хамелео́н, ‑а, м.
1. Жывёліна атрада лускаватых, якая мае здольнасць мяняць афарбоўку покрыва ў залежнасці ад змен акаляючага прыроднага асяроддзя.
2. Разм. Пра чалавека, які часта мяняе свае погляды і думкі ў залежнасці ад абставін. — Вы [Карніцкі] расказваеце не пра людзей, а пра нейкіх хамелеонаў, — ціха адказала Лазарэўская. Паслядовіч.
3. Спец. Марганцава-кіслы калій, які рэзка мяняе сваю афарбоўку ў розных растворах.
4. Паўднёвае сузор’е, што складаецца з дзесяці зорак.
[Лац. chameleōn.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяле́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цела (у 1 знач.). Цялесныя ўласцівасці шара.
2. Які мае адносіны да цела чалавека, жывёлы; фізічны. Духоўныя і цялесныя сілы. // Які адчуваецца целам. Цялеснае пашкоджанне. □ — Бізуноў табе, баба, варта ўсыпаць за такі прадукт [самагонку]. Ды шчасце тваё, што мы супроць цялесных пакаранняў. Шамякін.
3. Жаўтавата-белы з ружовым адценнем; падобны на колер цела. Цялесны колер.
4. Які мае матэрыяльную аснову; проціл. духоўны. Цялесныя з’явы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяльпу́к, цельпука, м.
Разм.
1. Кароткі тоўсты кавалак дрэва; цурбан, калодка. [Дудок] перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі. Лынькоў.
2. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. [Суседка:] — Спрытная дзеўка, маладзец! А то вунь у Палаткі нейкі цяльпук удаўся, дык не павернецца, людзей баіцца. Галавач. Трэба нешта было б сказаць, каб Кірыла не падумаў, што я нейкі там цяльпук. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шаўко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шоўку (у 1, 2 знач.). Шаўковыя ніткі. Шаўковае валакно.
2. Звязаны з вырабам і апрацоўкай шоўку (у 1–3 знач.). Шаўковая фабрыка.
3. Зроблены з шоўку (у 2, 3 знач.). Шаўковая хустка. / у вобразным ужыв. Сонца кранула косамі струны шаўковыя раніцы. Васілёк.
4. перан. Разм. Лагодны, паслухмяны, добры (пра чалавека). — От бачыш [Генадзь], і начальнік дэпо цяпер шаўковы зрабіўся, — кажа Мікола. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.
2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.
3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.
•••
Род чалавечы гл. род.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кусо́к, ‑ска, м.
1. Аддзеленая (адбітая, адрэзаная, адламаная і пад.) частка чаго‑н.; кавалак. Кусок цэглы. Кусок сала. Кусок матэрыі. □ Сцёпка адламаў кусок аладкі і стаў есці. Колас. [Міколка] браў кусок бяросты, запальваў яе. Лынькоў. // перан. Сродкі існавання, пажыткі. Будзе раток, будзе і кусок. Прыказка.
2. Наогул частка чаго‑н. [Гудовіч:] Сёння я досыць ладны кусок другога акта аднавіў. Крапіва. — Да гадзіны другой вярнуся, дык яшчэ ў мяне добры кусок дня ў запасе. Гартны.
3. Адзінка некаторых тавараў, што выпускаюцца паштучна. Кусок мыла. Кусок крэйды.
•••
Адрэзаны кусок (кавалак) — пра чалавека, які аддзяліўся ад сям’і, жыве самастойна, незалежна.
Дурня (басяка і пад.) кусок — пра добрага ўвогуле чалавека, які памыляецца або робіць зло толькі ў даным канкрэтным выпадку.
Збіраць кускі (кавалкі) гл. збіраць.
Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) каму — хто‑н. не можа есці ад крыўды, хваробы, стомленасці і пад.
Кусок (кавалак) хлеба — сродкі для існавання, пажыткі.
Смачны кусок (кавалак) — пра што‑н. прывабнае, спакуслівае.
Уварваць кусок (кавалак) гл. уварваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свядо́масць, ‑і, ж.
