са́мы, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча. Колас. // Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы. Крапіва. [Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы. Шамякін.

2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк. Лынькоў. У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой. Навуменка. Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі. Ігнаценка. // У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед. Лынькоў. // Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў. М. Стральцоў.

3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела. Чорны. [Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе. Машара. // Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Колас. // Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго. Чорны. А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба. Бядуля.

4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны. Кавалёў. Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся. Прыказка. // У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат... Якімовіч. // Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага. Чорны.

5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. Маўр. Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст. Чорны.

•••

Над самым вухам гл. вуха.

На самай справе гл. справа.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Пад самым носам; перад самым носам гл. нос.

Папасці ў самую кропку гл. папасці.

Па самую завязку гл. завязка.

Самае малое гл. малы.

Самы раз; у самы раз гл. раз.

Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.

Самы час гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улажы́ць, улажу, уложыш, уложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць, змясціць унутр чаго‑н.; укласці. Улажыць кнігу ў партфель. □ Напісаўшы пісьмо, Ганка ўлажыла яго ў канверт і, падумаўшы крыху, падпісала: «Леніну, Ільічу». Бяганская. [Дзядзька] згарнуў паперку яшчэ на чатыры часткі, улажыў яе ў кашалёк. Брыль. // Зрасходаваць на пабудову, пакрыццё і пад. Дарогі будаваць трэба, сапраўды яны ў нас дрэнныя.. Што толькі бедныя шафёры не робяць. Хутка ўвесь лясок, што раскінуўся каля раённага цэнтра, уложаць у дарогу. Сергіевіч.

2. перан. Патраціць, расходаваць на што‑н. Казалі, што Ева расчала рубіць вясной вялікі дом, восем на дзесяць, каб улажыць усе тыя лішнія грошы, якія яна атрымала сёлета за лён. Ермаловіч. // Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. Колькі любві мы і працы Улажылі ў суровую глебу! Танк.

3. Надаць каму‑н. ляжачае становішча, памагчы легчы. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. Выправіўшы з пакоя Пракопа, [Арына] раздзела Лёдзю, улажыла ў ложак, мокрым ручніком выцерла ёй рукі, твар, шыю. Карпаў. // Прымусіць легчы спаць. Толькі позняя ноч улажыла ўсіх спаць. Чарот. // Прымусіць хворага знаходзіцца ў пасцелі. Бабка.. Кажа: «Грып, няйначай, нейкі конскі, Аж паўвёскі ў ложкі ўлажыў». Чэрня.

4. Разм. Забіць. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. [Дзяжа:] Цішэй! Стрымайце выбух гневу, Пасмейце пікнуць — улажу. Колас.

5. Зрабіць укладку (пра валасы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчарба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што мае не ўсе зубы, рэдкія зубы. — Я-то ўжо думаў, што ў цябе зуб новы вырас. Уставіў бы, ці што, ходзіш шчарбаты, — падкалоў.. [Міця] Івана, намякаючы на той далёкі вечар. Кудравец. Цуглі былі ўжо густа ржавыя, бо хто ведае, калі яны закладваліся ў шчарбаты рот Крумкача. Кулакоўскі. / Пра зубы. Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам і шчарбатымі зубамі. Скрыган.

2. Які мае няроўныя, са шчарбінамі краі. Шчарбатая лыжка. □ А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік. Лынькоў. Палез у печку. Дастаў адтуль шчарбаты чыгунок з капустаю. П. Ткачоў. // Які мае няроўнае, нявострае з зазубрынамі лязо. Шкрэбнуў па поснай патэльні шчарбаты нож. Бураўкін. // Які мае няроўную, з выбоінамі, паверхню. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе. Караткевіч. Пералажылі шчарбатыя, пазламаныя масты, збудавалі трохі новых. Мележ. Сям-там шчарбаты камень пачынаў абшмульваць і ўядацца ў кару. Арочка.

3. перан. Які мае няроўныя або з дзіркамі абрысы. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Бядуля. Сям-там, як бы ля падножжа, да .. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў.

