гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

изобража́ть несов.

1. (создавать образ кого, чего) ствара́ць во́браз (каго, чаго); (писать красками) малява́ць; (рисовать) рысава́ць; (лепить) ляпі́ць; (высекать) высяка́ць; (в литературе, театре, кино) пака́зваць; (жизнь, события — ещё) адлюстро́ўваць; (в литературе — ещё) апі́сваць, (словами) апі́сваць (што), раска́зваць (аб чым);

2. (быть, являться изображением чего-л.) быць, з’яўля́цца (чым), адлюстро́ўваць (што), уяўля́ць сабо́й (каго, што);

карти́на изобража́ла морско́й прибо́й карці́на адлюстро́ўвала марскі́ прыбо́й;

скульпту́ра изобража́ла во́ина скульпту́ра ўяўля́ла сабо́й во́іна;

3. (обнаруживать, выражать) выяўля́ць; выка́зваць;

лицо́ его́ изобража́ло скорбь твар яго́ выяўля́ў (выка́зваў) сму́так;

4. (выдавать себя за кого, представляться кем) прыкі́двацца (кім), стро́іць з сябе́ (каго), выдава́ць сябе́ (за каго);

изобража́ть из себя́ несча́стного стро́іць з сябе́ няшча́снага (выдава́ць сябе́ за няшча́снага);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

каза́ць 1, кажу, кажаш, кажа; незак.

1. што, без дап. і са злучн. «што». Выказваць у вуснай форме якія‑н. думкі, меркаванні; расказваць, гаварыць. Казаць праўду. Не казаць ні слова. Казку казаць. □ — Што сынку, што? — са слязамі ў вачах казаў.. дзядзька Кандрат. Брыль. — Сымон Чарнюк казаў, што тут скарб захаваны, — пацвердзіў Язэпка. Бядуля. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Прыказка. // перан.; каму-чаму. Выклікаць, абуджаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас.

2. безас. (у форме 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, пагалоскі; гавораць. І кажуць, ледзь ранак расісты Абудзіць дубровы Палесся, Да сябра свайго сувязіста Той голуб ляціць з паднябесся. Нядзведскі.

3. Абавязваць, загадваць. / у перан. ужыв. Сумленне кажа рабіць так.

4. перан. Сведчыць аб чым‑н., указваць на што‑н. Усмешка гэтая выразна казала аб тым, што Аленка нічога не мела, б, каб паганяцца за Сцёпкам. Колас. Сама [Ліда] і не чула б.., што сушыла смага, што галодная; сама не чула б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Брыль.

•••

Добра кажаш (у знач. пабочн.) — сапраўды.

І не кажы(це)! — выражае поўную згоду з гаворачым: так, безумоўна.

Казань казаць — гаварыць павучальна і дакучліва.

Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш — загадзя не зрабіўшы, не хваліся.

Няма чаго казаць — ужываецца для выказвання згоды, салідарнасці з кім‑н.: сапраўды, на самай справе.

Што (тут і) казаць — нічога не скажаш, няма чаго гаварыць; праўда. — Ды што тут казаць, — падтрымаў Макара Аўдзеевіча млынар. М. Ткачоў.

Што (як) ні кажы — нягледзячы ні на што, як бы там ні было.

Як кажуць; як той казаў (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць. Пагаварылі крыху ды асталіся, як кажуць, пры сваіх інтарэсах. Бажко. На стале будзе, як той казаў, і паранае, і варанае. Васілёнак.

каза́ць 2, кажу, кажаш, кажа; незак., што і чаго.

