Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гапцава́ць ’многа есці’ (Шат.). Няма ў рус. і ўкр. мовах у гэтым значэнні. Фармальна падыходзіць для параўнання ўкр. гопцюва́ти ’танцаваць гопаючы; скакаць (аб конях)’, але семантыка вельмі адрозніваецца. Таму можна меркаваць, што бел. лексема гэта нейкае жаргоннае слова, магчыма, запазычана з укр. мовы і ўжываецца ў метафарычным значэнні. Паколькі пакуль няма дадатковых даных аб гісторыі слова гапцава́ць у бел. мове, то больш пэўнага аб ім сказаць нічога нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наполак ’жалезная лапатачка ў сахі, пры дапамозе якой зямля пры аранні адкідваецца на адзін бок’ (Нас.), ’тып лапаткі над лемяшам’ (Грыг.). Адсылка Насовічам да іншай назвы рэаліі паліца — фактычна дае этымалогію слова, параўн. полка, паліца ’дошка, прымацаваная рабром да сцяны’ (гл.). Наўрад ці сюды наполак ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809); хутчэй да папярэдняга слова (гл. напол), тут — ’адна з частак калодкі, расколатай напалову’, параўн. аполак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўсёды ’заўсёды’ (Яруш.). Відаць, наватвор пачатку XX ст.; на- замест за‑, пашыранага ў большасці славянскіх моў у адпаведніках бел. заўсёды (гл.), магчыма, пад уплывам рус. навсегда ’назаўсёды’, дакладвай структурнай копіяй (не калькай!) якога з’яўляецца разглядаемае слова; аднак параўн. наусёгда: помні наўсёгда (ТС), наўсягды ’назаўсёды’ (Жд. 1), наўсюдых ’усюды’ (Нас.), наўсюды ’тс’ (Бяльк.), што можа сведчыць аб старажытным характары пачатку слова, пра фарміраванне пачатковага словаўтваральнага комплексу гл. таксама паў-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буршты́н (БРС, Гарэц., Нас.), таксама брушты́н (Касп., Нас.); буршты́навы, бруштыно́вы, брушты́навы ’колер з адценнем жоўтага’ (Інстр. II, БРС). Слова гэтае ўжо ў Бярынды. Укр. буршти́н, бру́штин ’тс’. Запазычанне з польск. bursztyn ’тс’ < н.-ням. bornstēn (ням. Bernstein, літаральна ’палаючы камень’). Бернекер, 102; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 46; Булыка, Запазыч., 53; Шалудзька, Нім., 24; параўн. Брукнер, 50. Рудніцкі (267–268), зыходзячы з націску, выводзіць слова непасрэдна з ням. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Верані́на ’вінегрэт’ (Бяльк.); ’лямешка’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. верени́на ’каша з мукі’. Падрабязна аб паходжанні слова гл. Трубачоў, Slavia, 29, 19. Слова можна вывесці і ад дзеяслова тыпу рус. дыял. верени́ть ’спешна што-небудзь рабіць’ (параўн. «верени́на — это муки насыпают, ды в кипяток» — СРНГ). Але не выключаецца, што верабі́на, верени́на < варенина. Параўн. рус. дыял. варе́нина ’варанае пойла для жывёлы’, варе́нина ’варанае мяса’. Адносна фанетыкі параўн. бел. дыял. верэ́нік (< варэ́нік).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дронг ’жэрдка’ (Сцяшк.), дронг, дронк ’ручка, рубель, падгерац і да т. п.’ (Сл. паўн.-зах.), ’трайня’ (Шатал.). Запазычанне з польск. drąg ’тс’ (польск. слова вядома з XV ст. і адносіцца да прасл. сямейства слоў *drǫgъ: ст.-чэш. drouh, серб. дру̑г, ст.-сл. дрѫгъ і г. д.; гл. Слаўскі, 1, 162). Параўн. ст.-бел. дронжокъ ’металічны прут, жэрдка’ < польск. drążek (бел. слова з XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́пе́к, прі́пік, пры́пяк, пры́пык ’месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы’; ’выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь; прымурак’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Бяльк., Дразд., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ, ТС, ПСл, Шушк.). Рус. смал. при́пек ’лава каля печы; прыпек’, укр. припек ’прыпек; ляжанка’. Слова ўзнікла ў выніку зваротнай дэрывацыі ад пры́печ, прыпе́чак з узнаўленнем этымалагічнага зычнага ‑к‑, магчыма, не без уплыву слова прыпёк2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скра́вак ‘акравак, беражок’ (Ласт.), ‘абрэзак’ (віл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ‘скосак’ (Мат. Гом.), ‘малы кусочак хлеба’ (навагр., Нар. сл.). Параўн. польск. skrawek ‘тс’, якое ад skraw ‘асколак, трэска’ < skrawać (Варш. сл.). Слова чаргаваннем галосных звязана з кро́іць, кро́ю (гл.), аналагічна да польск. stawać : stojać, napować : napajać і г. д. (Брукнер, 268), што можа сведчыць пра запазычанне. Аднак значэнне ‘малы кавалачак хлеба’ збліжае слова з акрае́ц, акра́йчык ‘тс’, скра́йка ‘тс’. Гл. скрайчык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)