4. Які мае паменшаны, малы серп (пра месяц). І раўнадушна на зямлю пазіраў стары шчарбаты месяц. Асіпенка.

5. перан. Несапраўдны; няпоўны, аднабокі. — Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда. — Праўда, то праўда, пане, хоць і шчарбатая. Якімовіч. // Няўдалы, няшчасны. Значыць, лёс мой такі шчарбаты. Трэба скарыцца. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэпт, ‑у, М ‑пце, м.

1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.

2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.

3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туды́ ‘ў той бок, у тое месца, туды’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Бяльк., Шат., Касп., Мал., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), ту́ды і туды́ ‘тс’ (Нас.), туда́ ‘тс’ (Федар. 1; лудз., шальч., Сл. ПЗБ), тудэ́ ‘тс’ (беласт., шчуч., драг., Сл. ПЗБ), ‘туды, там, той дарогай’ (Скарбы₂), ст.-бел. туды, туда, туде ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж туды́ж‑тыкі ‘туды ж’ (Нас.), туды́ка ‘туды’ (Сцяшк.), туды́нака ‘тс’ (Жд. 2), туд ‘тс’ (ТС). Укр. туди́, туди́ка, туди́й, туди́йки, рус. туда́, дыял. туды́, туды́‑ка, стараж.-рус. туды ‘туды’, польск. tędy ‘сюдою’, дыял. tądy, каш. tądë, в.-луж. tud(y), н.-луж. tud ‘тут’, дыял. tuder, чэш. tudy ‘сюдою’, славац. tudito ‘гэтай дарогай, сюдою’, славен. tôdaj, tód ‘тут, сюдою’, старое харв. tudi, серб. ту̏д, ту̀да(р) ‘туды’, ‘тут’, ‘сюдою’, балг. тъдя́(ва) ‘недзе тут, у гэтым месцы’, ст.-слав. тѫдоу, тѫдѣ ‘туды, тут, стуль’. Прасл. *tǫdy (з варыянтамі *todě, *tǫdu, *tǫda) утворана ад t‑асновы (як *kǫdě — ад k‑асновы), хутчэй за ўсё, ад формы *ta‑mo‑dě ў выніку гаплалагічнага скарачэння (ESSJ SG, 2, 696), ці ад праславянскага ўказ. займ. *tъ ‘гэты’ (з В. скл.) у форме *tǫ з рознымі часціцамі з элементам *‑d‑ (Борысь, 631), або ‑ǫd, які супастаўляюць з лац. unde ‘адкуль’, indeадтуль’ (ЕСУМ, 5, 669). Паводле ESJSt (16, 974), слова няяснага паходжання. Сной₂ (790) дапускае першаснае значэнне ў прасл. *tudy ‘тут’, якое маецца ў прыслоўі *tu ‘тут’. З індаеўрапейскіх паралелей можна ўказаць на гоц. thadei ‘куды’. Ст.-прус. (is)stwendau ‘стуль’, якое прыводзіцца ў этымалагічнай літаратуры ў якасці адпаведніка stwendau ‘скуль’, фанетычна не зусім адпавядае прасл. tǫdy, паводле Мартынава (Прасл. яз., 28), зыходная форма рэканструюецца як ст.-прус. *istandau, паралельная прасл. *jьztǫdu ‘стуль’. Сюды ж спалучэнні сюды́‑туды́ ‘ў той і ў другі бок’, туды́‑сюды́ ‘сюды-туды’, ‘сыйдзе, нічога’, ‘куды-небудзь’, ‘там і сям’, ‘як-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Федар. 4, Растарг., Арх. Вяр., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘далёка не адыходзячы’ (Варл.), ‘абы-як, нядбайна’ (Юрч. Сін.), ‘у розныя бакі’ (смарг., швянч., пух., астрав., Сл. ПЗБ), туда́‑сюда́, тудэ́‑сюдэ́ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. туды и сюды, туда и сюды, туды и сюда ‘ў той і другі бок’ (ГСБМ). Гл. таксама сюды́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лайда́к ’гультай, лянівы, бяздзейны, лодар’, ’круцель, хітрун, шэльма’, ’п’яніца’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мядзв., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’распусны, амаральны чалавек’ (КЭС, лаг.), лайда́чына ’гультай, гультайка’ (Сл. паўн.