Кула́чкі ў выразе: Ешчэ чэрці на кулачкі ні браліса ’Яшчэ далёка да світання, яшчэ вельмі рана’ (Нар. словатв.). Усталі рано, бы чэрці на кулачку (ТС). Параўн. рус. кулички (у черта на куличках ’вельмі далёка’). Цяжка суаднесці семантыку бел. і рус. выразаў. Ва ўсякім разе беларускі матэрыял не дазваляе ўзводзіць слова да рус. кулич (параўн. Праабражэнскі, 1, 410) або польск. kuliczki ’testes’ (параўн. Ісачанка, ВЯ, 1957, 3, 121). Больш верагодным здаецца суаднясенне з польск. kulik ’карнавал на масленіцу’. Параўн. лат. kuluos lēkt ’гуляць на масленіцу’. Этымон гэтых слоў невядомы (Слаўскі, 3, 350–351).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да бык ​1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.

2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.

3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.

4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.

5. Старажытны беларускі народны танец.

•••

Казка пра белага бычка гл. казка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сентыменталі́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму. Ларчанка.

2. Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну. Кучар.

[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́спех, ‑у, м.

1. Удача ў дасягненні чаго‑н. Нізка ў пояс схіляецца жыта, Сінім морам вітаюць ільны. Беларускі народ працавіты, Твае поспехі свету відны. Астрэйка. Сход уважліва слухаў расказ Паходні пра поспехі Савецкай Арміі, пра блізкую перамогу. Хадкевіч.

2. Агульнае прызнанне дасягнутай кім‑н. удачы. У той незабыўны вечар на долю Наташы выпаў асаблівы, незвычайны поспех. Краўчанка.

3. толькі мн. (по́спехі, ‑аў). Добрыя вынікі ў рабоце, вучобе і пад. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніка і поспехаў сацыялізма ў СССР, у выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце, аслаблі пазіцыі сусветнага капіталізму. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крумка́ч1 ’воран, груган’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Шн., Сержп. Ск., Сержп. Грам., Федар. VII, Сл. паўн.-зах.). Параўн. крумкач, крункач і літ. krunkōčius ’тс’ (там жа, 2, 530). Балтызм, які ўзыходзіць да літ. kruñkti ’каркаць (пра варон)’. Наўрад ці неабходна разглядаць бел. крумкач, крункач як гібрыднае ўтварэнне (літоўскі корань, беларускі суфікс). Дакладным адпаведнікам бел. крункач з’яўляецца літ. krunkōčius ’воран’. Зразумела, што ўсе прыклады балтыйскай лексічнай інфільтрацыі ўзніклі ва ўмовах білінгвізму. Гл. Грынавецкене і інш. LKK, 16, 180; Лаўчутэ, Балтизмы, 69.

Крумка́ч2 ’жаба’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Крумкач (назва жабы), відаць, узнікла як кантамінаваная форма ад кумкаць (толькі пра жаб) (гл.) і крумкаць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́тка ’расліна жабнік, Filago arveusis’ (БРС, ТСБМ). Адпаведнікаў у гаворках як быццам няма; беларускі наватвор ад калматы(yju). Адносна семантыкі параўн. бел. брэсц. касмотка ’тс’, магчыма гродз. барадач, укр. оповст полевий. Семантыка утварэння празрыстая: розныя часткі расліны пакрыты тоненькімі валаскамі. Разам з тым звяртае увагу, што ў шэрагу сінонімаў у большай меры падкрэсліваюцца лекавыя уласцівасці расліны (бел. гарлянка, укр. горлянка) і іншыя яе асаблівасці, так што, магчыма, назва з падобнай семантыкай можа быць істотнай пры ўстанаўленні сепаратных сувязей бел. і іншаславянскай лексікі. На жаль, у канкрэтным выпадку гэта зрабіць не вельмі лёгка, паколькі назвы з падобнай матывацыяй для блізкіх раслін сустракаюцца даволі шырока, параўн. бел. віц. пух для Лпіеппагіа, чэш. мар. myśl uško для Gnaphalium і да т. и.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́пат1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

та́нец, ‑нца, м.

1. Від мастацтва, у якім мастацкі вобраз ствараецца сродкамі пластычных рухаў і рытмічнай змены выразных пастаў цела чалавека. Пластычны танец. Класічны танец.

2. Сукупнасць рытмічных і пластычных рухаў пэўнага тэмпу і формы, якія выконваюцца ў такт музыкі, а таксама музыка да гэтых рухаў. Беларускі танец. Украінскі танец. Вальны танец. □ Танцавальны калектыў калгаса «Камінтэрн» .. паказаў танец «Кросны», у якім расказваецца аб майстэрстве ткачых. «Беларусь».

3. Музычны твор у рытме, стылі і тэмпе музыкі да такіх рукаў. Венгерскія танцы Брамса.

4. толькі мн. (та́нцы, ‑аў). Забавы, у час якіх удзельнікі робяць такія рухі, танцуюць; танцавальны вечар. Цяпер жа ў вёсцы танцаў не было, і Валодзя быў нават здаволены. Федасеенка.

•••

Ні да танца, ні да ружанца — пра няўмелага, ні на што не здатнага чалавека.

[Польск. taniec ад ням. Tanz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)