перашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Перарабіць пашытае, гатовае, пашыць іначай, другім фасонам. Перашыць плацце. // Пашыць з пашытага што‑н. другое. Перашыць шынель на паліто. □ [Дзед:] — А хіба ж пасля тваёй маткі нічога такі не асталося — ні палатна, ні гатовай якой адзежыны? То няхай бы табе перашылі. Сабаленка.
2. Прышыць што‑н. нанава, іначай або ў другім месцы. Перашыць гузікі. □ Майстар.. доўга ўглядаўся на маю падкладку, круціў яе ў руках, калупаў пальцамі, нарэшце надзьмуўся і сказаў: — Перашыць. Якімовіч.
3. Спец. Пераслаць чыгуначную каляю. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шурупамі, якія трэба было завінчваць ключом. Навуменка.
4. Разм. Пашыць на працягу якога‑н. часу вялікую колькасць чаго‑н. Колькі ён людзям адзежы і абутку перашыў!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцягну́цца, сцягнуся, сцягнешся, сцягнецца; зак.
1. Туга зацягнуць сябе чым‑н. Сцягнуцца поясам.
2. Злучыцца, самкнуцца канцамі, краямі. Кальцо войскаў сцягнулася наўкол горада.
3. Сабрацца, сканцэнтравацца ў адным месцы (пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.). Войскі сцягнуліся да пераправы.
4. Разм. Спусціцца, перамясціцца марудна, з цяжкасцю. Так цёпла цэлы дзень было, Што дзед — і той сцягнуўся з печы. Багдановіч.
5. Разм. Пайсці куды‑н., сысці адкуль‑н. Сцягнуўся недзе на цэлы дзень.
6. З цяжкасцю быць знятым (пра што‑н. з адзення, абутку). Бот нарэшце сцягнуўся.
7. Разм. Прайсці марудна; здоўжыцца (пра час, дарогу). Сцягнулася дарога ў тры кіламетры — такім гарэў нецярпеннем, хоць усведамляў, што .. [Антанюк і Будыкаў] могуць сапсаваць адзін аднаму настрой. Шамякін. У чаканні трывожным сцягнулася кароткая летняя ноч. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жа́бка 1 памянш. да жа́ба 1–4 (гл.).
Жа́бка 2 ’падкоўка на абутку’ (зэльв., Жыв. сл., 141). Улічваючы геаграфію, магчыма, з польск. żabka ’тс’. У слав. мовах, у тым ліку польск. żabka, укр. жа́бка, серб.-харв. жабица ’стрэлка ў капыце, нарасць на назе каня’, балг. дыял. жаба ’мускул на назе’. Аналагічны перанос у іншых мовах (англ. frog ’жаба’ — ’стрэлка ў капыце’, грэч. βάτραχος ’жаба’ — ’частка капыта’, якуцк. баӷа ’жаба’ — ’стрэлка пад капытом’; Пякарскі), таму апошняе да жа́ба 1, а адсюль па падобнасці перанос на ’падкоўку’.
Жа́бка 3 ’гатунак школьнага пяра’ (ТСБМ). Ад жа́ба 1 па знешняму выгляду.
Жа́бка 4 ’каменьчык, які кідаецца на водную паверхню, а ён падскоквае’ (КЭС). Рус., укр. жабка, польск. żabka, чэш. žabka, серб.-харв. жа̏бице, славен. žábica ’тс’. Відаць, паводле жабячых (да жа́ба 1) падскокаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́везці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак., каго-што.
1. Забраць адкуль‑н. і прывезці. Вывезці бярвенне з лесу. □ Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак. // Выкаціць, выцягнуць адкуль‑н. (калёсы, воз, вагоны і пад.). Вывезці воз на дарогу. □ Макар неяк спалохана сцяўся і доўга маўчаў, аж пакуль паравоз не вывез вагонаў у поле. Асіпенка.
2. Адправіць, перавезці куды‑н. На нейкі час мяне з-пад фронту вывезлі аж у Ліпецк. Таўлай.
3. Прадаць тавар у іншую краіну; экспартаваць. Вывезці партыю абутку.
4. перан. Разм. Дапамагчы выбрацца з цяжкага становішча; выручыць. Вывез шчаслівы выпадак. □ Раней.. [Турбіну] ніколі не пакідала надзея, што жыццё вывезе. Навуменка.
•••
Вывезці на сабе (на сваіх плячах, спіне) — вынесці на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. працы, справы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы’ (Янк. Мат., Інстр. I, Сцяшк. МГ), ба́хілкі ’скураныя лапці’ (Гарэц.), бахлы́ ’вялікія галёшы’ (віц., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.), ба́хілы, ба́хілкі (Нас.). Параўн. яшчэ форму басі́лы (паралельна з бахі́лы) ’бахілы’ (Жд.); палес. бахы́лы ’вялікія гумавыя галёшы для валёнак’ (Лысенка, ССП). Гл. яшчэ Сакал. (бахі́лы, баху́лі). Рус. (з XVII ст.) бахилы ’від абутку’ (шмат форм, гл. Даль; Вахрас, Наим. об., 63–66), укр. бахи́ли ’скураныя штаны’, бахли ’глыбокія самаробныягалёшы на валёнкі’. Не вельмі яснае слова. Агляд старых этымалогій Фасмер, 1, 136; Вахрас, Наим. об., 63–66. Вахрас, там жа, прапануе звязваць з цюрк. baɣ‑ ’звязваць’, baɣly ’звязаны’ (гэту этымалогію падтрымлівае Мюлер, ZfSl, 9 (1), 1964, 157; сумняваюцца Лапацін–Улуханаў, ИАН ОЛЯ XX (2), 172; Шанскі, 1, Б, 60). Шанскі (там жа, 59–60) прымае тлумачэнне Праабражэнскага (вытворнае ад ба́хать, бу́хать), а бел. словы лічыць запазычаннем з рус. мовы. Гл. басі́лы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ска́ба, ‑ы, ж.
