ко́рпус, -а, мн. ко́рпусы, -аў і карпусы́ і (з ліч. 2, 3, 4) ко́рпусы, карпусо́ў, м.

1. мн. ко́рпусы, -аў. Тулава чалавека або жывёліны.

Павярнуцца ўсім корпусам.

Падацца корпусам уперад.

2. мн. карпусы́, -о́ў. Аснова, каркас, знешняя абалонка чаго-н.

К. гадзінніка.

К. судна.

3. мн. карпусы́, -о́ў. Асобны будынак на агульнай пляцоўцы або асобная частка будынка.

К. фабрыкі.

Карпусы дзіцячай бальніцы.

4. мн. карпусы́, -о́ў. Вайсковае злучэнне з некалькіх дывізій.

Стралковы к.

Камандаванне корпусам.

5. мн. няма. Сукупнасць асоб адной прафесіі, якога-н. аднаго афіцыйнага або службовага становішча.

Дыпламатычны к.

Афіцэрскі к.

6. мн. карпусы́, -о́ў. У дарэвалюцыйнай Расіі: сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова.

Кадэцкі к.

Марскі к.

7. мн. ко́рпусы, -аў. Сукупнасць, поўны збор якіх-н. тэкстаў, аб’яднаных нейкай агульнай прыкметай; электронны рэсурс (спец.).

К. паэтычных тэкстаў.

Лінгвістычны к.

8. Назва аднаго з размераў друкарскага шрыфту.

|| прым. ко́рпусны, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.) і карпусны́, -а́я, -о́е (да 4 і 6 знач.).

Корпусны плуг.

Корпусныя даследаванні.

Карпусны камандзір.

Корпусная лінгвістыка — раздзел мовазнаўства, які займаецца распрацоўкай і стварэннем корпусаў тэкстаў, а таксама іх выкарыстаннем у якасці інструмента для лінгвістычных даследаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спірт, ‑у, М ‑рце; мн. спірты, ‑оў; м.

1. толькі адз. Гаручая, з высокім працэнтам алкаголю вадкасць, якая атрымліваецца перагонкай некаторых прадуктаў, што змяшчаюць у сабе крухмал і цукар. Бацюня расклаў інструмент, выцер спіртам рукі і пінцэт і агледзеў рану. Мележ. // Адзін з відаў такой вадкасці, які ўжываецца як алкагольны напітак. У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой, паслухаць грамафон. Чарнышэвіч.

2. Арганічнае злучэнне, вуглевадарод, у якім атам вадароду замешчаны водным астаткам. Метылавы спірт. Этылавы спірт. // Лятучае рэчыва, якое ўжываецца ў медыцыне і тэхніцы. Камфорны спірт. Борны спірт.

•••

Вінны спірт — бясколерная вадкасць, якая атрымліваецца пры браджэнні вугляводаў; этылавы спірт.

Дэнатурацыя спірту гл. дэнатурацыя.

Мурашыны спірт — сумесь вады, мурашынай кіслаты і спірту (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Нашатырны спірт — водны раствор аміяку, празрыстая, бясколерная вадкасць з вострым пахам (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

Саліцылавы спірт — спіртавы раствор саліцылавай кіслаты, які выкарыстоўваецца як антысептычны сродак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углово́й

1. мат., техн. вуглавы́;

углово́е ускоре́ние вуглаво́е паскарэ́нне;

углово́й ра́диус вуглавы́ ра́дыус;

2. (находящийся на углу) рагавы́;

углово́й дом рагавы́ дом;

углово́й магази́н рагавы́ магазі́н;

3. (находящийся в углу) ку́тні, куткавы́;

углова́я ко́мната ку́тні (куткавы́) пако́й;

углово́й стол ку́тні (куткавы́) стол;

4. (имеющий форму угла, согнутый под углом) вуглавы́;

углово́е желе́зо вуглаво́е жале́за;

углово́е соедине́ние вуглаво́е злучэ́нне;

углово́й замо́к плот. вуглавы́ замо́к;

5. спорт. вуглавы́;

углово́й уда́р вуглавы́ ўда́р.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ка́ліва, ‑а, н.

1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.

2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.

3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.

4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.

•••

Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.

Ні каліва — ніколькі, ані.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

с..., (а таксама са..., су...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае ім значэнні:

1. Убіранне чаго‑н. з паверхні або наогул адкуль‑н., напрыклад: скасіць, спілаваць, ссячы;

2. Рух зверху ўніз; перамяшчэнне туды і назад, напрыклад: сцячы, скінуць, скаціцца, схадзіць (у аптэку);

3. Злучэнне: а) змацаванне, напрыклад: склеіць, скляпаць, сціснуць (пальцы); б) сканцэнтраванне ў адным месцы, напрыклад: сцягнуць (мяшкі), сканцэнтраваць; ссяліць; в) (звычайна з часціцай ‑ся) рух з розных месцаў у адзін пункт, напрыклад: сцячыся.