1. Працэс адлюстравання рэчаіснасці мозгам чалавека, што ўключае ўсе формы псіхічнай дзейнасці і абумоўлівае мэтанакіраваную дзейнасць чалавека. Першаснасць матэрыі, другаснасць свядомасці. □ Мышленне і свядомасць — прадукты чалавечага мозга. Энгельс. // Псіхалогія, палітычныя і філасофскія погляды, рэлігійныя перакананні людзей як прадстаўнікоў пэўных класаў грамадства. Грамадскае свядомасць. Сацыялістычная свядомасць. Формы рэлігійнай свядомасці. Перажыткі капіталізму ў свядомасці людзей. Класавая свядомасць.
2. Успрыманне і разуменне навакольнага, уласцівае чалавеку. У.. свядомасці [дзеда Лукаша] неяк цяжкавата ўкладваліся нечувана вялікія пераўтварэнні ў тых месцах, дзе спакон веку акрамя пяскоў і балот нічога не было. Кулакоўскі. Юзік адчуваў, што недзе на краі яго свядомасці туліцца нешта не зусім згоднае з яго такімі разважаннямі. Крапіва. А калі камбат пайшоў,.. [Наталля Максімаўна] падумала: «Выходзіць, што вайсковым урачом быць цяжэй, чым цывільным. Ці змагу я?» Але свядомасць падказвала ёй, што яна зможа. Дудо.
3. Здольнасць правільна разумець і ацэньваць з’явы жыцця, вызначаць свае адносіны да рэчаіснасці. Калгаснікі там [у калгасе «Маяк»] па свядомасці абганяюць свайго старшыню. Паслядовіч. // Тое, што і прытомнасць. Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.
2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.
3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.
4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.
1. каго. Уціхамірыць, супакоіць (непаслухмянага, раззлаванага чалавека). Не так лёгка было Данілу ўтаймаваць Сымона. У таго ад злосці прыбавілася сілы, ён нібы звар’яцеў. Нарэшце абяссілены, спацелы і раскудлачаны Сымон здаўся. Чарнышэвіч. // Падпарадкаваць сваёй волі чые‑н. дзеянні, учынкі. Мы ўтаймуем ворагаў зямлі, Мы здолеем у пыл іх планы сцерці! Панчанка. // Падпарадкаваць волі чалавека дзікую або непаслухмяную жывёлу. Утаймаваць тыгра.
2. што. Зменшыць, аслабіць або суцішыць (боль). Я падзякаваў сваёй выратавальніцы і папрасіў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань: — Калі зуб забаліць зноў, я адразу ўтаймую боль. Дубоўка. // Заглушыць, прыглушыць (якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Нейкае хваляванне ахапіла ўсіх. Каб утаймаваць яго, людзі пачалі прасіцца ісці на заданне. Шамякін. Мы сядзелі дзе хто, маўчалі, .. не маглі ўтаймаваць сваіх пачуццяў. Няхай. // Заспакоіць, здаволіць (пра жаданні, патрэбы і пад.). [Цвыркун:] — Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі. Пальчэўскі. // Справіцца з якімі‑н. стыхійнымі з’явамі. Утаймаваць пажар. □ Уся брыгада працавала тады цэлага паўдня, пакуль.. утаймавалі шалёную ваду. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерв, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Адзін са шматлікіх пучкоў валокнаў у выглядзе белых канацікаў, якія ідуць ад галаўнога і спіннога мозга да органаў пачуццяў, мышцаў, залоз і інш. і даюць целу магчымасць рухацца і адчуваць.
Зрокавы н.
2. мн. Уся такая сістэма, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека.
Нервы не вытрымалі.
3. перан. Цэнтр якой-н. дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго-н.
Нёман быў нервам сяла.
◊
Выматаць усе нервы (разм., неадабр.) — змучыць, давесці да знямогі.
Іграць на нервах (разм., неадабр.) — гнявіць, нерваваць каго-н. чым-н.
Трапаць нервы (разм., неадабр.) — хвалявацца, моцна нерваваць каго-н.
|| прым. нерво́вы, -ая, -ае.
Н. цэнтр.
Нервовыя хваробы.
Нервовая сістэма.
Н. цік.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)