Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2-3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turekчырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кроў, крыві, Т кроўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў. Артэрыяльная кроў. Венозная кроў. Рух крыві.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва. Адной крыві. □ — У Марысі Антосева кроў. Бажко. // Блізкі сваяк. У глыбіні душы варухнулася ў Сіпака нешта падобнае на крупінку жалю да чалавека: што тут ні кажы, а ўсё ж свая кроў... Лынькоў.

3. Парода жывёлы. Бульдог чыстай крыві. // Пра род, паходжанне людзей. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду, не[высака]роднасць крыві. Самуйлёнак.

4. перан. Забойства, кровапраліцце. [Дзед Бадыль:] Народ не вытрымае, з голымі рукамі кінецца на гарматы і кулямёты. Крыві шмат будзе. Крапіва.

5. перан.; якая. Тэмперамент, характар. Гарачая кроў. Маладая кроў.

•••

Сумяшчальнасць крыві гл. сумяшчальнасць.

Гарачая кроў — пра страснага, тэмпераментнага чалавека.

Да апошняй каплі крыві гл. капля.

Кроў гаворыць (загаварыла) у кім — аб праяўленні чаго‑н., уласцівага роду, нацыі і пад.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра дужага прыгожага чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў кінулася (хлынула) у галаву каму — хто‑н. моцна ўсхваляваўся, узрушыўся.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Кроў ударыла ў твар каму — хто‑н. пачырванеў ад збянтэжанасці, сораму, непрыемнасці і пад.

Кроўю сэрца (кніжн.) — з глыбокім пачуццём і перакананнем, з вялікімі мукамі (пісаць, тварыць што‑н.).

Купацца ў крыві гл. купацца.

Ліць (праліць) кроў гл. ліць.

Льецца (праліваецца) кроў чыя, якая — пра вялікія ахвяры, масавае забойства людзей (звычайна ў час вайны).

Наліцца кроўю гл. напіцца.

Напіцца (насмактацца) крыві гл. напіцца.

Патапіць у крыві гл. патапіць.

Піць (смактаць, ссаць) кроў гл. піць.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві гл. плоць.

Плоць і кроў каго, чыя гл. плоць.

Потам і кроўю гл. пот.

Псаваць кроў каму гл. псаваць.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сысці кроўю гл. сысці.

Сэрца кроўю абліваецца гл. сэрца.

Умыцца кроўю гл. умыцца.

(Хоць) кроў з носа — нягледзячы ні на якія цяжкасці, перашкоды (зрабіць што‑н., дамагчыся чаго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уступі́ць 1, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. Стаць членам якой‑н. арганізацыі, таварыства. Уступіць у прафсаюз. Уступіць у кааператыў. □ Калі пачалася калектывізацыя, бацька мой і іншыя малазямельныя аднавяскоўцы першымі ўступілі ў калгас. Кулакоўскі.

2. Пачаць якое‑н. дзеянне, прыняць удзел у чым‑н. Уступіць у спрэчку. Уступіць у перагаворы. □ Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. Першымі ў барацьбу ўступілі лыжнікі. «Звязда». // Перайсці ў які‑н. стан, перыяд развіцця. Уступіць у шлюб. □ Прамінула наша маладосць, І мы ўступілі ў сталыя гады. Глебка. З самага пачатку 1860‑х гадоў Расія ўступіла ў новы перыяд вызваленчага руху. Ларчанка.

3. Увайсці, уехаць куды‑н. Як толькі Чырвоная Армія ўступіла ў горад, Банда з польскім войскам пайшла далей на Захад. Карпюк.

4. Стаць нагой у што‑н. Уступіць у лужыну. □ [Ларыса] хуценька пацягнула кароценькі чырвоны сарафанчык, уступіла ў сандалікі і, грукнуўшы дзвярыма, выбегла з хаты. Арабей.

5. Ступіць, наступіць на каго‑, што‑н. Уступіць на нагу.

•••

Уступіць у (свае) правы — праявіцца ў поўную меру, сілу.

Уступіць у сілу — стаць законным.

Уступіць у строй — пачаць дзейнічаць.

уступі́ць 2, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. каго-што. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць іншай асобы. Міхал уступіў асірацелым пляменнікам Сёмку і Марце сваю хату і перабраўся жыць да зяця. С. Александровіч. Бабуля ўступіла.. [Ніне] свой ложак каля печы, а сама курчыцца на лаве за сталом. Брыль. // (пераважна з адмоўем «не»). Паступіцца чым‑н. Хто — каго, хто здасца першы? Але ніхто не хацеў уступіць пяршынства. Шамякін.

2. каму-чаму і без дап. Пайсці на ўступкі, згадзіцца з чым‑н., перастаць супраціўляцца. Уступіць просьбам. □ Характар у [дзяўчыны] памяркоўны, ураўнаважаны. Такая, дзе трэба за сябе пастаяць — пастаіць, а дзе трэба ўступіць — уступіць. Пальчэўскі.

3. каму-чаму. Не вытрымаць параўнання ў якіх‑н. адносінах, аказацца горшым за каго‑, што‑н. [Яўген:] — Наш Лявон Махавік кажа, што драніца нават не ўступіць гонтам. Баранавых.

4. каго-што. Прадаць каму‑н. дзешавей назначанай цаны. Уступіць тавар за паўцаны. □ [Гаспадыня:] — Дзвесце рублёў, шаноўная. Але як такой студэнтачцы — за паўтараста ўступлю. Грамовіч. // Згадзіцца збавіць частку цаны пры продажы. Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком. — За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў. Шамякін.

•••

Уступіць дарогу каму — тое, што і даць дарогу каму (гл. даць).

Уступіць месца чаму — змяніцца, замяніцца чым‑н. Дарога ўсё падымалася ўгару. Парослая травой, яна ніяк адразу ўступіла месца пясчаным россыпам, якія не паспеў нават схапіць трыліснік. Асіпенка. Толькі ў сярэдзіне красавіка зіма ўступіла сваё месца вясне. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)