ша́бер, ‑а, м.

Спец. Рэжучы інструмент, які служыць для прыгонкі паверхняў металічных вырабаў, для выраўноўвання, ачысткі паверхні металу і для выскрабання рысункаў у літаграфскай і гравіравальнай справе. У руках жа ў Зябко сілы ставала: падхопіць, здаралася, рашпіль ці шабер — кіпіць работа. Мыслівец.

[Ням. Schaber.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зубі́ла, ‑а, ж.

Ручны інструмент, род долата для апрацоўкі металу і каменю. Адзін рабочы прыстаўляў да прэнта зубіла, другі біў зверху молатам. Чорны. Часта люлькаю пыхкаў, злаваўся і грукаў Малатком па зубілу — разносіўся звон. Высякалі яго працавітыя рукі На каменні слупкі невядомых імён. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дот, ‑а, М доце, м.

Збудаванне з каменю і жалезабетону для вядзення агню і ўкрыцця ад куль і асколкаў. Амбразуры дотаў, вокны ўмацаваных будынкаў выкідвалі шквал агню і металу. «Звязда». — Доты ставяць усюды, амбразуры ў дотах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разнаро́дны, ‑ая, ‑ае.

З неаднолькавымі, рознымі прыкметамі, уласцівасцямі. Тавар быў разнародны: камплекты абмундзіравання, бялізна, сукно,.. скуры, медыкаменты. Самуйлёнак. Сабраны натоўп байцоў быў разнародны па складу і выгляду. Машара. Кухонная соль утвараецца пры хімічным узаемадзеянні двух абсалютна разнародных рэчываў — металу натрыю і газу хлору. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

така́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з механічнай апрацоўкай металу, дрэва і іншых матэрыялаў пры дапамозе абточвання. Калі вы знаёмы з такарнай справай, то можаце вельмі добрую ручку вытачыць з дрэва. Матрунёнак. Мірна гутарачы, яны [Забаўскі і Змітрок] вярнуліся ў такарны цэх. Ваданосаў. // Прызначаны для такой апрацоўкі матэрыялаў. Такарны станок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца чаканкай, майстар чаканні (у 1 знач.). Шаўцы, гарбары, краўцы, шапачнікі, ювеліры, чаканшчыкі металу тут і працуюць, і прадаюць свае вырабы, і прымаюць заказы. В. Вольскі. Джайпурскія рамеснікі славяцца як адны з самых выдатных у Індыі чаканшчыкаў па бронзе. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шліф, ‑а, м.

1. У геалогіі — тонкая адшліфаваная празрыстая пласцінка мінералу ці горнай пароды, якая служыць для мікраскапічнага даследавання. Шліфы акамянелай драўніны. □ Невялікі шліф пароды пад мікраскопам нагадвае стракатую мазаіку з малюсенькіх крышталікаў. «Маладосць».

2. У тэхніцы — узор металу ці металічнага сплаву для макра- або мікраскапічнага даследаванняў.

[Ням. Schliff.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́дла, ‑а, н.

Жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу. Каля горна кавадла. На зямлі ля кавадла невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі. Галавач. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла. Курто.

•••

Паміж молатам і кавадлам гл. молат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́расны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скорасці, звязаны са скорасцю (у 1, 5 знач.). Скорасная адзінка. Скорасны рэжым палёту. // Які рэгулюе скорасць чаго‑н. Скорасны рэгулятар. // Які рухаецца з вялікай скорасцю. Скорасны аўтобус.

2. Звязаны з высокімі тэмпамі работы на аснове рацыяналізацыі вытворчага працэсу. Скораснае будаўніцтва. Скораснае рэзанне металу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́бік, ‑а, м.

Мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі. клею, пасты і пад., змесціва якой дастаецца выцісканнем. Цюбік клею. Цюбік крэму. Цюбік мазі. // Пра што‑н., упакаванае ў выглядзе трубачкі. [Гукан] пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот. Шамякін.

[Ад фр. tube — трубачка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)