая мова рамана.

Ж. паказ падзей.

Жывыя ўспаміны.

7. Які сапраўды існуе, яшчэ не знік.

Жывая граматычная форма.

Жывая літаратурная мова.

8. Які захоўваецца ў памяці, не забываецца.

Старыя будынкі — жывая гісторыя горада.

Жывая вага — вага жывой жывёліны (у процілегласць чыстай вазе мяса).

Жывая мова — мова, якой карыстаецца народ.

Жывая сіла (спец.) — людзі, жывёла (у адрозненне ад механізмаў, тэхнікі).

Жывое срэбра — ртуць.

Браць (узяць) за жывое (разм.) — даймаць (даняць) чым-н., расстройваць (расстроіць), прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Жывая капейка — пра ўсё, што дае прыбытак, даход.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане.

Жывая рана

1) рана, якая яшчэ не зажыла;

2) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Жывога месца няма (разм.) — пра вельмі збітага чалавека.

Жывое слова

1) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай;

2) яркая мова, цікавае слова, якое хвалюе слухача.

Жывы труп — пра вельмі слабага, худога, хворага, блізкага да смерці чалавека.

Зачапіць за жывое — усхваляваць, закрануўшы што-н. важнае для каго-н.

На жывую нітку (разм.) — нетрывала, на скорую руку (зрабіць што-н.).

Ні адной жывой душы (разм.) — нікога, ні аднаго чалавека.

Ні жывы ні мёртвы (разм.) — у стане вялікага страху.

|| наз. жы́васць, -і, ж. (да 3, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавывясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)