бэ́ра, ‑ы, ж.

1. Пашыраны ў Беларусі сорт позняй грушы, якая прыносіць буйныя жоўтыя салодкія плады. Ужо апранаючыся, [Коля] глянуў праз акно ў садок: ці калыша там вецер галінкі маладых бэр і антонавак? Якімовіч.

2. Плод гэтай грушы. Ранішнімі першымі замаразкамі мерзлі перад вокнамі спелыя бэры. Чорны.

•••

Лошыцкая бэра — беларускі селекцыйны сорт грушы.

Слуцкая бэра — сорт бэры, якая распаўсюджана ў Беларусі на Случчыне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.

2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ланцужо́к, ‑жка, м.

1. Невялічкі тонкі ланцуг. [Малады чалавек] зіхацеў пярсцёнкамі і на камізэльцы ланцужком ад гадзінніка. Чорны.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Беглі, знікалі ўдалечыні ланцужкі электралямпачак. Хадкевіч. Развітальна курлыкаючы, праплывалі на поўдзень рэдкія ланцужкі жураўлёў. Курто.

3. у знач. прысл. ланцужко́м. Тое, што і ланцугом (гл. ланцуг у 5 знач.). Ідзём ланцужком паўз самыя платы, бо на вуліцы — лужы. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́штва, ‑ы, ж.

1. Накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі і прыгожым вільчаком. Шахавец.

2. Металічная накладная пласцінка з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах і пад.

3. Разм. Тое, што і плінтус.

4. Падгорнутая або нашытая палоска матэрыі для аддзелкі, падрубкі. Акаловіч .. пачаў абмацваць .. ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засло́н 1, ‑а, м.

Вайсковы атрад для аховы і прыкрыцця галоўнай часткі войска. Камандаванне зрабіла манеўр: пакінуўшы заслон, нечакана павярнула галоўныя сілы брыгады ў другім кірунку. Шамякін. За ракой стаіць невялікі заслон на балотах, абараняе подступ да пераправы. Заслону загадана біцца да апошняга патрона. Лынькоў.

засло́н 2, ‑а, м.

Абл. Пераносная лаўка; услон. Каля стала стаялі заслоны і некалькі старых .. крэслаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́сіць, звешу, звесіш, звесіць; зак., каго-што.

Апусціць адным канцом; даць павіснуць. [Антон] сеў на печ, звесіў ногі і курыў. Чорны. // Схіліць уніз; апусціць. [Талаш] спыніўся над трупам свайго вернага таварыша і панура звесіў над ім пасівелую галаву. Колас. Дуб галлё пабялелае звесіў. Лявонны.

•••

Звесіць галаву — тое, што і павесіць галаву (гл. павесіць).

Звесіць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маёнткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.

2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладзе́ц, малайца, м.

1. Статны, атлетычнага складу малады чалавек. Атрад .. налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца для выражэння пахвалы, адабрэння. — Маладзец ты, брат, знайшоў, што сказаць, — пахваліў Карагу Булякін. Колас.

3. Пагард. Тое, што і малойчык (у 2 знач.). [Валакіткін:] — Знаходзяцца малайцы, што гатоў ён табе вочы выдраць, калі скажаш, што ўсё гэта не так. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

медальён, ‑а, м.

1. Аздабленне авальнай ці круглай формы ў выглядзе футарала, унутр якога можна ўстаўляць фотаздымак або які‑н. талісман; носіцца звычайна на ланцужку на шыі. Налева ад трона, некалькі воддаль ад усіх, стаіць Гамлет. Па ім чорны аксамітавы плашч, на фоне якога блішчыць залаты ланцужок з вялікім медальёнам. «Полымя».

2. Рэльеф або малюнак у авальным або круглым абрамленні.

[Фр. médaillion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)