шо́ргат, ‑у, М ‑гаце, м.
1. Слабы, невыразны шум ад руху, трэння аднаго прадмета аб другі. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукам: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. Хачу паслухаць Шум сівых бароў І пахадзіць прасекаю лясною, Спыніцца над Бярозаю-ракою, Паслухаць шоргат сініх чаратоў. Свірка.
2. перан. Тое, што і шорах (у 2 знач.). Алаіза раптам ясна ўявіла, як дамавіну з яе целам апускаюць у сырую, халодную зямлю. Аж шоргат прайшоў па целе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Туні́ка ‘старажытнарымскае адзенне накшталт доўгай кашулі; верхняя частка двайной жаночай спадніцы’ (ТСБМ), ту́ніка ‘тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж цю́ніка ‘від жаночага верхняга адзення’ (Сл. ПЗБ). Праз польскую ці рускую мовы з лац. tunica (< ctunica) ‘кашуля без рукавоў, якая падпярэзвалася поясам’, паходзіць з мовы, роднаснай арамейскай, параўн. арам. kithū́nā́; апошняе ўзыходзіць да ст.-яўр. kethṓnet ‘сарочка, якую насілі на голым целе’, араб. kutun ‘бавоўна’ (Вальдэ, 1906, 642; Голуб-Ліер, 493; ЕСУМ, 5, 676; SWO, 1980, 782; Сной₂, 792).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падцёк, ‑у, м.
1. След ад сцякання якой‑н. вадкасці, фарбы і пад. Размазаць падцёкі пэндэлем. □ Потым ударылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. У засені векавых елак, тулячыся да цёмна-шэрых ствалоў з падцёкамі смалы, роўным радам цягнуліся зямлянкі. Курто.
2. Чырвоная або сіняватая прыпухласць на целе ад падскурнага кровазліцця пасля ўдару. Выгляд.. [чалавека] быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клеймава́ць, кляймую, кляймуеш, кляймуе; незак., каго-што.
1. Ставіць кляймо, знак на якіх‑н. прадметах, вырабах. Клеймаваць тавар. Клеймаваць палатно. // Выпальваць кляймо на скуры жывёлы. Клеймаваць коней. // Выпальваць метку на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 г.).
2. перан. Сурова асуджаць; бічаваць, ганьбаваць. Клеймаваць віноўнікаў вайны. / чым (у спалучэнні са словам «ганьба»). Сябры, сягоння наша пакаленне, Як самых чэсных, знае ўся зямля. Кляймуйце ж ганьбай тых, чыё сумленне Каштуе гэтак танна: паўрубля! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуз, ‑а, м.
Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шо́рах, ‑у, м.
1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.
2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эласты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Гнуткі і пругкі. Твар закрывала эластычная гумавая маска з вузкімі прарэзамі для вачэй. Машара. Скрут прыхінуўся спінай да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным касцюмам яе цвёрдасць. Шыцік.
2. перан. Мяккі, плаўны, павольны; пазбаўлены рэзкасці. Эластычныя рухі. □ Павольная, эластычная ў сваім праяўленні сутарга прайшла па ягоным целе, і чалавек, распластаўся на каменні, адкінуўшы руку з плакатам убок. Мікуліч.
3. перан. Які лёгка змяняецца пад уздзеяннем якіх‑н. умоў, які можа лёгка прыстасоўвацца да чаго‑н.
[Ад грэч. elastós — пругкі, цягучы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рамату́с ’хвароба рэўматызм’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Станк.), таксама рама́тыз, раматызма, рамаці́зма, рамаці́зна (Сл. ПЗБ), рамаці́знасць (Юрч.), ромаці́з (ТС), сюды ж рамаці́жнік ’лекавая трава для лячэння раматусу’ (Юрч.), рамаці́знік ’хворы на раматус’ (Юрч.). Асвоенае ў народнай мове запазычанне з лац. rheumatismus, магчыма, праз ням. Reumatismus. Першасна з грэч. ρενματισμός ’струмень, цячэнне’, бо старажытныя грэкі ўяўлялі сабе, што ўзбуджальнік хваробы расцякаецца па целе. Відавочна, з’яўляецца народнай адаптацыяй замежнай словаформы, што абумовіла варыятыўнасць гучання; паводле Фасмера (3, 455) рус. рамати́с пад уплывам народнай этымалогіі (рама ’плячо’ і тискать ’ціснуць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́тра ’неахайная жанчына, бруднюха, мурза’ (гродз., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sùtros ’гнойная жыжка’, sutrà ’мурза’; гл. Сл. ПЗБ, там жа.
Сутра́ ’іл на дне возера з дробнымі водарасцямі’, сутры́стае дно (брасл., Непакупны, Связи). Непакупны (там жа, 183) параўноўвае з лат. sutra ’гнаявая жыжка’, літ. sútros ’тс; памыі, мутная вадкасць’, ’бруд на целе’, заўважаючы, што па акцэптацыі і семантыцы беларуская форма бліжэй да літ. sutrà з другасным значэннем ’дрэнны чалавек, вырадак’ (адзначала ў в. Гервяты на мяжы з Літвой); гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 190.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
цеплыня́, ‑і, ж.
1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.
2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.
3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)