-зах.), лайдачы́на ’тс’, ’хлус’ (Шат.). Укр. ла́йдак, лайда́ка, лайдачи́на, рус. зах. прыбалт. лайда́к ’тс’, паўдн.-рус. ’нягоднік, хлус, гуляка’, зах.-бран. лайда́ка ’гультай’, польск. łajda, lajda, łajdak, łajdach, łajduś lajdus, łajduń, łajdemus, каш. lái̯dwk̑, lei̯dwk, łajdak ’падлюга, нягоднік, прахвост, паганец’, чэш. lajdák ’лодыр, нядбалы’, мар. lʼajda ’бадзяга’, славац. lajdák ’лайдак, неахайны’, славен. lȃjdǝr ’бадзяга’. Славянскае паходжанне (з ladaco, ladajakýМіклашыч, 162) адкідаецца Фасмерам (2, 450), які мяркуе (а ўслед за ім і Кюнэ, Poln., 73), што ва ўсх.-слав. мовы слова прыйшло з польск. łajdak, якое з н.-в.-ням. landern, с.-в.-ням. lendern ’бадзяцца’ (таксама і Бернекер, 1, 686). ESSJ SG (2, 408) дапускае ўзнікненне łajdak у выніку дээтымалагізацыі дэрыватаў слова ledajaký (з заменай l > ł). Праабражэнскі (430), Эндзелін (ЖСт, 3, 252), Карскі (Труды, 396) паводле дыфтонга ‑ай‑ бачаць крыніцу гэтай лексемы ў балт. мовах. Брукнер (305–306), Слаўскі (4, 435) мяркуюць, што ў польск. мове гэта запазычанне з чэш. мовы, а з польскай тэрыторыі слова пашыралася ў бел., рус., укр. і літ. мовы. Махэк₂ (318) прызнае за словам łajdák (якое з чэш. пашырылася і на славац. тэрыторыю, а адтуль — на вянг. гаворкі) першаснае значэнне з адценнем ’бяздзейнасці, маруднасці, неахайнасці, абыякавасці ў працы’, а ’бадзяцца’ — другасным, выводзячы лексему łajdák (а з яе пасля ўжо ўтварыліся дзеясловы lajdačiti, lʼajdat se і інш.) з прыметніка ledajaký. Як заўважае Трост (NR, 4, 1979, 224), змена ledajaký > lajdák з’яўляецца нечуванай з’явай, і сцвярджае, што ‑ak‑ славянскі суфікс, а чэш. lajda (lʼajda) паходзіць з lajdat, якое з landat, а апошняе (услед за Голубам–Копэчным, 198) — з ням. landern ’бадзяцца’. Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 35), Лаўчутэ (там жа. 22 і Лаўчутэ, Балтизмы, 16–18) вяртаюцца да версіі аб балт. паходжанні лексемы лайдак, супастаўляючы яе з літ. laidõkas, лат. laĩdaks ’распуснік, гультай, нягоднік, п’яніца’, ’цяльпук’, ’грубіян’, ’маральна заняпалы’, лат. laīda ’гультай, расслаблены, вялы’. На карысць балтыйскай крыніцы сведчаць як фанетычныя аргументы (дыфтонг ‑ай‑, старое чаргаванне літ. ‑аі‑ // лат. ‑ei‑, параўн. leidoks ’неахайны’, ’распуснік’), так і дастаткова вялікае гняздо роднасных слоў (літ. léisti ’матаць грошы’, ’хутка бегаць’, ’швэндацца’ — ітэратыў láidyti ’тс’, palaidū̃nas ’распуснік’, laidùs, лат. leĩdars ’мот, марнатравец’) і пашырэнне іх на асноўнай моўнай літ. і лат. тэрыторыях. Чэшскае і польскае словы з’явіліся вынікам кантамінацыі балт. (lajd‑) і ням. (land‑) асноў. Сюды ж лайдачыць ’гультаяваць, марнатравіць’ (Нас.), лайдачы ’лянівы’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)