зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.

1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.

2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.

4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.

5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.

1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.

2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.

•••

Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606- 607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

засячы́ 1 і засе́кчы 1, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; каго-што.

1. Зрабіць зарубку, адзнаку сякерай, нажом і інш.; адзначыць засечкай. Засячы дрэва. Засячы бервяно.

2. Зачапіўшы на хаду адной нагой за другую, параніць. Конь засек нагу.

3. Выявіўшы месцазнаходжанне чаго‑н., нанесці на план, карту і пад. Засячы курс карабля. Засячы агнявыя пункты ворага. // Разм. Убачыць, заўважыць таго (тое), што ўтойваецца, хаваецца. Калі [Даніла] поўз ад ручая цераз пустку, яго, няпэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Шамякін.

•••

Засячы час — адзначыць час пачатку, канца чаго‑н. і пад.

засячы́ 2 і засе́кчы 2, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; зак., каго.

1. Збіць розгамі, бізуном і пад. да смерці, да страты прытомнасці. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч.

2. Забіць (сякерай, шабляй і пад.). — Мяне чуць не засеклі дзянікінцы шаблямі, і рубцы чырванеюць яшчэ і цяпер на спіне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звон, звана́ і зво́ну, ж.

1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.

2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.

3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.

•••

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н. Я тады быў у тым узросце, калі ўжо не млеюць ад дзявочых поглядаў і ўсмешак. Васілевіч. [Якуб] зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Зарэцкі.

2. які. Выраз вачэй, манера глядзець. Мужны і дародны [Батура], Як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты. Пушча. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Колас.

3. Пункт гледжання. Кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце... Бядуля. Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае. Пальчэўскі. Погляд Дубоўкі на паэзію мае многа агульнага з поглядам на яе Максіма Багдановіча: як той, так і другі змагаліся за высокую культуру беларускага верша. Конан.

•••

Абвесці поглядам гл. абвесці.

Абеглы погляд — мімалётны, ледзь улоўны погляд.

На першы погляд — паводле першага ўражання.

На погляд — па знешняму выгляду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́два, ле́дво, ле́двя, ле́дзьве, ле́дзьвя, ле́дзьві, віц., лях. ледзва ’насілу, з вялікімі цяжкасцямі’, ’амаль, чуць не’, ’ледзь’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.; лях., Янк. Мат.; уздз., Жд. 2; калінк., З нар. сл.; паўд.-усх., КЭС). Укр. ледве, ледві, ледво, ледви, ледве‑ледве, ст.-укр. і єдва, рус. смал. ледва пры паўсюдна пашыраным едва, паўн. одва, ст.-рус. одъва//одва, польск. ledwo, ledwie, але ў XV ст. ужывалася значна часцей з пачатковым j‑ (чым з l‑): jedwo, jedwa, jedwe, каш. ledwie, ledwö, н.-луж. lědba, lěbda, lebda, lědom, lědym, в.-луж. lědy, lědma (< *lědva), ledom, чэш. ledva, мар. ledvé, ляш. ledvem, ст.-чэш. ledva, ledvy, а таксама ст.-чэш. і дыял. jedva, jedvy, славац. ledva, ledvaj, ledvoj, ledvy, усх. ľedvo, славен. jèdva і odvaj, серб.-харв. јѐдва, једва̏, једвај, макед. одвај, едвај, балг. едва(м), одвай, ст.-слав. ѥдва/ѥдва. Прасл. jedъva. Другаснасць le‑ ў параўнанні з je‑ сцвярджаюць Бернекер, 452; Брукнер, 293; Копечны ESSJ SG, 2, 246–247. Звычайна этымолагі ў лексеме jedъva бачаць два элементы: першы атаясамліваецца з jed‑ьnъ; другі (‑ъva) звязваецца генетычна з літ. vōs ’ледзь’ (< і.-е. *u̯as, параўн. са ст.-інд. узмацняльнай часціцай vāi і ’або’). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 9; Скок, 1, 769; Махэк₂, 220; Слаўскі, 4, 105–108; Шустар-Шэўц, 820). Кюнэ (71) выводзіць бел. ледва (‑е, ‑і) з польск. ledwie, ledwo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)