ты́тул, ‑а, м.

1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.

2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.

3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.

4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.

[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Лынькоў. Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы. Шамякін.

2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Пестрак. Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! Нікановіч. Удалая восень стаяла ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха. Кірэенка. / Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы. Купала. // Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе. Пестрак. Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая. Карпюк. Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку. Быкаў. // Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай. Якімовіч.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш! Чарнышэвіч. [Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Колас.

4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты. Бажко.

•••

Удалая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, загарэцца; разгарэцца, запалаць. Узгарэліся дровы. □ Паветра дыхала навальніцай, полымя магло ўзгарэцца... Колас. // Стаць бліскучым, заблішчаць пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця (пра вочы); азарыцца якім‑н. пачуццём. Хворы ўстрапянуўся на ложку, вочы яго ўзгарэліся нядобрай рашучасцю. Быкаў.

2. перан. Зачырванець, стаць гарачым (ад хвалявання, узбуджэння і пад.). Шчокі .. [дзяўчыны] узгарэліся такім шчодрым румянцам, што ў булачнай нібы пацяплела. Лынькоў.

3. перан.; чым і без дап. Узбудзіцца, запаліцца якім‑н. пачуццём. Сядзім мы з Барысам у канторы майстроў цэха, і ён расказвае мне, як некалі ўзгарэўся жаданнем стаць матросам. Мыслівец. — Згубілася [карова], і даўнавата, — пацвердзіў Міхась. — Вось таму я і прыехаў да вас, — сказаў стары. — Дапраўды? — Міхась узгарэўся, пачуўшы пра Лысуху. — Дзе ж яна? Сіняўскі. // з інф. Нечакана і вельмі моцна захацець зрабіць што‑н. Прачнуўся Віцька. Убачыў, што я сабраўся ў дарогу, узгарэўся праводзіць мяне. Асіпенка. [Хвошч] успомніў маёнтак і быў зноў узгарэўся купіць яго. Лупсякоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Нечакана ўзнікнуць, пачацца з новай сілай; разгарэцца. Узгарэлася сварка. Узгарэлася вайна. □ Не паспеў Шутаў Запытаць палонных, як на паўднёвым баку ўзгарэўся бой. Мележ. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў .. [байцоў] ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала. Быкаў.

5. перан. Разм. Раззлавацца, абурыцца. У той дзень яны ўпершыню пасварыліся. Марыя папракнула мужа за яго недарэчныя жарты, і Аляксей Іванавіч узгарэўся. Шашкоў. — Не ўсім з аднаго і таго ж пачынаць... Ды што вы мяне нейкім навічком лічыце, — узгарэўся Андрэй. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пусціць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць на волю, вызваліць. Выпусціць птушку з клеткі. □ [Параска] не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да.. [палякаў] прыйдзе бацька. Колас.

2. Дазволіць, даць магчымасць выйсці адкуль‑н., пусціць куды‑н. Выпусціць карабель з гавані. Выпусціць танцораў на сцэну. Жывёлу выпусцілі на вадапой. // Даць магчымасць выцечы, выйсці, распаўсюдзіцца. Выпусціць ваду з бочкі. Выпусціць цяпло з хаты. □ Тым часам падышоў цягнік. Выпусціў белыя клубы пары і зноў зачыхкаў, набіраючы хуткасць. Гроднеў.

3. Расходаваць у працэсе стральбы; выстраліць. Выпусціць дзве міны. □ Немец трымаў парабелум апушчаныя, а таму стары не спяшаўся, упэўнены, што раней, чым той падыме і накіруе на іх парабелум, ён зможа выпусціць увесь барабан. Шамякін.

4. Перастаць трымаць; упусціць. Выпусціць талерку з рук. □ Сёмка выпусціў Зосіну руку і адступіў крок назад. Гартны.

5. Даць поўную, закончаную адукацыю, давесці да канца навучанне. Выпусціць з інстытута датэрмінова. □ [Вера:] — Мне толькі дваццаць тры гады, а колькі я ўжо дзяцей выпусціла са сваёй школы! Чорны.

6. Вырабіць, выпрацаваць. Выпусціць прадукцыю звыш плана. □ Спачатку вырваўся гудок, Завода слаўнага басок: — Я выпусціў аўтамабіль На многа тон, на многа міль. Лужанін. // Выдаць, надрукаваць. Выпусціць кнігу, лістоўку, насценгазету. // Пусціць у абарачэнне. Выпусціць марку. Выпусціць пазыку.

7. Высунуць вонкі, на паверхню. Выпусціць кіпцюры.

8. Павялічыць у даўжыню, шырыню. Выпусціць рукавы.

9. Абл. Здаць у наймы. Тады Бухча выпусціў вясковую бацькоўскую хату і зямельную дзялянку ў арэнду. Чорны.

•••

Выпусціць з-пад увагі — забыць пра што‑н.

Выпусціць з рук — упусціць, не выкарыстаць у сваіх мэтах.

Выпусціць кішкі (груб.) — зарэзаць.

Выпусціць лейцы з рук — аслабіць сілу ўлады над кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. беды, бед; ж.

1. Няшчасце, нядоля, гора. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігне апошняя бяда. Брыль. Ды зноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю. Колас. // Непрыемнасці, клопат. Але сёння здарылася з цыркуляркай бяда — сапсаваўся па нейкай прычыне матор. Гамолка. Трэба, думае [мужык], хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі... Якімовіч.

2. Галеча, нястача, недахоп сродкаў для жыцця. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. Вечная ў хаце бяда — Ніва, як палец, вузкая, У хлебе цвіла лебяда. Танк. [Дзед:] — Дзе ж ты [Сымонка] дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Колас.

3. у знач. вык. Дрэнна, нядобра; непрыемнасць. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. [Камандзір:] — Пяхоце шукай, дзе вузей, ды дрэвы валяй цераз ваду. З фурманкамі — таксама бяда. Брыль. // (з адмоўем). Неістотна, не мае значэння. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён [Беразоўскі] і сам не малады. Чарнышэвіч.

•••

Бяда вялікая — не мае значэння, няважна.

Бяда малая — не датычыцца каго‑н. [Шчырэц:] — Ты [Валошын] — гарадскі, табе бяда малая: Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць. Глебка.

Бядой латаны гл. латаны.

Далей ад бяды гл. далей.

Дапамагчы бядзе гл. дапамагчы.

Лезці ў бяду гл. лезці.

Не твая (мая, яго і г. д.) бяда — не твая (мая, яго і г. д.) справа, што табе (мне, яму і г. д.) абыходзіць.

Такой бяды; толькі (той) бяды — не мае значэння; ну дык што ж!

Як на бяду — як назнарок, як на тое.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)