Разм. Паказваць. Цяпер на вуліцу і носа не кажы: будуць дражніцца. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́цьвыказваць у вуснай форме якія-небудзь думкі, меркаванні, расказваць, гаварыць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; міёр., З нар. сл.; Гарэц., Касп.; палес., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Радч., Сцяшк., Шат., Яруш.), ’абавязваць, загадваць’ (БРС, ТСБМ, Нас.), ’паказваць’ (ТСБМ). Крыніцы, на жаль, вельмі неаб’ектыўна паказваюць геаграфію слова; гэта зразумела, таму што дыферэнцыяльныя слоўнікі не ўключаюць лексіку такога тыпу. У іншых слав. мовах: укр. казати ’гаварыць, абавязваць’, казатися ’паказвацца, яўляцца’, рус. казать ’паказваць’, ’гаварыць’, ’абавязваць’, ’даваць параду, вучыць’, казаться ’паяўляцца’ і інш., польск. kazać ’расказваць, настаўляць’, ’прапаведаваць’, ’абавязваць’, ’патрабаваць’, славін. kȧ̃zăc ’прапаведаваць’, каш. kazac ’прапаведаваць’, ’загадваць, абавязваць’, н.-луж. kazaś ’загадваць’, ’запрашаць’ і інш., в.-луж. kazać ’загадваць, патрабаваць’, чэш. kázati ’прапаведаваць’, ’загадваць’, славац. kázať ’загадваць’, ’чытаць пропаведзь’, славен. kázati ’паказваць’, серб.-харв. kázati ’выказаць, паказаць’, макед. каже ’выказаць’, ’паказаць’, балг. кажа ’выказаць’, ’назваць’, ’загадаць’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 169, прасл. форма гэтых слоў kazati дуратыўны дзеяслоў на ‑ati з падоўжаным каранёвым галосным а < ō. Слоўнік дапускае, што ў аснове kazati ляжыць, такім чынам, *koz‑, якое непасрэдна ў слав. мовах не зафіксавана. Магчыма, існаванне такой формы ўскосна пацвярджае быццам бы роднаснае čeznǫti, дзе, як нейкі эквівалент нулявой ступені, рэгулярнай для дзеясловаў на ‑nǫti, прысутнічае апафанічна зыходная ступень ‑e‑. Адносна семантыкі Слаўскі (2, 110) мяркуе, што зыходным значэннем было ’даць магчымасць бачыць, аглядаць’ (’даць бачыць’, ’паказаць’). Развіццё гэтага — з’яўленне значэння ’гаварыць’ (⩾ ’расказваць, загадваць’) і інш. Агульная семантыка ’звяртаць нечым увагу на што-н. (з дапамогай жэста або слоў)’. У якасці паралелі прыводзіцца лац. dīcō ’кажу’ пры грэч. δείκνῡμι, ’паказаць’ (так яшчэ ў Патабні, РФВ, III, 1880, 102–103). Трубачоў (Эт. сл., 9, 169), прымаючы такую версію, мяркуе, што на гэтай жа падставе сюды неабходна аднесці і каўзатыўнае kaziti, уласна ’меціць’ → ’псаваць’, нягледзячы на тое што kazati і kaziti звычайна разглядаюцца асобна. Ніжэй Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што для гнязда kazati, kaziti, čeznǫti дамінуючымі і зыходнымі былі значэнні ’паказваць, рабіць знак, меціць’, па гэтай прычыне некаторыя з і.-е. паралелей нельга лічыць надзейнымі. Для слав. kazati мяркуецца сувязь з і.-е. *k​ek̑, *k​ok̑‑ ’блішчаць, паказвацца; бачыць’ (Слаўскі, 2, 110). З лексемных адпаведнікаў можна прывесці ст.-інд. kā́śate ’з’яўляецца, блішчыць’, ст.-іран. čašte ’ён вучыць’, ākasat ’(ён) пабачыў’, грэч. τέχμαρ ’знак, прыкмета’. Што ж датычыцца адзначаных у славянскіх мовах значэнняў, то пры іх аналізе, на думку Слаўскага (там жа), неабходна лічыцца з магчымым уплывам прыставачных утварэнняў. Параўн. яшчэ Махэк₂, 246, дзе прапануецца выводзіць слав. kazati з і.-е. *kās, аб чым можна меркаваць, параўноўваючы слав. kazati са ст.-інд. śās‑ti ’паказвае, папракае, павучае і інш.’ Аднак гэта версія мала пераканаўчая па прычыне неадэкватнасці фанетыкі слав. і ст.-інд. слоў. Няясныя магчымыя трансфармацыі фанетыкі і для Махэка, і таму ён дапускае адваротны ўплыў на kazati прасл. kaznь (гл. Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)