ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.
2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.
3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.
4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».
5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Зруйнаваць, разбурыць, панесці матэрыяльныя страты. За гэты час .. вайна спустошыла ўсё, а жонку .. [чалавека] спалілі разам з домам. Караткевіч. [Ванэдык:] — Спустошыў жа злыдзень усё, адно вуголле ды бітую цэглу пакінуў. Кулакоўскі. // Разм. Давесці да галечы, беднасці; абабраць. [Карны атрад] арудаваў шмат дзён і выехаў пасля ўжо таго, калі спустошыў і ажабрачыў людзей. Чорны. // перан. Пазбавіць маральных сіл. зрабіць няздольным да актыўнага, творчага жыцця. [Лена:] — Не .. [Мікалай], а нехта чужы, нядобры. Госпадзі, .. як ён сябе спустошыў. Скрыган. Спрэчка з Віктарам спустошыла мяне. Савіцкі.
2. Зрабіць неўрадлівым (пра глебу); ператварыць у пустку. Снарады і бомбы ўсю .. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ. [Бабуля:] — Трэці дзень не ем я. Гарачыня спустошыла нам землі. Дубоўка.
3. Разм. Знішчыць, звесці са свету. Спустошыць запасы. □ [Кулак Чыкілевіч] думаў аб розных бяздонных правалах зямлі, дзе калгасы асталююцца, аб заразе, якою б можна было б спустошыць усю скаціну ў калгасе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тара́н 1, ‑а, м.
Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).
тара́н 2, ‑а, м.
1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.
2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.
3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.
4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.
•••
Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэкст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Тое, што напісана або надрукавана, напісаныя або сказаныя кім‑н. словы, якія можна ўзлавіць, паўтарыць у тым жа выглядзе. Запісаць тэкст казкі. □ З многіх паправак, зробленых рукой. К. Чорнага на тэксце другога варыянта «Ірынкі», відаць, як шмат працаваў аўтар над гэтай драмай. Кудраўцаў. Выдаючы біблейскія тэксты, доктар лекарскіх і свабодных навук клапаціўся аб пашырэнні і ўдасканаленні асветы. С. Александровіч. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта ліст і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Карпаў. // Урывак з якога‑н. твора славеснасці, прызначаны звычайна для навучальнай мэты. Чытанне лацінскіх тэкстаў. Пераклад англійскага тэксту.
2. Пісьмовы дакумент, акт і пад. у адрозненне ад заўваг, каментарыяў да яго. // Асноўная частка набору без падрадковых заўваг, спасылак і пад. Набраць тэкст корпусам, а зноскі петытам. Зноска пад тэкстам.
3. Словы, на якія напісана музыка. Раманс Чайкоўскага, тэкст Фета. Тэкст песні.
4. Спец. Шрыфт буйнога памеру (каля 8 мм).
[Ад лац. textum — сувязь, злучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.
2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.
3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.
•••
Гуляць у хованкі гл. гуляць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośń — запазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brość (з укр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лес, ліс ’лес’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’дрэвастой’ (ТС), ’вільготны лісцевы лес’ (Маш.), ’лесаматэрыял’ (ТС, Зянк.), ’будаўнічы матэрыял з драўніны’, лесам ’без догляду’ (Сл. паўн.-зах.), лясьсё ’нелюдзімае, дзікае месца’ (міёр., Нар. сл.). Укр. ліс, рус. лес, польск. las, палаб. lʼos, луж. lěs, чэш., славац. les, славен. lẹ̑s, серб.-харв. ле̑с, lȉjęs, балг. лес, ст.-слав. лѣсъ. Семантыка гэтай лексемы размяркоўваецца наступным чынам: паўсюдна lěsъ абазначае ’будаўнічы матэрыял’, а на поўначы і ’лес — сукупнасць дрэў’, першае з іх лічыцца першасным для прасл. lěsъ, якое тады можна генетычна суаднесці з лац. lignum драўніна, матэрыял’, якое з *likʼ‑no‑m (Мартынаў, Лекс. Палесся, 33; Брукнер, 290). Агляд іншых малаімаверных або малапераканаўчых версій гл. яшчэ Слаўскі, 4, 56; Скок, 2, 298; Фасмер, 2, 485.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляпешнік ’алешнік’, ’альховыя кусты з гразкімі месцамі і сенажатнымі лажкамі’ (слаўг., Яшк.; Касп., Мат. Гом.), ’аер’ (ТС). Укр. лепішник ’асака’, лепешни́к, лепешня́к ’чарот лясны’, рус. лепёшник ’аер, ірны корань’, Acorus calamus L.’, смал. ’зараснікі альхі’, калін. шелеп ’алешнік’ (з перастаноўкай зычных), кур. ’плюшчай галінасты, Sparganium ramosum Huds.’ разан. ’мальва’, ніжагар. ’падбел’, алан. лепешня́к ’нізкі вярбіннік або алешнік’, варон. лепёшечник ’трыпутнік’, сарат. ’алтэй’; польск. lepiaśnik, lepiężnik ’белакапытнік, Pelasites Mill.’, ’падбел’, якія Слаўскі (4, 166) лічыць запазычаннем з усх.-слав. моў. У зах.- і паўд.-слав. мовах (славен. lepeník, lepíš ’падбел’) з кораня lop‑/lap‑. Можна меркаваць, што тут зліліся ў адну некалькі лексем: ад ле́пест (гл.) і лексемы са значэннем ’алешнік’, запазычаныя з фін., карэльск. leppä, эст. lepp ’алешына’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 484).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)