сімпа́тыя, ‑і, ж.

1. Прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Бывае так: убачыш чалавека ўпершыню, толькі двума словамі перакінешся з ім, і ўжо ахапіць цябе гарачая сімпатыя да яго. Новікаў. [Рэгістратар] адчувае да тав. Мінкіна нейкую сімпатыю. Той з ім заўсёды на «ты». Проста з ім гаворыць. Бядуля. // звычайна мн. (сімпа́тыі, ‑ый). Цёплыя, ласкавыя пачуцці, прыязнасць. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Можа, тут маюць месца і нейкія чыста асабістыя сімпатыі і пэўныя заслугі Ваўчка ў аднаўленні МТС. Хадкевіч. Занадта вялікая справа вырашалася, каб звяртаць увагу па свае.. сімпатыі і антыпатыі. Шамякін.

2. Разм. Любімы чалавек. Спаткаў сваю сімпатыю. □ [Вакула:] — У той кватэры.. [Пракаповіч] сімпатыю завёў. Радкевіч.

[Ад грэч. sympatheia — спачуванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужо́, прысл. і часціца.

1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.

2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.

3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.

4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́х, ‑у, м.

Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.

•••

Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́р, ‑а, м.

1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус. Вітка.

2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат. Брыль. Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне. Якімовіч.

3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́льнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.

2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядо́к, едака, м.

1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.

2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галу́за1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр. га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус. дыял. га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск. gałąź, gałęzie (зборн.), чэш. haluz, ст.-чэш. haluže і г. д. Прасл. *galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел. галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск. gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).

Галу́за2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус. дыял. галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ. galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав. *galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр. глузува́ти ’насміхацца’, рус. дыял. галу́здать ’гарэзаваць’.

Галу́за3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчы́ліна, ‑ы, ж.

Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.

•••

Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)