як².

1. прысл. пыт. і адноснае. Якім чынам.

Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.

2. прысл. пыт. У якой ступені, наколькі.

Як даўно ён паехаў?

3. прысл. азнач. У якой меры, ступені, да чаго.

Як ён пастарэў.

Як я рада!

4. прысл. неазнач. Як-небудзь (разм.).

Трэба ж як знайсці згубленае.

5. прысл. часавае. У які час.

Я гэта бачыў, як ішоў з працы.

6. часц. Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.

Як!

Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.

7. часц. ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.

Ну як мне тут не перажываць.

8. часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.

А ён як ускочыць, пабяжыць!

9. злуч. параўн. Падобна да чаго-н.

Мяккі як пух.

Такі, як і раней.

10. злуч. У якасці каго-, чаго-н.

Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.

11. злуч. Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.

Як кажуць.

Як напрыклад.

12. злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.

Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).

13. злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.

Хто гэта мог зрабіць, як не ты.

◊

Як адзін чалавек — дружна, усе разам.

Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.

Згаджацца як бы нехаця.

Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).

Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.

Раскажы нам, як і што.

Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.

Заходзь да нас як мага часцей.

Як мага лепш.

Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.

Як ні лаюся, не слухаюць мяне.

Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.

Як ні кажы, а свой куток мілы.

Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н. —

Яшчэ як сказаць.

Можа, — і не.

Як толькі — адразу, зараз жа.

Як..., так і — злучнік пералічальны.

Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хоть

1. союз хоць, хаця́;

он хоть и стар, но бодр ён хоць (хаця́) і стары́, але́ бадзёры;

2. част. хоць; (при выражении опасения и пожелания) хаця́;

пойду́ хоть сейча́с пайду́ хоць за́раз;

скажи́те хоть одно́ сло́во скажы́це хоць адно́ сло́ва;

хоть кто хоць хто;

хоть что́-нибудь хоць што-не́будзь;

ты хоть туда́ не ходи́ ты хаця́ туды́ не хадзі́;

◊

хоть глаз вы́коли хоць у хо́ванкі гуля́й; хоць па́льцам у во́ка;

хоть пруд пруди́ хоць гаць гаці́; як расы́; як каме́ння; як дроў у ле́се;

хоть карау́л кричи́ хоць гвалт крычы́;

хоть кол на голове́ теши́ хоць у лоб страля́й; упёрся як чорт у грэ́блю; заця́ўся як ка́мень;

хоть бы что і не шум баравы́; хоць бы цвік.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Тэй займ. м. р. адз. л. Н. скл. ‘той’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат., ПСл, Варл.; в.-дзв. Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом.): тэй хозяин як жив, так и живе́ць (маг., Рам. 4); ‘замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным’ (Нас.): тэй, што казали ‘чорт’ (Растарг.); займ. ж. р. адз. л. Р, Тв., М. скл. ‘той, тае’ (Нас., Некр. і Байк.): тэй каровы тут німа (Варл.). Форма тэй фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XVI ст. (КГС), да прасл. *tъjь. Пра рэгіянальны рэфлекс э з ъ гл. у Карскага (Карскі 1, 154–157, 194, 235). Адносна фанетычнага развіцця выказваецца думка пра яго позні характар (там жа, 156) і сувязь з адпаведнымі з’явамі ў прыметнікавых формах, параўн. паўн.-ўсх. злэй, друге́й і інш. Параўн., аднак, факты, адзначаныя ў берасцяных граматах Залізняком (Сов. сл., X, 168), пра паралельнае існаванне рэфлексаў ‑ый, ‑эй і ‑ой на месцы *‑ъjь з некаторай перавагай заходняга рэфлекса ‑ый. Паралельнае ўжыванне формаў тэй, тып, ту͡ой у беларускіх гаворках канстатаваў Карскі (2–3, 194), як і ўзнікненне формаў ускосных склонаў ж. р. тэй па аналогіі з тае́й і формай м. р. тэй (там жа, 196). Марфалагічнае тлумачэнне для названай формы прапанаваў Ільінскі (Запіскі, 2, 280–281), гл. таксама Бузук, Sb. prací, 463; тое ж: Бел. мовазн. слав., 25–26. Меркаванне пра польскае запазычанне (Сабалеўскі, ЖМНП, 251, 137–143) не прымальнае з-за шырокага распаўсюджання названай формы на ўсходнеславянскай тэрыторыі. Сюды ж тэ́іць ‘тыя’ (гл.) тэ́е ‘тое’, тэ́й жэ ‘той жа’, тэй‑сей ‘хто-небудзь, хтосьці’ (Нас., Бяльк.), тей ‘той’ (Шымк. Собр.). Гл. той, тый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абярну́цца, абярнуся, абернешся, абернецца; зак.

1. Паваліцца на бок, перавярнуцца, перакуліцца. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Дамашэвіч. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Лужанін. // Разліцца, выліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны. Малако абярнулася.

2. Павярнуць галаву, тулава назад, убок; аглянуцца. Антось абярнуўся: перад ім стаялі начальнік міліцыі, дэпутат сельсавета і старшыня калгаса. Скрыпка. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.

3. Звярнуцца з чым‑н. да каго‑н. — Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Гартны.

4. Разм. Прайсці шлях у якім‑н. напрамку і вярнуцца назад за які-небудзь адрэзак часу; звярнуцца. Мо паспрабаваць заўтра два разы абярнуцца, ночы ж доўгія... Б. Стральцоў.

