наско́к, ‑у, м.

1. Скачок з мэтай нападу. Наскок звера. // Імклівы варожы напад. Каб лягчэй было адбіць Ворагаў наскокі — Загадаў ён [князь] роў прарыць, Як рака, глыбокі. Гілевіч. Захопнікі заселі ў Карчэвічах, і пачаліся штодзённыя наскокі на Скумаўскі лес. Дуброўскі.

2. перан. Нападкі, абвінавачванні, часцей грубыя, беспадстаўныя. Адміністрацыйны наскок. □ Замест бурнага наскоку, да якога я падрыхтаваўся загадзя, жонка толькі засмяялася і сказала: — Ого, дык ты не толькі рыбы, але і ліса злавіў? Ляўданскі.

•••

З наскоку — а) з разгону, хутка; б) не падумаўшы як след, добра не разабраўшыся. [Валатовіч:] — [Бародка] заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто выкладае ў школе. Настаўнік пачатковай школы. Настаўнік сярэдняй школы. Настаўнік хіміі. □ Вакол .. [Фралова] збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі і любімымі настаўнікамі. Грахоўскі. // Наогул асоба, якая вучыць чаму‑н. Настаўнік музыкі. Хатні настаўнік.

2. Той, хто наогул з’яўляецца натхніцелем, хто кіруе, вучыць чаму‑н. Духоўны настаўнік. Вялікія настаўнікі пралетарыяту. □ Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Бярозкін.

3. Той, хто дапамагае каму‑н. асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі. Настаўнік моладзі. □ Берагчы час, планаваць яго расход не толькі па гадзінах, а і секундах — найпершы абавязак настаўніка рабочага. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абкарна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Падрэзаць, абстрыгчы вельмі коратка, няроўна. Абкарнаць валасы. // Няўмела скараціць які‑н. тэкст, зрабіць непажаданыя купюры. Абкарнаць кнігу. // перан. Пазбавіць якое‑н. вучэнне, тэорыю чаго‑н. істотнага; сказіць. Не баючыся памыліцца, можна сказаць, што з гэтага, надзвычай багатага думкамі, разважання Энгельса сапраўдным здабыткам сацыялістычнай думкі ў сучасных сацыялістычных партыях стала толькі тое, што дзяржава «адмірае», па Марксу, у адрозненне ад анархічнага вучэння аб «адмене» дзяржавы. Так абкарнаць марксізм значыць звесці яго да апартунізму, бо пры такім «тлумачэнні» застаецца толькі смутнае ўяўленне аб павольным, роўным, паступовым змяненні, аб адсутнасці скачкоў і бур, аб адсутнасць рэвалюцыі. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.

Разм.

1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.

2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.

3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халу́й, ‑я, м.

Пагард.

1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.

2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́страфа, ‑ы, ж.

Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.

[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.

1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.

2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

метамарфо́за, ‑ы, ж.

1. Спец. Пераход адной формы чаго‑н. у другую са змяненнем знешняга выгляду або функцыі. Метамарфоза вусеня ў матыля.

2. Разм. Поўнае змяненне каго‑, чаго‑н. Але, як толькі яны з Надзяй запісаліся ў загсе.., з Марыяй Кірылаўнай адбылася сапраўдная метамарфоза. Рамановіч.

[Ад грэч. metamorphōsis — пераўтварэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мул 1, ‑а, м.

Помесь кабылы і асла.

мул 2, ‑у, м.

Абл. Іл. Зазнаў тут бедны човен гора: Каламі Костусь яго пора І ва ўсе бокі яго круціць, Ды толькі воду каламуціць, Бо тут гразі больш, чым вады, І мулу, рознае брыды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Нагнаць страху, напужаць. Здавалася, што.. і бомбы рвуцца несапраўдныя, і кулямёты лапочуць толькі для таго, каб нарабіць траскатні і нажахаць нас. Сабаленка. [Салавей:] — Нажахаем мяцежнікаў, закруцяцца яны, як шкурат на агні, тады лёгка будзе прарвацца нашым часцям. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)