Пісю́ліць (іран.) ’плакаць’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Ад назоўніка ^піс‑уль, у якім ‑уль — суфікс балтыйскага паходжання, параўн., літ. ‑ulys утварае nomina actionis, што абазначаюць такую дзейнасць арганізма, якая адбываецца незалежна ад яго волі, а *pisі.-е. аснова, якая перадае гукаперайманне, калі што-небудзь льецца, цячэ (параўн. пісяць, пісаць ’мачыцца’). Параўн. таксама пні. nici ’слёзы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разляле́цца ’разбалецца’ (лід., Сл. ПЗБ). Верагодны роднаснае з укр. ле́ле ’выклічнік для выражэння жалю, страху або здзіўлення’, леле́кати ’галасіць, стагнаць’, лелі́типлакаць’, балг. ле́ле ’выклічнік для выражэння жалю, здзіўлення’, серб. ле̏ле ’тс’, харв. lelkati ’скардзіцца, стагнаць’, якія тлумачацца як утварэнні ад клічнай формы назоўніка ле́ля ’старэйшая жанчына, цётка, маці’. (ЭССЯ, 4, 103–105; ЕСУМ, 3, 216–217).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ўґала, ро́ўґало, раўга́ч ’плакса’ (Сцяц.), ро́ўгаць ’моцна плакаць’ (смарг., Сл. ПЗБ), якое Грынавяцкене супастаўляе з літ. raudóti ’тс’ (там жа, 4, 306). Можна згадзіцца з такім меркаваннем, дапускаючы мену літ. ‑d‑ > бел. ‑ґ‑ пад уздзеяннем раґі ’пацёкі на вокнах’. Лаўчутэ (Балтизмы, 129) у якасці балтыйскага адпаведніка падае літ. raudãlius ’плакса’, тлумачачы мену ‑d‑ > ‑g‑ у балт. мовах як заканамерную.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ке́пска,

1. Прысл. да кепскі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, дрэннае самаадчуванне. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, — Кепска цяпер! Багдановіч. // Пра нястачу, недахоп чаго‑н. — Як вы з дры[ва]мі, дзядзька Малах? — Малах ажыўляецца: — Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся. Зарэцкі.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі душэўны або фізічны стан. Дзяўчынаньцы кепска стала — стала плакаць ды ўздыхаць. З нар.

•••

Кепска кончыць гл. кончыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́зам, прысл.

Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.

•••

Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́цца, уймуся, уймешся, уймецца; уймёмся, уймяцеся; пр. уняўся, унялася, ‑лося; заг. уйміся; зак.

Разм.

1. Перастаць хвалявацца, плакаць, крычаць і пад.; суняцца, супакоіцца. Жаночы лямант крыху быў уняўся, але шчуплая смуглявая жанчына, матляючы ў паветры кулакамі, насядала на Юстына. Стаховіч. Лена апусцілася на мяккую капу, горка заплакала. Тлум адразу ўняўся. Ваданосаў.

2. Стаць больш слабым па сіле праяўлення; спыніцца, супакоіцца. Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся. Быкаў. Бяскрайняя снежная роўнядзь! Завіруха ўнялася. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хны́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Жаласна плакаць, утвараючы адрывістыя насавыя гукі. Леначка крывіла губкі, хныкала, але зноў цэлілася на калені. Дуброўскі. Аднаму хлапчуку, які адарваў адзінае вуха ў плюшавага мядзведзя, [Яўсейчык] паспеў ужо даць кухталя, і малы паціху хныкаў у кутку. Даніленка.

2. перан. Скардзіцца на што‑н.; наракаць. Уладзік, даведаўшыся, што без яго вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць: — Усё мне ды мне пасвіць... С. Александровіч. [Чыжык:] — Вось што, Лёнька! Ты вельмі не хныкай. Як-небудзь пражывеш. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бэ́каць ’чытаць па складах’ (Сцяц., Шат.) (аб авечках; Янк. II, ДАБМ, 894), бэ́чыць (аб казе, баране; Бесар.); ’плакаць, капрызіць’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.). Рус. бе́кать, укр. бе́кати, польск. bekać, beczeć, чэш. bekati, bečeti, серб.-харв. бе́чати ’бэкаць’. Ад гукапераймальнага выклічніка бэ (рус. бе, укр. бе; таксама і ў іншых мовах: лат. bę̃, грэч. βῆ, ням. bäh і г. д.). Бернекер, 48; Слаўскі, 1, 29; Фасмер, 1, 146.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ўкаць ’мяўкаць’ (Касп., Сцяшк. МГ), ’падаваць голас пра чалавека)’. Гл. Лаўчутэ, Сл., 113. Запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. kaũkti ’крычаць дзікім голасам, выць, плакаць’, лат. kaukt ’выць, крычаць’. Слова па сваёй прыродзе гукапераймальнага характару, але Лаўчутэ, там жа, мяркуе, што з лінгвагеаграфічных меркаванняў трэба прыняць уплыў балтыйскіх моў на беларускую. Параўн. таксама Сл. паўн.-зах., 2, 439–440. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 9, 166–167.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)