падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.

2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.

3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.

4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перане́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. перанёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. перанясіся; зак.

1. Хутка перамясціцца куды‑н. Агонь перанёсся ў лес, патрэсквала сухое сучча, чырвоныя істужкі пераскоквалі з дрэва на дрэва, пакідаючы рыжавата-чорныя плямы. Гурскі. Нібы птушка, адарваўся [алень] ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крыл[ах]. В. Вольскі. // Распаўсюдзіцца на што‑н. другое, перамясціцца ў іншае асяроддзе. Пачалося ўпартае змаганне за сцэну. Змаганне перанеслася ў школу, дзе сярод вучняў было многа гурткоўцаў. Галавач.

2. перан. Перанесці сябе ў думках, уяўленнях у іншае месца, іншае асяроддзе і пад. Перанесціся ў мінулае. □ [Маша] перанеслася ў думках на палі сваёй брыгады, пераходзіла з ўчастка па ўчастак, любавалася маладою рунню. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зніца 1, ‑ы, ж.

1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.

2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.

•••

Якая розніца? — ці не ўсё роўна?

ро́зніца 2, ‑ы, ж.

Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.

2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.

3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.

2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́мкі, ‑ая, ‑ае.

1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.

2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сугу́чча, ‑а, н.

1. Адначасовае спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні.

2. Спец. Паўтарэнне ў вершы падобных галосных гукаў, а таксама падобнае гучанне канцоў радкоў у ім; рыфма. Для фіксацыі .. [карціны] трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі. Лужанін. Вядома, само па сабе абнаўленне рыфмы за кошт шырокага ўжывання прыблізных сугуччаў узбагачала фармальныя, выяўленчыя магчымасці верша. Бугаёў.

3. Унутраная адпаведнасці адзінства. У .. старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духу жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя. І ў гэтай рысе мы зноў сустракаемся з сугуччам талентаў аўтара і перакладчыка. Бярозкін. / Пра колеры, фарбы. Што ж датычыць каляровага сугучча, то гэтае пачуццё моцна развіта ва ўсіх паляшучак. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супы́нак, ‑нку, м.

1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.

2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.

•••

Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.

1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.

2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.

•••

Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.

Трымаць высока сцяг гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)