кіпяці́ць, ‑пячу, ‑пяціш, ‑пяціць; незак., што.

Награваць вадкасць так, каб яна кіпела; даводзіць да кіпення. Кіпяціць ваду. / Пра пасудзіну, у якой награваюць вадкасць да кіпення. Кіпяціць чайнік. Кіпяціць самавар. // Трымаць, варыць у кіпячай вадкасці. Кіпяціць бялізну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́сых ’ежа з кавалкаў лечанага цеста’ (Мік.). Відаць, да сухі, сушыць (гл.), параўн. таксама славац. posuch ’ляпёшка з хлебнага цеста’. Цікавым з’яўляецца супрацьпастаўленне з патапцы ’страва з хлеба і малака’ (мазыр., З нар. сл.), што ад тапіць ’мачыць у вадкасці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смакту́лька ‘зябер прыгожы, Galeopsis speciosa Mill.’, смакту́н ‘тс’ (нясвіж., ЛА, 1), смо́кта ‘тс’ (ТС). Да смактаць (гл.), таму што кветкавыя трубачкі расліны змяшчаюць многа цукрыстай вадкасці (параўн. іншую назву сысункі́ ‘тс’). Паводле Аненкава (151), з’яўляецца ласункам дзяцей, якія высмоктваюць гэты сок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дро́сель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне ў выглядзе клапана, засланкі для рэгулявання ціску і расходу вадкасці, пары або газу.

2. Шпуля з меднага дроту, якая мае вялікае індуктыўнае супраціўленне і служыць для рэгулявання сілы току ў электрычным ланцугу.

[Ням. Drossel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́пан, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Дэталь у кампрэсарах, рухавіках унутранага згарання і інш., якая закрывае праход пары, газу або вадкасці.

Засцерагальны к.

2. Частка полага органа ў выглядзе складкі ў сэрцы, якая не дае рухацца крыві ў адваротным напрамку.

Сардэчны к.

3. Нашыўка з куска матэрыі, якая прыкрывае кішэню або шво на адзенні.

|| прым. кла́панны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

іме́рсія, ‑і, ж.

Спец.

1. Уваход аднаго нябеснага цела ў цень другога.

2. Увядзенне каплі вадкасці (звычайна кедравага алею) паміж аб’ектывам мікраскопа і прадметам, які разглядаецца ў ім, для ўзмацнення яркасці і атрымання больш выразнага і павялічанага малюнка.

[Лац. immersio — паглыбленне, апусканне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залатні́к 1, ‑а, м.

Старая мера масы, роўная 1/96 фунта (каля 4,26 г), якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

залатні́к 2, ‑а, м.

Механізм для аўтаматычнага кіравання патокам пары, газу, вадкасці ў цеплавых, гідраўлічных і пнеўматычных машынах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарпа́к, ‑а, м.

1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.

2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кла́пан ’прыстасаванне для рэгулявання патоку пары, газу, вадкасці’ (ТСБМ), ’пласцінка, якая закрывае адтуліну, а таксама гузік клавіша ў гармоніку, аргане’ (ТСБМ, Бяльк.), ’драўляная частка кавальскага меха’ (Нар. словатв.). Запазычанне праз рус. клапан з ням. Klappen (мн. л. ад Klappe ’тс’) (Шанскі, 2, 8, 144).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недалі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. недаліваць — недаліць.

2. Колькасць якой‑н. вадкасці, якой не хапае да патрэбнай меры. Недаліў бензіну да трох літраў.

3. Спец. Няпоўная заліўка ліцейнай формы металам, у выніку чаго атрымліваюцца дэфекты ліцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)