5. перан. Змяніцца, ператварыцца ў новую якасць. Ён пазбыў свой цяжкі клопат і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям. Колас. // Нечакана набыць іншы напрамак, іншы сэнс. Больш таго, гэты падвох абярнуўся супроць саміх паліцаяў. Васілевіч. І чым бліжэй да прахадной, тым больш запаволены і карацейшы становіцца крок.. Апошняя сустрэча... А зрэшты, хіба хто ведае наперад, як усё абернецца... Мыслівец. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Абярнуцца ў камень. □ У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. В. Вольскі.

6. Спец. Зрабіць абарот (у 3 знач.) (пра капітал, грошы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

после́довать сов.

1. (за кем, за чем пойти) пайсці́ (сле́дам, усле́д); (поехать) пае́хаць (сле́дам, усле́д); (двинуться, тронуться) ру́шыць (сле́дам, усле́д); (направиться) накірава́цца (сле́дам, усле́д); (наступить) наста́ць (сле́дам, усле́д), надысці́ (сле́дам, усле́д);

он подня́лся и после́довал за ним ён уста́ў і пайшо́ў (сле́дам, усле́д) за ім;

го́сти после́довали за хозя́ином го́сці пайшлі́ (сле́дам, усле́д) за гаспадаро́м;

2. (поступить подобно кому-л.) зрабі́ць так, як (хто-не́будзь); (взять пример с кого-л.) узя́ць пры́клад (з каго́-не́будзь); (поступить, подражая кому-, чему-л.) насле́даваць (каму, чаму), пераня́ць (каго, што); (послушаться) паслу́хацца (каго, чаго);

после́довать сове́ту паслу́хацца пара́ды;

он засмея́лся, и все после́довали ему́ ён засмяя́ўся, і ўсе засмяя́ліся (сле́дам, усле́д) за ім;

после́довать его́ приме́ру узя́ць пры́клад з яго́ (пераня́ць яго́ пры́клад);

3. (произойти после чего-л., явиться следствием) адбы́цца, вы́йсці; быць, з’яві́цца; (наступить) наста́ць, надысці́; (случиться) ста́цца;

за мо́лнией после́довал уда́р гро́ма усле́д за мала́нкай пачу́ўся ўдар гро́му;

за дождём после́довало похолода́ние (сле́дам, усле́д) за дажджо́м наста́ла (надышло́) пахалада́нне;

после́довало соотве́тствующее реше́ние вы́йшла (з’яві́лася) адпаве́днае рашэ́нне;

отве́та на телегра́мму не после́довало адка́зу на тэлегра́му не было́;

смерть после́довала от уда́ра смерць ста́лася ад уда́ру.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2–3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадок — прасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сле́довать несов.

1. (идти за кем, чем) ісці́ (сле́дам, усле́д); (ходить) хадзі́ць (сле́дам, усле́д); (ехать) е́хаць (сле́дам, усле́д); (ездить) е́здзіць (сле́дам, усле́д); (двигаться, трогаться) ру́хацца (сле́дам, усле́д); (направляться) накіро́ўвацца (сле́дам, усле́д); (наступать) настава́ць (сле́дам, усле́д), надыхо́дзіць (сле́дам, усле́д);

сле́довать за ке́м-л. по пята́м хадзі́ць (ісці́) за кім-не́будзь (сле́дам, усле́д) па пя́тах;

ле́то сле́дует за весно́й ле́та ідзе́ (настае́, надыхо́дзіць) (сле́дам, усле́д) за вясно́й;

2. (до чего) ісці́; (ехать) е́хаць; (направляться) накіро́ўвацца;

по́езд сле́дует до Ми́нска цягні́к ідзе́ да Мі́нска;

3. (руководствоваться чем-л.) кірава́цца (чым), трыма́цца (чаго), прытры́млівацца (чаго); (поступать подобно кому-л.) рабі́ць так, як (хто-небудзь), рабі́ць сле́дам (усле́д) (за кім-небудзь); (брать пример с кого-л.) браць пры́клад (з каго-небудзь); (поступать, подражая кому-, чему-л.) насле́даваць (каму, чаму), перайма́ць (каго, што); (слушаться) слу́хаць (слу́хацца) (каго, чаго);

сле́довать пра́вилам трыма́цца (прытры́млівацца) пра́віл;

сле́довать до́лгу кірава́цца абавя́зкам;

сле́довать мо́де прытры́млівацца мо́ды;

сле́довать уче́нию Па́влова насле́даваць вучэ́нню Па́ўлава;

он во всём сле́довал своему́ отцу́ ён усё рабі́ў так, як яго́ ба́цька; ён ва ўсім браў пры́клад са свайго́ ба́цькі;

сле́довать внуше́нию се́рдца слу́хацца ўнушэ́ння сэ́рца;

4. безл. (нужно) трэ́ба, патрэ́бна; (стоит) ва́рта; (надлежит) нале́жыць; (необходимо) неабхо́дна;

вам сле́дует обрати́ться в спра́вочное бюро́ вам трэ́ба (патрэ́бна, ва́рта, нале́жыць, неабхо́дна) звярну́цца ў бюро́ даве́дак;

вам не сле́довало так поступа́ть вам не трэ́ба (не ва́рта) было́ так рабі́ць;

как и сле́довало ожида́ть як і трэ́ба было́ чака́ць;

5. (причитаться) безл. нале́жаць; (быть должным) быць вінава́тым;

мне с них сле́дует сто ты́сяч рубле́й мне з іх нале́жыць сто ты́сяч рублёў;

ско́лько с меня́ сле́дует? ко́лькі з мяне́ трэ́ба?, ко́лькі я вінава́т?;

6. (быть следствием) выніка́ць;

одно́ сле́дует из друго́го адно́ выніка́е з друго́га;

отсю́да сле́дует вы́вод, что… адсю́ль выніка́е, што…;

◊

как сле́дует як ма́е быць, як нале́жыць, як след.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvě ’здаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötně (з oxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huť ’радасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́ть ’схапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)