4. (з часціцай ‑ся). Узаемнасць, напрыклад: спрацавацца, спісацца;

5. Рэзультатыўнасць: а) паўната, інтэнсіўнасць, наступленне якога‑н. стану, напрыклад: стаміцца, спісацца (пра пяро); б) зрасходаванне ў выніку якога‑н. дзеяння, напрыклад: скарміць, скрышыць; в) выраб прадмета ў выніку дзеяння, напрыклад: спячы (пірог), скруціць (папяросу).

II. Утварае форму закончанага трывання некаторых дзеясловаў, напрыклад: спець, станцаваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў са значэннем месца, напрамку, прычыны ад ускосных склонаў назоўнікаў, напрыклад: справа, спачатку, спераду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́рмія, ‑і; Р мн. ‑ій; ж.

1. Сукупнасць узброеных (сухапутных. марскіх, паветраных) сіл дзяржавы. Савецкая Армія. Служыць у арміі. Прызывацца ў армію.

2. Сухапутныя ўзброеныя сілы (у адрозненне ад ваенна-марскіх і ваенна-паветраных сіл).

3. Злучэнне я некалькіх корпусаў або дывізія аднаго або некалькіх родаў войск, якія прызначаны для вядзення ваенных аперацый. Танкавая армія. Армія Заходняга фронту. Рэзервовая армія.

4. У дакастрычніцкай Расіі — асноўная маса сухапутных войск, якая не мела службовых прывілей, у адрозненне ад гвардыі.

5. перан.; каго-чаго. Вялікая колькасць людзей, аб’яднаных якой‑н. агульнай справай, прыкметай. Працоўная армія. Армія барацьбітоў за мір. Армія сельскіх настаўнікаў. □ Арміі грабароў і машын пайшлі ў наступленне на балоты. Лынькоў. // Вялікая колькасць каго‑н. Але гэта было нішто перад усёй колькасцю пінгвінавай арміі. Маўр.

•••

Дзеючая армія — часці арміі, якія ў час вайны знаходзяцца на фронце.

Кадравая армія — тое, што і кадравае войска (гл. войска).

Чырвоная Армія — назва Савецкай Арміі з 1918 да 1946 года.

[Фр. armée ад лац. armo — узбройваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.

2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.

3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.

4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае значэнні: а) давядзенне руху да канчатковай мэты; завяршэнне руху ў пэўным пункце, напрыклад: прыбегчы, прыйсці, прывалачы, прыляцець, прыпаўзці; б) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: прыахвоціць, прывучыць, прыкончыць, прыспець; в) збліжэнне, сутыкненне, напрыклад: прыткнуць, прыпнуць, прыхіліць; г) злучэнне, змацаванне, напрыклад: прыбіць, прыкалоць, прыклеіць, прыляпіцца, прымерзнуць, прыстаць, прышыць; д) сцісканне, выгладжванне, пашкоджанне ў выніку сціскання, напрыклад: прыкачаць, прымяць, прыціснуць; е) рух, накіраваны к сабе; дзеянне ў сваіх уласных мэтах, напрыклад: прывабіць, прыгрэбці, прыманіць, прысвоіць, прытуліць; ж) дадаванне, дабаўленне да чаго‑н., напрыклад: прыбавіць, прыараць, прылгаць, прыліць, прыпісаць; з) непаўнату дзеяння, напрыклад: прыадчыніць, прыглушыць, прыкрыць, прысылаць; і) суаднесенасць з пэўнай датай, надзеяй, напрыклад: прымеркаваць, прысвяціць, прыстасаваць; к) (толькі ад асноў дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі ‑ыва‑, ‑іва‑, ‑ва-) дзеянне, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: прыгаворваць, прыпяваць, прытанцоўваць, прытупваць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, падаючы значэнне: які размяшчаецца паблізу, каля чаго‑н., непасрэдна прымыкае да чаго‑н., напрыклад: прыбярэжны, прылесак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́ць, увалью, увальеш, увалье; увальём, увальяце і улію, уліеш, уліе; уліём, уліяце; пр. уліў, уліла, ‑ло; заг. улі; зак.

1. што і чаго. Наліць унутр чаго‑н. Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. Пакуль тры лыжкі настою не ўліе баба Васіліса малому, не адступіцца. Паўлаў. // перан. Усяліць, абудзіць (сілы, энергію, веру і пад.). Настрой у .. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.

2. перан.; каго-што. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., дабавіць да чаго‑н. Уліць атрад у партызанскае злучэнне. Уліць карткі ў картатэку.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), без дап. Разм. Выпасці ў вялікай колькасці (пра дождж). Навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што як я ні напінаў брызентавую накідку, яна не ратавала. Сабаленка. / у безас. ужыв. [Міхал:] — Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)