Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ. kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел. баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус. калін. колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус. тамб. талашиться ’мітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каро́ткі, укр. короткий, рус. короткий, чэш. krátký, славац. krátky, в.-луж. krótki, палаб. kortʼě (< kort ъkъ), польск. krótki, балг. кратък, макед. краток, серб.-харв. кра́так, славен. krátek. Этымалогія слова даволі празрыстая. Прасл. kortъkъ атрымаў сваю рэгулярную суфіксацыю ‑ъkъ з прасл. kortъ (ŭ‑аснова). Назоўнік kortъ у значэнні ’раз’ захаваўся ў паўд.-слав. і зах.-слав. мовах. Усх.-слав. мовы запазычылі стараславянскія формы крат, кратны (гл.), кратнасць (гл.). Прасл. kortъ непасрэдна суадносіцца з прасл. čьrtǫ, čersti ’праводзіць баразну’, літ. kir̃sti, kertù ’рубіць’, лат. cirst ’тс’, ст.-інд. kártati ’рэжа’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 102; 4, 75–76). Такім чынам, kortъ меў значэнне ’адрэзаны кавалак, канец’. Гэта не значыць, што тут мы маем справу з праславянскай інавацыяй (čersti > kortъ > kortъkъ ’кароткі’). Сапраўды, у балт. мовах не існуе надзейнай паралелі да kortъkъ. Літ. kartùs ’горкі’, якое з’яўляецца фармальна тоесным прасл. kortъ, мае іншую семантыку (параўн. Хэмп, RS XXX, 1, 43). Але насуперак Трубачову, Эт. сл., 11, 103, нельга адмаўляцца ад параўнання прасл. kortъkъ і лац. curtus ’кароткі’. Семантычная тоеснасць, якой не хапае фармальна тоеснаму літ. kartùs, тут відавочная, а фармальныя разыходжанні мінімальныя (лац. curtus павінна адпавядаць не прасл. kortъ, а kъrtъ). Улічваючы тое, што паняцце ’кароткі’ ў балт. мовах перадаецца лексемай іншага паходжання (літ. trum̃pas ’кароткі’, trùpùtis ’крошка’, trupė́ti ’крышыцца’), магчымым з’яўляецца другаснай пранікненне італ. kartus (блізкага да лац. curtus) у прасл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.
2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.
3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бядо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
Разм.
1. Бяда, гора. Да ўсіх Галіных бядот дадалася новая, ужо зусім рэальная бяда: стараста паведаміў ёй, каб збіралася ў Германію. Няхай.
2. Матэрыяльныя нястачы, беднасць, галеча, бедната. І тут нейк сама сабою ўспомнілася Панямонь і марная страта грошай, праўда, невялікіх, але ў такой бядоце яны мелі б значную сілу. Колас. І там, дзе гібелі Ў бядоце бясконцай, Жыццё маладое ўстала Нанова. Броўка.
3. зб. Бедната, бедныя людзі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
важне́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Вельмі добры, выдатны; важны (у 3 знач.). Футбольная пляцоўка тут будзе важнецкая: месца такое, што і раўняць не трэба. Даніленка. — Хадзі, Ганька, — кліча ён [дзядзька] з кухні, — паглядзі, якія важнецкія туфлі ў цябе будуць. Васілевіч.
2. Важны (у 2 знач.). Ужо ў разгары быў даклад, Як шась асёл. І ў першы рад З важнецкім выглядам падаўся. Бачыла. І шэрая світка зусім ні пры чым, — У дзеда важнецкі інспектарскі чын. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.
Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даве́рху, прысл.
Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.
•••
Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згалада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Нацярпецца голаду; знясіліцца ад працяглага недаядання. — Згаладаўся... Сілы зусім мала. Вы ўжо не крыўдуйце, што аб’еў вас тут. Каліна. // Прагаладацца. — Ты ж згаладаўся ў дарозе. Хадзем на кухню. Савіцкі.
2. перан.; па чым. Доўга не маючы чаго‑н., адчуць вострую неабходнасць у гэтым. За хараство, ды вось за гэту цёплую ўсмешку і ўзяў Юзік Зосю. Згаладаўся ён у панурай суровай сям’і па ласкавым слове ды прыветнай усмешцы. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)