Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ёрзаць, ёрзацца ’неспакойна сядзець, круціцца’ (БРС, ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Бяльк., ТС), ёрза ’непаседлівы чалавек’ (Мат. АС, З нар. сл.). Рус. ёрзать ’неспакойна сядзець, круціцца, мітусіцца, церціся аб штосьці, дамагацца’, ёрза ’непаседа, дураслівец, свавольнік, гарэза’, ёрзун ’які любіць заляцацца да жанчын, распуснік’, ёрзунья ’распусніца’. Гэта беларуска-рускае слова, магчыма, балтыйскага паходжання. Параўн. літ. er̃žilas, ar̃žilas ’жарабец’, eržùs, aržùs ’прагны, пахатлівы’. У якасці непасрэднай крыніцы ў такім выпадку была б заходнебалтыйская форма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інвалі́д. Першакрыніца: лац. invalidus ’бяссільны, нядужы’. Для беларускай пасрэднікам магла быць руская (Крукоўскі, Уплыў, 72) ці польская мова. У рускай инвалид у першай палавіне XVIII ст. з франц. invalide (Шанскі, 2, I, 66; Фасмер, 2, 130; Біржакова, Очерки, 363). На карысць польскай крыніцы ст.-бел. инвалидовати ’адмяняць’ (1637 г.) < ст.-польск. inwalidować < с.-лац. invalidare (Булыка, Лекс. запазыч., 30). У польскай была вядома форма inwalid без ‑a на канцы слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трамбава́ць ’шчыльна ўкладваць, закладваць, прыціскаючы, і выраўноўваць паверхню рыхлай масы’ (ТСБМ, Шат.; пух., Сл. ПЗБ), трэмбова́ті ’збіваць гліну’ (пруж., ЖНС). Са старога польск. trambować ’тс’, якое з нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, с.-н.-ням. trampen ’тупаць нагамі’, англ. tramp ’цяжка ступаць, тупаць’ (КЭСРЯ, 449). Рус. трамбова́ть таксама запазычана з польскай мовы ў XIX ст. — насуперак Фасмеру (4, 93), які рускую лексему выводзіць непасрэдна з нямецкай крыніцы. Паводле ЕСУМ (5, 618), з’яўляецца гукапераймальным утварэннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лу́міна ’невялікая пожня, залітая вадой’, ’сажалка’ (полац., Нар. лекс.), ’нізіна’, ’яма, паглыбленне на дне рэчкі, возера’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’лужына, упадзіна, яма’, ’нізіна з адным відам расліннасці’ (Касп.), лу́мка ’паглыбленне ў зямлі’, ’палонка’ (чашн., Касп.; шум., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. lomà ’даліна, яр’, ’лагчына’, ’яма’, а таксама lóbas ’тс’, ’склон’, ’лужа’, ’рэчышча’. Менш верагодна Фасмер (2, 533), які для рус. лу́мка ’ямка, пелька’ дапускаў у якасці крыніцы запазычання ням. Luhme ’палонка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жэст ’рух рукі, галавы і г. д.’ Рус., жест, польск. gest. Ст.-бел. жестъ з пачатку XVII ст. (Булыка, Запазыч.). Паколькі рус. жест у 20–30‑я гады XVIII ст. (Біржакова, Очерки, 361), трэба лічыцца з самастойным шляхам запазычання з франц. geste < лац. gestus (з XV ст., Блох-Вартбург, 289), дзе ад gerō ’несці’ (Эрну-Мейе, 273; Вальдэ-Гофман, 1, 595). Калі не з франц., то, можа, з іншай раманскай крыніцы, дзе g > ž.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Капшчы́зна, капшчы́на ’грашовы пабор з тых асоб, якія сыцілі мёд, варылі піва, рабілі гарэлку, трымалі корчмы’ (Гарб., Бел. арх., АВАК). Цытата з апошняй крыніцы, магчыма, сведчыць аб унутранай форме слова: «Капщизна одинакова по всему великому князьству Литовскому маеть быти брана, то есть: отъ меду копа грошей, от пива копа грошей… (XIV, 19, 1555) (гл. Гілевіч, Вопросы лит. и языка, 1968, 161). Тады капшчызна, капшчына ад капа (гл.). Гл. таксама сінанімічнае чопавае (Булахаў, Працы VIII, 119).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіць — спасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Міжня́к ’помесь цецерука з глушцом’ (карм., Мат. Гом.). Відавочна, да мяжа́, рус. перм. межник ’тс’. Параўн. укр. межений ’сярэдні’. Менш верагодны перанос назвы з прасл. mьskъ, mьzgъ: рус., укр. меск ’мул’, ст.-рус. москъ, мъскъ, мъскъ, серб. ст.-слав. мьзгъ, серб.-харв. ма̀згов, мазг, мазак, кайк. mezg, славен. mezȅg, mȅzg ’мул’, чэш. mezek ’лашак’, рум. muşcoiu, алб. mushk, — усе з ілірыйск. крыніцы (Маёр, 293; Міклашыч, 210; Скок, 2, 490; іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 697; Бязлай, 2, 182).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мірон 1, міронка ’вусач, Barbus, barbus L.’ (бас. Дняпра, Жук.; Дэмб. 2; ТСБМ), рус. мирон, мерён, мерёна ’вусач, Cyprinus barbus’, пск. ’ялец, Squalius leuciscus L.’ наўг., пск. ’галавень, Squalius cephalus L.’ Не зусім ’ясна. Міклашыч (202), Мацэнаўэр (LF, 10, 325), Фасмер (Этюды, 130) у якасці крыніцы прыводзяць ст.-грэч. μύραινα ’марскі вугор’, што больш адпавядала б ст.-рус. мѣрена ’пячкур’, ’вусач’ (XVI ст.) і морона (XIV ст.). Непераканаўча Праабражэнскі (1, 538), які выводзіць назву рыбы з імя Антон.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)