свары́цца, сваруся, сварыліся, сварыцца; незак.
1. Распачынаць сварку з кім‑н., лаяцца з кім‑н. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца. Колас. І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Танк. / у перан. ужыв. За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Лужанін.
2. Крычаць на каго‑н., лаяць каго‑н. І калі сёння ўранні.. [камендант] сварыўся на Коўціка і гаварыў, што ёсць людзі, якія могуць яго замяніць на пасадзе начальніка раённай паліцыі, меў якраз на прымеце Шылахвоста... Сачанка. — Не паслухала! — зноў пачаў сварыцца на Улю бацька. — Ці бачылі, разумніца якая?! Паўлаў. Аднак маці, якая звычайна любіла, калі дачка лашчылася да яе, чамусьці злавала і сварылася на Люсю. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.
1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.
2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.
•••
Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́раста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — адміністрацыйна-службовая асоба, якая прызначалася або выбіралася для вядзення спраў якой‑н. абшчыны, арцелі і пад. Царкоўны стараста. □ Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці. Колас. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі; і бацька яе не абы-хто, а сельскі стараста. Мурашка. // У час Вялікай Айчыннай вайны — службовая асоба, якая назначалася акупантамі ў сельскай мясцовасці. Гітлераўцы прапанавалі яму [Шаройку] стаць старастам. Шамякін. Потым паказаўся стараста з двума нямецкімі салдатамі. Пальчэўскі.
2. Асоба, якая выбіраецца або прызначаецца з асяроддзя вучняў, студэнтаў для нагляду за выкананнем дысцыпліны, правіл унутранага распарадку ў класе, гуртку і пад. Стараста гуртка. Стараста класа. □ Стараста прыродазнаўчага гуртка Яша ажно прысягаў перад сябрамі, што Чмыхун — не звычайны вожык. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страка́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі, палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы. Стракатая тканіна. Стракаты букет. □ Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым, жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Цяпер будынак школы быў стракаты, у зялёных плямах. Адамчык. [Прузыніна] стракатая хустка мільгацела ў розных кутках сядзібы, зычны голас гучна разносіўся ў прыціхлым вячэрнім паветры. Стаховіч.
2. перан. Які складаецца з розных элементаў; вылучаецца неаднароднасцю. Стракаты склад насельніцтва. □ Увесь гэты стракаты натоўп [рабфакаўцаў], як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, ка[лі]дорах і аўдыторыях. Колас.
3. Разнашэрсны, плямісты (пра масць жывёл); рознага апярэння (пра птушак). У царстве лясным сустракаю кантрасты, Якіх зразумець не магу аніяк: Прыгожанькі звер — а драпежнік ікласты. Стракатая птушка — ды дрэнны спявак. Жычка. / У назвах жывёл і раслін. Пачаў абстукваць дрэвы стракаты дзяцел. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумле́нна, прысл.
З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяка́ч 1, секача, м.
1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.
2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.
сяка́ч 2, секача, м.
1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.
2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.
2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.
3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.
•••
Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.
[Ад ням. Teller.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуб, ‑а, м.
1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.
2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.
3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.
4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.
•••
Брацца за чубы гл. брацца.
У чубы хадзіць гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.
1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.
2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.
3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)