Абл. Рабрына. Паламаны скабы і крануты лёгкія... З парванымі лёгкімі многа не нахліпаеш... Пташнікаў. / Пра вельмі худую жывёлу. Пасля таго як тут прайшоў фронт, .. [каня].. — адны скабы — калгаснікі падабралі на дарозе. Сабаленка.
скаба́, ‑ы́; мн. ско́бы, ‑аў; ж.
1. Сагнутая паўкругам металічная паласа, якая ўбіта ў што‑н. і служыць для прымацавання чаго‑н., трымання, апоры пры пад’ёме і пад. Спускавая скаба. □ Ціхон сам зрабіў з тоўстага дроту скабу і забіў яе ў шула. Пальчэўскі. Падышоў да краю пляцоўкі, намацаў скобы на вагоннай сцяне і, як па лесвіцы, палез на дах. Карпаў. // Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот, што служаць для сашчаплення якіх‑н. частак. Сашчапленне бярвення скобамі.
2. Разм. Тонкая падковападобная металічная пласцінка, якая набіваецца на абцасы абутку; падкоўка.
•••
Вымяральная скаба — падковападобны інструмент для кантролю размераў дэталей машын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Нагаві́цы ’штаны’ (ТСБМ, жлоб., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; слуц., ганц., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’рукавіцы’ (докш., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. ногавиці ’штаны суконныя’, ногавиця ’калашына’, рус. нога́вицы, ногави́цы ’шкарпэткі, гамашы’, ногави́цы ’частка адзення ці абутку, якая прыкрывае калені і галёнкі’, ’рукавіцы без пальцаў, каб рваць каноплі ці лён’, польск. nogawicy ’штаны’, ’панчохі, шкарпэткі’, nogawica ’калашына’, чэш., славац. nohavice ’калашына’, ’штаны’, в.-луж. nohajcy ’панчохі’, н.-луж. nogawica ’штаны’, славен. nogavica ’панчоха, шкарпэтка’, серб.-харв. но̀гавица ’калашына’, балг. нога́вици ’абмоткі з казінай шкуры, якія надзяваюцца пастухамі для аховы ног ад калючак’, макед. ногавица ’калашына’. Прасл. *nogavica, вытворнае ад noga, паводле Махэка, па ўзору rǫkavica (< rǫkavъ), паколькі адсутнічае прыметнік *nogavъ (Махэк₂, 401); развіццё семантыкі ад першапачатковага ’тое, што надзяваецца на нагу’ да ’штаны’; спецыфічнае для ўсходнеславянскіх гаворак значэнне ’рукавіца’, відаць, вынік пераносу назвы па функцыі (’тое, што служыць для аховы канечнасцей’) — ці не перажытак старога сінкрэтызму назваў, што абазначалі адначасова і верхнія і ніжнія канечнасці, параўн. лат. nagas ’рукі і ногі’ і інш.? Гл. таксама ганаві́цы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
І́рха ’вузенькая палоска скуры або аўчыны, якая закладваецца ў шво кажуха, рукавіцы і інш.’, ’тасёмка або вузкая палоска аўчыны, якой абшываюць край адзення або абутку для ўпрыгожання; аблямоўка’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Янк. I; брэсц., Янк. Мат., 124; Сл. паўн.-зах., Мядзв., Грыг.), ірха́ (Мат. Гродз.), ірша́ (Касп.), іршы́ць ’закладваць у шво ірху; аблямоўваць, абшываць край чаго-н. ірхой’ (ТСБМ, Нас.). Ст.-бел. ирха, ерха ’двухбаковая замша’ (1582 г.) запазычана са ст.-польск. ircha, jercha (Булыка, Лекс. запазыч., 106). З польск. таксама рус. дыял. и́рха, и́рга ’вырабленая скура’, ’аблямоўка футрам’, укр. дыял. ирха ’вырабленая скура’. Польск. ircha ’гатунак замшы, мякка вырабленая скура’, в.-луж. jěrcha, чэш. jircha, славац. ircha ’тс’, славен. írh, irha ’гатунак скуры’, irhovȋna ’замша, аленевая скура’, серб.-харв. ѝра ’вырабленая авечая скура’ ўзыходзяць да с.-в.-ням. irch, erch, ст.-в.-ням. irach ’белая дубленая скура’ ад лац. hircus ’казёл’. Гл. Праабражэнскі, 1, 273–274; Фасмер, 2, 139; Брукнер, 193; Слаўскі, 1, 465; Махэк₂, 227; Скок, 1, 728; Безлай, 1, 212.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)